Князі выходзяць, пераступаючы праз Феадосія. Святло паволі згасае.
Летапісец. «…И тако яша Всеслава на Рши у Смолиньска, преступивше крест. Изяслав же привед Всеслава Кыеву, всади и в поруб с двема сынома…»
III
Княская палата. На стале княскія стравы. Тут жа бочачка з медавухай, срэбныя кубкі і драўляная браціна. Уваходзяць Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад. Перш чым пачаць трапезу, усе разам прамаўляюць малітву:
Садзяцца за стол.
Iзяслаў (налівае або чэрпае віно брацінай; урачыста, але стрымана). Брат Святаслаў! Брат Усевалад! Адап’ём з велікакняскай браціны зелена віна і тым самым паклянёмся быць «заедин» як у думках, так і ва ўчынках сваіх.
Браціна ідзе па кругу.
Не рашыць мне аднаму, што рабіць з Чарадзеем паганым.
Святаслаў. Смерць ваўкалаку і шчанятам яго!.. (Закусвае.)
Паўза зацягваецца.
Iзяслаў. Тваё слова, князь Усевалад…
Усевалад (адпіўшы з кубка). Я не спяшаўся б. (Закусіўшы.) Калі прыкончыць князя з княжычамі, палачаны адпомсцяць, і неадкладна. Полацк можна перамагчы, але нельга заваяваць і падначаліць усю Крывію. Дзед наш Уладзімір Святаслававіч гэта разумеў і менавіта таму падараваў жыццё сыну Ізяславу, хоць той і падняў меч на бацьку.
Iзяслаў. Можа, гэта і была яго асноўная памылка…
Святаслаў. Тым мячом і трэба было знесці галаву не толькі сыну, але і маці яго Рагнедзе. Яе чэрава спарадзіла змея падкалоднага. Яе кроў і ў жылах пярэваратня Усяслава.
Усевалад. Дзед Уладзімір разлічваў мець на Полацкім стале патомнага Рурыкавіча…
Святаслаў. А займеў патомнага Рагвалодавіча. Ён і адрадзіў не толькі полацкую дынастыю, але і Полацкую дзяржаву.
Iзяслаў. Давайце выправім памылку дзеда. З вашай згоды мой меч знясе галовы Рагвалодавічам.
Святаслаў. I чым хутчэй, тым лепш!
Усевалад. Лепш, калі яны бясконца доўга будуць гінуць у порубе. А палачанам тым часам варта было б аб’явіць, калі (да Ізяслава) з твайго сына, а з нашага пляменніка князя полацкага Мечыслава ўпадзе хоць адзін волас, з князя Усяслава і яго сыноў зляцяць галовы.
Iзяслаў. А вось у гэтым ужо нешта ёсць…
Святаслаў. Не бачу нічога асаблівага, бо ў Чарадзея апроч нашых вязняў Рагвалода-Барыса і Глеба на волі засталося яшчэ чацвёра ці пяцёра сыноў.
Iзяслаў (незадаволена). Вы мяне толькі палохаеце замест таго, каб сказаць, што зрабілі б на маім месцы!
Святаслаў. Гэтых парашыў бы тут, а тых, што хаваюцца на Полаччыне, даручыў бы парашыць Мечыславу. Дынастыя Рагвалодавічаў павінна знікнуць з твару зямлі, калі мы не хочам, каб знікла дынастыя Рурыкавічаў.
Iзяслаў. Меч пры табе?
Святаслаў. Я без мяча не хаджу.
Iзяслаў. Тады ідзі і парашы хоць гэтых…
Усевалад. Дык ён жа яшчэ не на тваім месцы. (Рагоча.)
Iзяслаў (адчужана). У тым і справа, што вы больш думаеце аб маім месцы, чым аб маіх ворагах.
Усевалад. Крыўдзіш, брат.
Святаслаў. Абодвух крыўдзіш… і моцна.
Iзяслаў. Вас пакрыўдзіш… Па сабе ведаю, колькі б Яраславічаў ні было, кожны пра залаты Кіеўскі стол марыць. Сёння яваю — мая мара. (Паўза.) З Рагвалодавічамі сам разбяруся, а грэх свой з вамі падзялю. (Зусім іншым тонам, хоць і не без падвоху.) Піце, дарагія браты, закусвайце, чым бог паслаў, пачувайце сябе як дома і не забывайце, што ў гасцях… у вялікага князя кіеўскага.
Усевалад. Не лезе нешта ў глотку ні пітво, ні закусь. I на сэрцы кошкі шкрабуць. I на душы кісла.
Iзяслаў (наліваючы ў браціну віна). Ты вось гэта адзін за наша са Святаславам здароўе выпі — і нам прыемнае зробіш і сам павесялееш, а я яшчэ і музыкаў паклічу. Яны тваю кіслую душу і падсалодзяць.
Усевалад. Хіба што… (Паволі выпівае віно да дна.)
Iзяслаў хлопае ў далоні — з’яўляюцца музыкі. Гучыць вясёлая музыка. Князі п’юць, размаўляюць. З’яўляецца Феадосій і трапляе ў круг танцораў. Ён бянтэжыцца, а яны рагочуць. Ізяслаў спыняе скокі. Музыкі знікаюць.