Стыў смяяўся з мяне. Але праз тыдзень я прыкмецiў, як Стыў павёў Мечанага ў лес, пэўна, з тым самым намерам. Ён вярнуўся адзiн, а трошкi пазней за iм прыцягнуўся Мечаны.
Як бы там нi было, але Мечаны нi за што не хацеў працаваць. Мы наскрэблi сто дзесяць даляраў, каб купiць яго, а ён адмаўляўся працаваць. Ён нават не хацеў нацягваць пастронкаў. Спачатку, калi Мечанага першы раз запрэглi, Стыў угаворваў яго, а сабака толькi крыху сцепануўся. Але пастронкаў так i не нацягнуў. Сабака спакойна стаяў, пахiстваючыся з боку ў бок. Тады Стыў сцебануў яго пугай, i сабака завыў - працяжна, па-воўчы. Гэта вывела Стыва з сябе, i ён сцебануў Мечанага некалькi разоў запар. Я не вытрываў, выбег з палаткi i кiнуўся да iх. Я сказаў Стыву, што ён быў вельмi жорсткi з Мечаным. Тут мы са Стывам крыху паспрачалiся, упершыню за ўвесь час нашага падарожжа. Ён кiнуў пугу на снег i адышоўся раззлаваны. Я падняў пугу i падышоў да санак. Не паспеў я махнуць пугаю, як Мечаны задрыжаў, захiстаўся i сцiснуўся ад страху, а пасля першага ўдару ён завыў, нiбы той грэшнiк у пекле. Потым ён павалiўся на снег. Я пагнаў астатнiх сабак, i яны пацягнулi яго за сабою. Я сцябаў яго пугаю. Мечаны перавярнуўся на спiну i шаргацеў па снезе, матляючы ў паветры ўсiмi лапамi i скавычучы, нiбы яго прапускалi праз мясарубку. Вярнуўся Стыў, пасмяяўся з мяне. Мне нiчога не заставалася, як папрасiць прабачэння за свае словы.
Прымусiць Мечанага працаваць было немагчыма. Але ён быў самы вялiкi абжора, якога я калi-небудзь бачыў сярод сабак. Дый ён быў спрытны злодзей. Нам нiколi не ўдавалася перахiтрыць яго. Не раз мы снедалi без бекону, бо Мечаны ўмудраўся паснедаць раней за нас. Менавiта з-за яго мы ледзь не памерлi з голаду ў вярхоўi Сцюарта. Ён заўсёды знаходзiў спосаб прабрацца да нашых мясных запасаў, i чаго не мог з'есцi ён, даядала гуртам уся запрэжка. Мечаны краў усюды. Ён быў нястомны сабака, заўсёды дзелавiта соваў свой нос ва ўсе справы цi спяшаўся куды-небудзь з дзелавым выглядам. Не было вакол нiводнага лагера ў радыусе пяцi мiль, на якi Мечаны не ўчынiў бы набегу. Але горай за ўсё было тое, што людзi, у якiх краў Мечаны, знаходзiлi нас i патрабавалi заплацiць за яго "сталаванне", i гэта было справядлiва: такi закон у гэтых мясцiнах. Нам было вельмi цяжка, асаблiва ў першую нашу зiму на Чылкуцкiм перавале, калi мы зусiм збяднелi, выплачваючы за бекон i шынкi, якiх самi нiколi не елi.
Мечаны мог i бiцца. Ён мог рабiць усё, толькi не працаваць. I вось гэты самы лянiвы сабака быў важаком усёй запрэжкi. Ён трымаў усiх сабак у пастаянным страху, i заўсёды было два цi тры сабакi са свежымi меткамi яго iклаў. Але Мечаны быў не проста забiяка. Ён не баяўся нiякай чатырохногай iстоты. Я бачыў аднойчы, як ён без дай прычыны кiнуўся на чужую запрэжку i раскiдаў усiх сабак.
Я казаў ужо, якi ён быў абжора. Неяк застаў я яго, калi ён жор пугу. Слова гонару. Ён пачаў з кончыка, i, калi я ўбачыў гэта, ён ужо дабраўся да ручкi i не пераставаў грызцi.
Але ж нягледзячы нi на што Мечаны быў прыгажун. У канцы першага тыдня мы прадалi яго за семдзесят даляраў атраду коннай палiцыi. Сярод iх былi вопытныя паганятыя, i мы думалi, што да таго часу, калi Мечаны пройдзе шэсцьсот мiль, да Доўсана, ён стане добрым запрэжным сабакам. Я кажу "мы думалi", бо наша знаёмства з Мечаным тады толькi пачыналася. Потым у нас не хапала смеласцi "думаць", калi гаворка iшла пра гэтага сабаку.
Праз тыдзень ранiцай мы прачнулiся ад страшэннага шуму. Гэта вярнуўся Мечаны i наводзiў парадак сярод зграi. Магу вас запэўнiць, што снедалi мы без ахвоты. Але ж мы суцешылiся праз дзве гадзiны, калi зноў прадалi Мечанага афiцыйнаму кур'еру, якi кiраваўся ў Доўсан з урадавымi паперамi. На гэты раз Мечанаму спатрэбiлася толькi тры днi, каб вярнуцца назад. I, як заўсёды, сваё вяртанне ён адсвяткаваў бойкаю з сабакамi.
Мы пераправiлi нашу амунiцыю цераз перавал, а потым памагалi ўсю зiму i вясну перапраўляцца ўсiм ахвотнiкам. На гэтай справе мы добра зарабiлi. Апрача ўсяго, мы "рабiлi грошы" на Мечаным. Мы прадавалi яго i не раз i не два, а ўсе дваццаць. Мечаны заўсёды вяртаўся да нас, але нiхто з пакупнiкоў не патрабаваў сваiх грошай назад. Дый нам гэтыя грошы былi непатрэбныя.
Мы самi добра заплацiлi б таму чалавеку, якi памог бы нам збавiцца ад Мечанага. Але калi б мы аддавалi яго дарма, дык гэта здавалася б падазроным. Урэшце, у яго такi быў добры выгляд, што ў нас нiколi не было цяжкасцi яго прадаць. "Не аб'езджаны яшчэ", - казалi мы, i нам давалi за Мечанага вялiкiя грошы, не таргуючыся. Мы прадавалi яго сама мала за дваццаць пяць даляраў, а аднойчы атрымалi нават сто пяцьдзесят. Пераборлiвы суб'ект, якi купiў у нас Мечанага за сто пяцьдзесят даляраў, сам аддаў нам назад сабаку, адмовiўшыся ад сваiх грошай. Ён сказаў, што паўтары сотнi даляраў - гэта яшчэ даволi дзёшава за магчымасць выказаць нам усё, што ён пра нас думае. А як ён на нас лаяўся! Гэта было нешта страшнае. Праўда была на яго баку, i мы не сталi яму пярэчыць. Аднак з таго самага дня я не магу вярнуць тую павагу да самога сябе, якую адчуваў да размовы з тым чалавекам.
Калi з рэк i азёраў сышоў лёд, мы пагрузiлi нашу амунiцыю ў лодку i паплылi ў Доўсан. У нас у запрэжцы былi вельмi добрыя сабакi, i iх мы таксама забралi ў лодку. Ад Мечанага мы так i не змаглi збавiцца. Ён i ў лодцы адчуваў сябе гаспадаром. Ужо ў першы дзень падарожжа ён разоў дзесяць задзiраўся з другiмi сабакамi, што звычайна канчалася iх купаннем. Месца ў лодцы было мала, а Мечаны не любiў тулiцца.