Усяслаў (не глядзіць на Рагвалода). Ты мяне яшчэ памятаеш, князь Рагвалод?
Рагвалод. Гэта ты мяне ўспомніў, князе Усяслаў.
Усяслаў. Як не ўспомніць. Дзяды сёння…
Рагвалод. Вось я і прыйшоў… Іншыя не прыйдуць. Іншым — сорамна, бо падбілі цябе на дурное.
Усяслаў. Зла не трымаю, бо свой розум павінен быў мець… Дажыўся князь Усяслаў — нечым душу прапрадзеда прывітаць-пачаставаць.
Рагвалод. Прывітай-пачастуй успамінам, добрым словам, як прашчуры тое рабілі.
Усяслаў. Усё роўна не даруеш…
Рагвалод. Не аб сабе клапаціся, пра дзяржаву думай. Ты яе асіраціў-абезгаловіў. Сам, па сваёй дурноце паклаў галаву на плаху, і не толькі сваю…
Глеб нешта гаворыць праз сон.
Усяслаў. Што цяпер гаварыць. (Кладзе галаву Глеба сабе на калені, кранае лоб, слухае дыханне, непакоіцца.)
Рагвалод. Гаварыць сапраўды няма пра што. А памятаць варта было б. З Рурыкавічамі маеш справу. Перш чым закалоць мяне, Уладзімір Святаслававіч на нашых вачах пры ваяводзе Дабрыні і дружынніках сваіх згвалціў дачушку маю Рагнеду, а потым і сыночкаў маіх загубіў. Горад разбурыў дашчэнту, мужчын перабіў, жанчын на шчыт узяў, Рагнеду ў Кіеў звёз.
Усяслаў. Хто пра тое не ведае…
Рагвалод. А пра тое, што Яраслаў Уладзіміравіч братоў сваіх родных Барыса, Глеба і Святаслава забіў, Усевалада згнаіў у порубе, а Святаполка атруціў, ты ўжо забыўся ці мо не ведаў? Паслухмяныя ж летапісцы на Святаполка вялікі паклёп узвялі, прыпісаўшы яму забойства Барыса і Глеба.
Усяслаў. Не папракай мяне, князь, — мы сядзім у тым жа порубе, дзе дваццаць чатыры гады адсядзеў яшчэ адзін брат Яраслава Мудрага, пскоўскі князь Судзіслаў. Я ўсё ведаю пра Яраслава.
Кідаецца і трызніць Глеб. Прачынаецца Рагвалод-Барыс. Занепакоены Усяслаў забывае пра князя Рагвалода, спрабуе разбудзіць, падняць Глеба, але той у беспрытомнасці.
Сынок?! Сынок! Што з табою, Глебушка?! Во, напасць яшчэ!..
Рагвалод (сам сабе з сумам). Толькі цуд можа ўратаваць маіх нашчадкаў і дзяржаву Полацкую… (Знікае.)
Рагвалод-Барыс. Татачка, ён жа памірае!
Усяслаў. Вады! Рагвалод — вады!
Рагвалод-Барыс кідаецца да конаўкі, але яна аказваецца парожняй. Глеб трызніць.
Рагвалод-Барыс (разгублена). Выпілі! (У адчаі.) Мы ўсю выпілі!..
Усяслаў. Патрымай яго! (Кідаецца да акенца.) Варта! (Крычыць.) Варта — вады! (Прыслухоўваецца.) Людзі! Людзі, дайце хоць глыток вады!!!
Рагвалод-Барыс (плача). Глеб! Брацік, не памірай! Татачка, рабі што-небудзь, ён жа памірае!
Усяслаў (разгублена). Што, што рабіць?!
Рагвалод-Барыс. Маліся!
Усяслаў (паднімае Глеба на рукі, устае з ім). Хіба што. Толькі каму маліцца? Якіх багоў прасіць?
Рагвалод-Барыс (вельмі непасрэдна). Прасі новага, а я буду старых! Можа, яны ўтаймуюць боль…
Усяслаў апускаецца на калені, трымаючы непрытомнага Глеба на руках.
Усяслаў (моліцца). Госпадзі Божа, Уладыка жыццяў нашых, Ты па міласэрнасці Сваёй сказаў: не хачу смерці грэшніка, няхай жа ён будзе жывы. Ведаю, што хвароба яго ёсць пакаранне Тваё за грахі мае і беззаконне; ведаю, што па справах я заслужыў найцяжэйшае пакаранне, але ж, Чалавекалюбча, зрабі са мною і з ім не па злобе маёй, а па бязмежнай міласэрнасці Тваёй. Не пажадай смерці яго, але дай яму сілы, каб ён цярпліва зносіў хваробу сваю, а я выпрабаванне Тваё, Госпадзі. А паправіўшыся, мы звернемся ўсім сэрцам нашым, усёю душою і ўсімі нашымі пачуццямі да Цябе, Госпада Бога, Стваральніка нашага. I няхай сын мой будзе жывы для выканання святых Тваіх абавязкаў! Амін.
Малітва не дапамагае, і Усяслаў кладзе Глеба на салому. Над ім нахіляецца Рагвалод-Барыс.
Рагвалод-Барыс (горача і даволі гучна шэпча замову). Найперш Перуну памалюся, Дажбогу і Мокаш пакланюся, Стрыбогу і Сварогу павінюся. Хадзіце да нас, памажыце ў добры час загаварыць-замовіць княжыча Глеба. Уратуйце яго ад звера бягучага, ад гада паўзучага, ад злога чалавека, ад смутнай пасцелі, ад дурных вачэй, ад ліхіх нагавораў, ад агню, ад патопу, ад усякае напасці. Дайце яму ахоўніка і збавіцеля!