Выбрать главу

Лондон Джек

Мечаны (на белорусском языке)

Джэк Лёндан

Мечаны

Пераклад: Уладзiмiр Чаркас

Цяпер я не вельмi высокай думкi пра Стывена Макея, хоць быў час, калi я кляўся яго iмем. Я любiў яго некалi, як свайго роднага брата. А цяпер, калi давядзецца зноў сустрэцца з iм, я за сябе не ручаюся. У мяне проста ў галаве не месцiцца, як чалавек, з якiм я дзялiў харч i коўдру, з якiм перабiраўся на сабаках цераз Чылкуцкi перавал, мог зрабiць такую подласць. Я заўсёды лiчыў Стыва чэсным хлопцам, добрым таварышам, у натуры ў якога не было нi кроплi помслiвасцi цi злосцi. Не, больш нiколi не буду давярацца свайму ўменню разбiрацца ў людзях. Вы папытаецеся чаму? Таму, што я выхадзiў гэтага чалавека, калi ён трызнiў у тыфознай гарачцы, мы разам здыхалi ад голаду каля вытокаў Сцюарта, ён выратаваў маё жыццё на Малым Ласосе; i пасля ўсяго гэтага, пасля столькiх разам пражытых гадоў адно, што я магу сказаць пра Стывена Макея, - паганца такога я яшчэ не сустракаў.

Мы выправiлiся на Кландайк восенню 1897 года ў час "залатой лiхаманкi", але выйшлi вельмi позна i не паспелi перабрацца цераз Чылкуцкi перавал да замаразкаў. Мы ўжо прайшлi кавалак дарогi, цягнучы на сабе наш рыштунак. Пайшоў снег. Мы вымушаны былi купiць сабак, каб прадоўжыць наша падарожжа на нартах. Так i трапiў да нас той самы Мечаны. Сабакi тады былi дарагiя, i за Мечанага мы заплацiлi сто дзесяць даляраў. На выгляд ён быў варты гэтых грошай. Я кажу "на выгляд", бо ён быў самы прыгожы сабака, якога я калi-небудзь бачыў на сваiм вяку. Важыў ён шэсцьдзесят фунтаў i меў усе якасцi добрага ездавога сабакi. Мы нiяк не маглi вызначыць яго пароду. Ён не быў нi лайкай, нi мэлмутам, нi эскiмоскiм сабакам; ён падобны быў на iх усiх i ў той жа час - нi на кога. Было ў iм нешта i ад эўрапейскага сабакi: на адным баку ў яго сярод жоўта-рыжых i папялiста-белых узораў красавалася чорная, быццам вугаль, лапiна велiчынёю з патэльню. За гэтую лапiну мы i далi яму мянушку Мечаны.

Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калi ён быў у форме, мускулы выпiналiся пад скурай. На ўсёй Алясцы не знайсцi было здаравейшага i разумнейшага на выгляд сабакi. Даволi было толькi зiрнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы ён зможа цягнуць за трох сабак адной з iм вагi. Можа, ён i мог, але ж я нiколi гэтага не бачыў. Розум яго скiроўваўся не на гэта. Вось красцi ён умеў дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмi агiднай асаблiвасцю: ён заўсёды ўгадваў, калi прадбачыцца работа, i заўсёды ўмеў уцячы ад яе. У яго быў нейкi незвычайны талент - своечасова згубiцца i своечасова знайсцiся. Але як толькi даходзiла да работы, Мечаны зусiм трацiў кемлiвасць i ператвараўся ў бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скацiну, - сэрца аблiвалася крывёю ад жалю да яго.

Iншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусiм не тупасць. Магчыма, Мечаны таксама, як i некаторыя людзi, якiх я ведаў у свой час, быў занадта разумны для таго, каб працаваць. Я не здзiўдюся, калi пры ўсёй яго кемлiвасцi, ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць i не лупцуюць. На такiя прыкiдкi ў Мечанага розуму хапiла б.

Ведаеце, бывала, сяду, зiрну яму ў вочы i такiм розумам яны свецяцца, што ў мяне пачынаюць мурашкi па спiне бегаць i дрыжыкi бяруць. Нават не магу словамi выказаць, якiм розумам яны свяцiлiся. Гэта вышэй за ўсякiя словы. Я бачыў гэта - вось i ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы iншы раз было тое самае, што зазiрнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужала мяне i нараджала ў маiм мозгу розныя думкi пра перасяленне душ i пра ўсякае глупства. Не паверыце, але я адчуваў нешта вельмi важнае ў вачах у гэтай жывёлiны; у iх была нейкая думка, якую мне было цяжка зразумець, бо я не дарос да яе разумення. Як бы там нi было (ведаю, што выстаўляю сябе на смех) гэтыя вочы збiвалi мяне з панталыку. Нават не магу прыблiзна вызначыць, што бачыў я ў гэтых вачах. Гэта не быў копер або святло: нешта рухалася ў той час, калi самi вочы аставалiся нерухомыя. Я дапускаю, што я, нават не бачыў, як яно рухалася, проста я адчуваў гэта. Выразнасць, экспрэсiя - вось што гэта было такое. I я не мог працiвiцца. Не, хутчэй гэта было нешта адметнае ад простай выразнасцi. Не ведаю дакладна, што гэта магло быць, але яно выклiкала пачуццё роўнасцi. Не сентыментальнага падабенства, не. Гэта было, хутчэй, пачуццё роўнасцi. Тыя вочы нiколi не прасiлi, як, напрыклад, вочы аленя. У iх быў выклiк. Не, гэта быў не ваяўнiчы выклiк, а проста сцвярджэнне роўнасцi. Не думаю, што сцвярджэнне рабiлася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьцi, штосьцi там свяцiлася. Нават не свяцiлася, а паяўлялася. Ведаю, што мялю лухту, але ж калi б вы зазiрнулi ў тыя сабачыя вочы так, як глядзеў у iх я, вы б усё зразумелi самi. Стыў у вачах Мечанага адчуваў тое самае.

Аднойчы я паспрабаваў забiць Мечанага - карысцi ад яго не было нiякай. Але я не змог зрабiць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволi i неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спынiўся ў зручным месцы, наступiў на вяроўку i выцягнуў свой вялiкi кольт. Сабака сеў i глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасiў лiтасцi. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявiлася нешта недаступнае, iменна паявiлася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўнiлiся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубiўся. Забiць яго было ўсё роўна, што забiць смелага чалавека, якi глядзеў спакойна ў дула пiсталета, нiбы пытаючыся: "Ну, хто з нас струсiць?" Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб нацiснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блiзка ад мяне, блiскала ў яго вачах. А потым забiваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацiлi дрыжыкi, зрабiлася млосна. Я бездапаможна апусцiў рукi i глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар'яцею. Хочаце ведаць, што я зрабiў? Я кiнуў пiсталет i пабег да лагера. Сэрца маё сцiснулася ад страху.