Выбрать главу

Даніла (кланяецца, адыходзіць і зноў вяртаецца). Княжа, любы, толькі адно слова: ці жывы мой сын?!

Усяслаў. Жывы, слава Перуну і Хрысту таксама…

Сцэна зацямняецца. Асвятляецца толькі Усяслаў.

Што рабіць? На якіх багоў спадзявацца? У каго парады прасіць?

З’яўляецца прывід Рагвалода.

Рагвалод. Назад азірніся, там адказ на твае пакуты. Мне верыць можна. Я — Рагвалод, прапрадзед твой. А меч мой сёння ў тваіх руках.

З’яўляецца прывід Рагнеды.

Рагнеда. Нельга ўсё жыццё глядзець толькі назад.

Рагвалод. Нічога добрага не бачу наперадзе. Злачынствы паўтараюцца, бо ворагі нашы не становяцца лепшымі. А Рагвалодавічы Рурыкавічам бы костка ў горле — ні праглынуць, ні выплюнуць.

Рагнеда. Усявышні міласэрны — верне ж некалі сумленне і страх грэшным рабам сваім — будзь ён князь, будзь ён смерд.

З’яўляецца прывід Вешчуна.

Вяшчун. Князі-хрысціяне не баяцца свайго Бога. Сябе ўяўляюць багамі на зямлі і смерць табе рыхтуюць лютую.

Усяслаў. Яны мне крыж чэсны пацалуюць…

Вяшчун. Сумленне княскае чорнае, а клятвы лжывыя. Здрада, падступніцтва, аблуднасць і хлусня іх бог. Падумай, ці памілуюць пры сустрэчы. (Пасля паўзы сам сабе.) Крыж пацалуюць… Прыгожа вера хрысціянская, ды лжывы вернікі Хрыстовы.

Рагнеда. Ты, Вяшчун, каб і хацеў, то не скажаш добрага ні пра веру новую, ні пра яе прыхільнікаў. Іншыя ў цябе клопаты…

Вяшчун. Адзін у мяне клопат, — каб ацалеў род Рагвалодаў, каб жыла зямля Крыўская вольнай і непадлеглай дзяржаве Рурыкавічаў.

Рагнеда. Хіба я іншага хацела, калі везла з Кіева ў Полацк малалетняга князя Ізяслава? I хіба не ён быў першым, хто падняў меч Рагвалода супраць забойцы свайго дзеда? Хіба не з ім збудавалі горад Ізяслаў і манастыр у ім?

Вяшчун. Розныя ў нас святыні, прападобная Анастасія. Розныя і парады князю…

Рагнеда. Будзь справядлівым, Вяшчун, — ні князь Ізяслаў, ні я не бурылі вашых святыняў. I я мяркую, што летапісец меў рацыю, калі заносіў у пісьмёны высокія словы пра князя-хрысціяніна: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив».

Усяслаў. Даруйце, шаноўныя прашчуры, але я, відаць, не ў дзеда Ізяслава ўдаўся…

З’яўляецца прывід Iзяслава.

Iзяслаў. Няхай цябе, князь Усяслаў, гэта не засмучае. У кожнага свае подзвігі… Так, я быў міласнікам кнігі. Пры мне ўзышло і расквітнела зерне слова пісанага. Але не варта ўяўляць мяне святым, які нібы толькі і рабіў, што ўкленчваў перад абразамі. Я будаваў, яднаў і мацаваў Полаччыну. I паміраў у свае дваццаць шэсць гадоў, шчаслівы тым, што не акрывавіў меч Рагвалода… (Паўза.) А можа, і не паспеў зрабіць гэтага…

З’яўляецца прывід Брачыслава.

Брачыслаў. Не магу гэтым пахваліцца, бо з мячом прадзеда не разлучаўся з маленства да смерці. І заслуга ў тым майго слаўнага ваяводы, які вучыў трымацца ў баявым сядле, валодаць зброяй. Не асядлай я каня ў дзяцінстве, не прывучы рукі да шчыта і мяча ў юнацтве, высек бы Рагвалодавічаў Яраслаў Уладзіміравіч, як гэта некалі зрабіў сам Уладзімір Краснае Сонейка… I я ваяваў Пскоў і Ноўгарад, ірваўся ўверх па Рубону, каб сесці на шляху «з Варагаў у Грэкі»; хадзіў з дружынаю ў зямлю Дрыгавіцкую, дзе пакінуў свае карані брат Рагвалода князь Тур; адваяваў Ршу і Копысь і асядлаў Дняпро. Пакарыстаўся міжусобіцаю Яраслава з братамі, адбіў у яго ахвоту без дай прычыны хадзіць на Крывію. А калі найміт мой, вараг Эймунд, умудрыўся выкрасці любую жонку Яраслава Інгігерд, ён і зусім прысмірэў. Я ж за тую Інгігерд вярнуў свае Віцебск і Усвяты. Моц і росквіт княства Полацкага, хітрасць мая і напорыстасць настолькі ўлагодзілі кіеўскага мудраца, што ён сам папрасіў: «Буди же со мною заедин…»

Усяслаў (з іроніяй). I «воеваша Брячислав заедин с Ярославом все дни живота своего…».

Брачыслаў. Я не толькі «воеваша заедин», я з ім «заедин» тры гады на залатым Кіеўскім пасадзе сядзеў.

Усяслаў. Сядзець на тым пасадзе ды яшчэ ўдвох з Ізяславам я не збіраюся.

Брачыслаў. Не адракайся, сын, красці, бяда давядзе…

Усяслаў. Ты, бацька, самога сябе перахітрыў, за што цябе Яраслаў і турнуў з таго пасада на ганьбу Полацку…