Феадосій (са смуткам). Ці не так будзе на тым свеце, княжа?.. (З папрокам.) У палатах княскіх і па зямлі Рускай ігрышчы д’ябальскія. Топчуцца і гойсаюць людцы бы з глузду з’ехаўшы. Дудкі і бубны, гуслі і трубы, русаллі паганскія і хары маляваныя заглушаюць слова боскае, — а цэрквы пустыя стаяць. Ці не таму на зямлю грэшную — кары боскія, на дзяржаву няшчасную — набегі варожыя, рабункі дзікія і смерці лютыя…
Iзяслаў. Лепш памаліся, ойча, або памаўчы, а то бяду і накаркаць можна. З чым наведаўся, ойча?
Святаслаў (незадаволена). Бяседу княскую перапыніў…
Усевалад. Тым светам папалохаў…
Феадосій. Прачуў, што вы разам сабраліся. Усіх разам і прасіць наважыўся.
Iзяслаў (нервова). Зноў за сваё?!
Феадосій. За наша, княжа, за наша. Разам на Ршы награшылі, разам і адказ трымаць. А каб Гасподзь злітаваўся над грэшнымі, адпусціце на волю князя Усяслава з отракамі, не бярыце на душу новыя грахі. Не наклікайце на сябе бяду, а на дзяржаву ліха.
Iзяслаў (пагрозліва). Будзеш назаляць з гэтым ваўкалакам, самога некалі…
Феадосій. У поруб?!. Ну і дзякаваць Богу. Нішто мяне ўжо не радуе на гэтым свеце.
Iзяслаў. Ты душапрыказчык мой, ойча, але папрокі твае я не прымаю.
Феадосій. Пагрозы твае, княжа, мяне не палохаюць. Хіба мне баяцца, што пазбаўляюся шчасця ці багацця. У мяне іх ніколі не было. Адзінокімі і голымі нараджаемся ў гэтым свеце і адзінокімі пакідаем яго. Ці ты вялікі князь ці манах. Я гатовы прыняць смерць… Не за сябе страх, за вас, князі слаўныя, за дзяржаву Рускую баюся… Загубіце вы яе ў крэўных звадах. Ці ж не Усяслаў прынёс перамогу Яраславу Мудраму над торкамі і Кіеў уратаваў? I хто сёння сказаць можа, якія басурманы накінуцца на зямлю нашу заўтра? Дзе і ў каго дапамогу знойдзеце, як зямлю Полацкую адрынеце, а князя яе загубіце?
Доўгая паўза. Феадосій узнімае рукі ўгору, апускаецца на калені.
Госпадзі Божа наш праведны і міласэрны, чаму не могуць зразумець вялікія, што мне, смертнаму, зразумела?
Iзяслаў. Не гневайся, ойча.
Феадосій (у роспачы). А што можа гнеў мой супраць тваёй волі і ўлады? Таму і прашу. Таму і пераконваю цябе лагодаю і мілажальнасцю Хрыстовай. Умілажалься ж і ты, княжа!
Iзяслаў. Ведаеш, што люблю і паважаю. I ў палаты мае княскія табе дзверы заўсёды адчынены.
Феадосій (паднімаецца з каленяў). Дзверы адчынены, ды сэрца зачынена. Таму і шкадую, што не ў час пастукаўся…
Iзяслаў. Любы ойча, я праўду табе скажу: калі б паведамілі, што бацька мой уваскрос з памерлых, і то б не так узрадаваўся, як радуюся тваім прыходам. I не так я баяўся бацькі і засмучаўся перад ім, як перад тваёй чыстай душою.
Феадосій (крыху іранічна). Калі ўжо так баішся і засмучаешся перада мною, то…
Святаслаў (вельмі сурова). Мне здаецца, што ігумен занадта настойлівы перад вялікім князем?!
Усевалад. I час выбраў зусім не той…
Феадосій. Даруйце, што не ў час пераступіў парог ваш… як і вы, слаўныя князі, пераступілі чэснае крыжацалаванне.
Iзяслаў (надзіва пакорліва). Што ж цяпер ужо рабіць…
Феадосій. У малітвах патрэбна берагчы сябе ад спакус д’ябла. Абавязак мой — павучаць грэшных аб выратаванні душ сваіх перад судом Божым… Усё вам можна, ды не ўсё на карысць; усё вам можна, але нішто не павінна валодаць вамі.
З’яўляецца ваявода Каснячка.
Каснячка (да Ізяслава, стаўшы на калена і зняўшы шлем). Князь мой любы, ганец з Полацка прывёз горкую вестку…
У прадчуванні страшнай бяды ўстаюць з-за стала Яраславічы.
Палачаны атруцілі князя Мсціслава…
Князі ў здранцвенні.
Феадосій (хрысціцца і прамаўляе). Святы Божа, Святы Крэпкі, Святы Бессмяротны, памілуй нас. (Хрысціцца.)
Сцэна паволі зацямняецца.
Дзея другая
IV
Поруб — месца ўтрымання нявольнікаў. Драўляны зруб з магутных дубовых бярвенняў памерам паўтара на паўтара метра і вышынёй 170 сантыметраў. Без дзвярэй, дах з накату, нявялікае вузкае акенца, праз якое можна падаць ежу вязням. У порубе на саломе ў беднай і бруднай вопратцы размясціліся князь Усяслаў з Рагвалодам-Барысам і Глебам. Княжычы спяць, прымасціўшыся каля бацькі. Усяслаў сядзіць, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Малыя памеры поруба не дазваляюць яму ні легчы, ні стаць на поўны рост. З’яўляецца прывід князя полацкага Рагвалода.