Выбрать главу

Iзяслаў. Змей ён і ёсць змей… Гэты ж Даніла быліну мне неяк расказаў. Палачаны нібыта спяваюць яе і на паганскіх капішчах, і ў цэрквах хрысціянскіх. (Цытуе.)

Па садзе, садзе зялёным, Хадзіла-гуляла маладая княгіня Марфа Усяслаўна. Яна з каменя скочыла на лютага змея; Абвіваецца люты змей Вакол чобата з зелен саф’яну, Вакол панчошкі шаўковай, Хобатам б’е па белым клубе. А ў тую пару княгіня понас панесла, А понас панесла і дзіця нарадзіла. А і на небе ўзышоў светлы месяц, А ў [Полацку] нарадзіўся волат магутны, Як бы малады Волх Усяславіч. Падрыжала сырая зямля. Здрыганулася слаўнае царства Індзейскае, Нават сіняе мора ўскалыхнулася Дзеля нараджэння волата Маладога Волха Усяславіча; Рыбы пайшлі ў марскую глыбіню, Птушкі паляцелі высока ў нябёсы, Туры ды алені за горы падаліся, Зайцы, лісіцы — у гушчары, А ваўкі, мядзведзі — па ельніках, Сабалі і куніцы — па астравах.

Святаслаў. Байкі ўсё гэта на запалох баязліўцаў.

Усевалад. Што байкі, а што і не зусім… Кніжнік Антоній мне яшчэ ў Кіеве казаў (цытуе па памяці):

Аддавала яго маці грамаце вучыцца, А грамата Волху ў навуку пайшла; Пасадзіла яго ды пяром пісаць, Пісьмо яму ў навуку пайшло. А і будзе Волх дзесяці гадоў, Прывучаўся Волх ды прамудрасцям: А і першай мудрасці вучыўся — Абярнуцца ясным сокалам, Ды другой жа мудрасці вучыўся ён, Волх, — Абярнуцца шэрым воўкам, Ды трэцяй жа мудрасці вучыўся Волх — Абарочвацца гнядым турам — залатыя рогі. А і будзе Волх у дванаццаць гадоў…

Iзяслаў. Ці, можа, тое няпраўда, што (цытуе):

Стаў сабе Волх ён дружыну прыбіраць: Дружыну прыбіраў у тры гады; Ён набраў дружыну сабе сем тысяч; Сам ён, Волх, у пятнаццаць гадоў, I ўся дружына яго па пятнаццаць гадоў.

Усевалад. Вось яны і выраслі ў бойках пад Псковам, у Ноўгарадзе ды Навагародку. А на Нямізе паказалі нам, чаго вартыя.

Iзяслаў. Бо з маленства спасціг навуку і валадарскую і дружынную. Ці мо самі не бачылі, як ён з дружынаю паказаў сябе, калі мы на Торкаў хадзілі. Быў ён там і турам, і сокалам, і шэрым воўкам. I майце на ўвазе, што пастку ён чуе за сем вёрст…

Святаслаў (углядаецца ўдалячынь). Бадай што едзе!..

Да Святаслава падыходзяць Ізяслаў і Усевалад.

Усевалад. Трое ў ладдзі…

Iзяслаў (радасна). Далібог, так!.. I цікава мне будзе ведаць, чым палачаны скончаць сваю песню пра князя Усяслава Чарадзея…

Усевалад. Не спяшайся, бо мечаны ён. I крыж яго не возьме. Пад Перуновай знатамкай жыве Волх Усяслававіч. На галаве, кажуць, яна, на самай макушцы. А такіх ніякая трасца не бярэ! I меч, і дзіда адлятаюць, як ад каменнага.

Святаслаў. Без шлема ён перада мной на Нямізе вынырнуў. I ніякай знатамкі я на ім не бачыў. Аднаго кроку не хапіла, а то не абараніла б яго тая знатамка ад майго мяча.

Усевалад. Язвена на ім, таму і не хапіла кроку.

Iзяслаў. Якое яшчэ язвена?

Усевалад. У сарочцы гад нарадзіўся. Вешчуны яе высушылі, стаўклі, абярэг зрабілі і змею на шыю надзелі. Яны першымі і калыску яго люлялі, бо ад іх чарадзейства ваўкалака нарадзіўся. Таму і не літасцівы Чарадзей на кровапраліцце.

Святаслаў (нецярпліва). Едзе, нібы дражніцца…

Iзяслаў. Цяпер ужо даедзе, нідзе не дзенецца. I не язвенам ды знатамкай ён мне страшны, а тым, што народ яго чарадзеем лічыць, быліны складае.

Усевалад. Калі князь пярэварацень — быдла пра яго што хочаш складзе.

Святаслаў. Нам бы такое быдла, якое мае пад сваёй дзясніцаю князь Усяслаў, мо і не дажылі б да такой ганьбы, не стаялі б на беразе Дняпра, баючыся ступіць на зямлю Полацкую. (Здзекліва.) Чарадзей… Ваўкалака… Змей… (Зноў углядаецца ўдалячынь.) Спыніўся!.. Ладдзю па цячэнні пусціў… Нібы на рыбу выехаў!..

З’яўляецца Феадосій, разам з іншымі сочыць за Усяславам.

Усевалад (у працяг гаворкі). А чым не чарадзей? Да шляху «з Варагаў у Грэкі» прабіўся, Пскоў ды Ноўгарад перад ім у страху, Навагародак у Кіева адабраў, на Нямізе нас раскалашмаціў, а над Рубонам-ракою наўпроць тым жа вешчунам святую Сафію зладзіў не горшую за кіеўскую. Як гэта разумець?