Брачыслаў. На ўсякі выпадак я там добрую хароміну збудаваў. Так і завецца: двор Брачыслава. Калі надарыцца быць у стольным, ёсць дзе пераначаваць…
Усяслаў. Я не іду напрошвацца да Яраславічаў у госці. І ты мяне гэтаму, здаецца, не вучыў… Мір жа ад іх прыму, бо разумны шукае хаўруснікаў, а дурны — ворагаў.
Брачыслаў. Можна век вучыцца і дурнем памерці…
Усяслаў (злуецца). Бацька, ты мне раіш ці не раіш з імі сустракацца?!
Брачыслаў. Думай, сынок, сам. Думай!.. Слава і ганьба, а то і смерць побач ходзяць. Яраславічы на Нямізе бітву прайгралі, ты ж яе не выйграў…
Сцэна зацямняецца і зноў асвятляецца.
II
Усход сонца. Спеў птушак. На беразе Дняпра паходны княскі шацёр. Перад шатром на абрусе княскае снеданне. Амаль каля ўвахода ў шацёр з дарагім збаном у руках застыў у чаканні ігумен Феадосій, падставіўшы твар сонцу. З шатра выходзіць заспаны князь Iзяслаў, за ім Святаслаў і Усевалад. Дзівяцца на Феадосія, які іх не бачыць.
Iзяслаў. Рана ўстаеш, ойча!..
Феадосій (крыху разгублена). Будзь здароў, князь Ізяслаў! Будзь здароў, князь Святаслаў! Будзь здароў, князь Усевалад! (Ставіць збан на зямлю, хрысціць князёў.) У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. (Чытае малітву нараспеў, князі падтрымліваюць ігумена.) «К Тебе, Владыко Человеколюбче, от сна восстав, прибегаю, и на дела Твоя подвизаюся милосердием Твоим, и молюся Тебе: помози ми на всякое время, во всякой вещи, и избави мя от всякия мирския злыя вещи и диавольского поспешения и спаси мя, и введи в Царство Твое вечное. Ты бо еси мой Сотворитель и всякому благу Промысленник и Податель, о Тебе же все упование мое, и Тебе славу возсылаю, ныне и присно и во веки веков. Аминь».
Усе хрысцяцца. Феадосій бярэ збан і па чарзе лье ваду на рукі князям. Яны абмываюць твары, падыходзяць да абруса са снеданнем.
(Чытае малітву.) «Очи всех на Тя, Господи, уповают, и Ты даеши им пищу во благовремении, отверзаеши Ты щедрую руку Твою и исполняеши всякое животное благоволения». (Хрысціць ежу.)
Нечакана з’яўляецца ваявода Даніла.
Iзяслаў (здзіўлена). Ваявода Даніла?!
Даніла. Князь Усяслаў з княжычамі Рагвалодам-Барысам і Глебам з мірам да вас…
Феадосій. Слава табе, Божа! (Хрысціцца.)
Святаслаў (нецярпліва). Дзе ж яны?!
Даніла. У ладдзі на тым беразе.
Iзяслаў. Мы чакаем яго на гэтым беразе. Ідзі і скажы: цалавалі князі крыж чэсны Усяславу.
Святаслаў. Няхай не баіцца, не зробім яму злога.
Даніла. Князь Усяслаў хоча, каб вы пры мне яму крыж пацалавалі…
Усевалад. Ці не занадта патрабавальны твой князь.
Даніла. У меру патрабавальны, бо ў баязлівасці яго не абвінаваціш…
Iзяслаў (пасля доўгай паўзы). Ігумен Феадосій, памолімся на святое крыжацалаванне слаўнаму князю полацкаму Усяславу Брачыславічу!
Феадосій (разам з князямі). «Ангел Божий, хранителю мой святый, на соблюдение души мне от Бога с небеси данный, прилежно молю Тя: Ты мя днесь просвети и от всякого зла сохрани, ко благому деянию настави и на путь спасения направи. Аминь».
Следам за Ізяславам крыж цалуюць Святаслаў і Усевалад. Разам з Феадосіем прамаўляюць словы малітвы-клятвы.
«Кресту Твойму поклоняемся, Владыко, и Святое Воскрешение Твое славим!..»
Усе хрысцяцца.
Даніла. Перад крыжацалаваннем пры князю маім Усяславе памолімся, як перад прычашчэннем…
Святаслаў (з пагрозаю). Ваявода, не губляй меры!
Iзяслаў (спакойна). Памолімся. Усё зробім, як князь Усяслаў жадае. Скажы, што стол святочны ў гонар пляменніка нашага накрыты ўжо.
Даніла. Скажу. (Кланяецца і знікае.)
Iзяслаў. Ойча Феадосій, зробіш усё так, як князь Усяслаў хоча.
Феадосій кланяецца і знікае.
Святаслаў. На Нямізе яго трэба было браць хоць жывым, хоць мёртвым…
Iзяслаў. Змей ён і, відаць, сапраўды бессмяротны.
Святаслаў. Калі здавалася — канец гаду, ён паклаў сямёра маіх лепшых вояў, змеем выкруціўся і ўцёк.
Усевалад. Стрэлы нібы абміналі ваўкалака. На свае вочы бачыў.