Выбрать главу

- Гэтаму сабаку патрэбен прастор, - сказаў на другi дзень Стыў. - Давай высадзiм яго на бераг.

Мы гэтак i зрабiлi: прычалiлi да берага каля Аленевага перавалу, каб Мечаны мог саскочыць на бераг. Яшчэ два сабакi, добрыя сабакi, выскачылi за iм, i мы патрацiлi два днi на iх пошукi. Мы болей нiколi не бачылi гэтых двух сабак, але цiшыня i спакой, якiмi мы нарэшце змаглi пацешыцца, прывялi нас да думкi, што мы яшчэ лёгка выкруцiлiся. Чалавек, якi адмовiўся ад ста пяцiдзесяцi даляраў, напэўна, адчуваў такую самую палёгку. Упершыню за некалькi месяцаў мы са Стывам смяялiся, свiсталi, спявалi песнi. Мы былi шчаслiвыя. Чорныя днi мiнулi. Кашмары рассеялiся. Мечаны знiк.

Аднойчы ранiцай, тыднi праз тры, мы са Стывам стаялi на беразе ракi паблiзу ад Доўсана. Ад возера Бэнет наблiжалася невялiкая лодка. Раптам я ўбачыў, што Стыў здрыгануўся i нi з таго нi з сяго пачаў лаяцца, што было зусiм не ў яго прывычках. Я паглядзеў на лодку: на носе ў лодцы, навастрыўшы вушы, сядзеў Мечаны. Мы пусцiлiся наўцёкi, нiбы набiтыя сабакi, нiбы баязлiўцы, нiбы злачынцы, хаваючыся ад правасуддзя. Менавiта апошняе i падумаў палiцэйскi, якi бачыў нашыя ўцёкi. Ён вырашыў, што ў лодцы сядзелi ахоўнiкi парадку, якiя шукалi нас. Не чакаючы, чым усё гэта кончыцца, ён пагнаўся за намi i затрымаў нас у салуне. Мы доўга тлумачылi, чаму не хацелi вяртацца на бераг i сустракаць лодку з Мечаным. Урэшце ён перадаў нас пад варту другому палiсмену, а сам пакiраваўся да лодкi.

Як нас адпусцiлi, мы пайшлi да сябе i, падыходзячы да хаты, убачылi Мечанага, якi сядзеў на ганку i чакаў нас. Як ён даведаўся, што мы жылi менавiта там? У тое лета ў Доўсане было прыблiзна сорак тысяч жыхароў; i як Мечаны змог сярод мноства хацiн знайсцi нашу? Як ён наогул даведаўся, што мы ў Доўсане? Мяркуйце самi. Толькi не забывайцеся, што я казаў вам пра яго розум i пра тое несмяротнае i недаступнае розуму нешта, якое свяцiлася ў яго вачах.

Мы так i не змаглi збавiцца ад Мечанага. У Доўсане было занадта многа людзей, якiя куплялi яго ў нас на Чылкуцкiм перавале, i пагалоска пра яго пайшла па ўсiм горадзе. Некалькi разоў мы саджалi яго на параход, што плыў унiз па Юконе, але Мечаны проста выходзiў на бераг на першым жа прыпынку i варочаўся па беразе дамоў. Мы так i не змаглi нi прадаць яго, нi забiць, хоць i я i Стыў спрабавалi зрабiць гэта. Дый нiхто другi не мог забiць Мечанага. Ён быў нiбыта загавораны ад смерцi. Аднойчы я бачыў Мечанага ў бойцы на галоўнай вулiцы горада. На яго навалiлася не меней пяцiдзесяцi сабак. Калi iх разагналi, я са здзiўленнем убачыў Мечанага - цэлага i нечапанага, ён моцна стаяў на чатырох лапах, а два сабакi з гайнi ляжалi мёртвыя.

Аднойчы я быў сведкам, як Мечаны сцягнуў са склепа ў маёра Дынвiндзi такi цяжкi кавалак ласяцiны, што ледзь скакаў, толькi на адзiн крок апярэджваючы кухарку-iндыянку мiстэра Дынвiндзi, якая гналася за iм з сякераю ў руках. У той час, калi Мечаны ўзабраўся на ўзгорак, а кухарка перастала даганяць, з хаты выбег сам маёр Дынвiндзi i разрадзiў свой "вiнчэстэр" у паветра. Ён двойчы зараджаў стрэльбу, расстраляў усе патроны, але нi разу не зачапiў яго. А крыху пазней прымчаўся палiцэйскi i аштрафаваў маёра за стральбу з агнястрэльнай зброi ў межах горада. Маёр заплацiў штраф, а мы са Стывам заплацiлi маёру за ласяцiну па адным даляру за фунт мяса разам з касцямi. Ён сам купляў гэтую ласяцiну па такой цане: мяса ў той год было дарагое.

Я вам расказваю толькi пра тое, што бачыў на свае вочы. Цяпер расскажу яшчэ пра адзiн выпадак. Я бачыў, як Мечаны правалiўся ў палонку. Яго, як саломiнку, адразу засмактала цячэннем пад лёд, таўшчыня якога перавышала тры футы. Ядраў трыста нiжэй па цячэннi была другая вялiкая палонка, з якой бралi ваду ў бальнiцу. Дык вось Мечаны вылез з гэтай палонкi, атросся, абгрыз лёд памiж кiпцюрамi, выбраўся на бераг i аббрахаў здаравеннага ньюфаўндленда, што належаў прыiскаваму камiсару.

Увосень 1898 года з апошняй вадой мы адправiлiся на баграх уверх па Юконе - пакiравалiся да ракi Сцюарт. Мы забралi з сабой усiх сабак, акрамя Мечанага. Мы вырашылi: даволi кармiць яго. Калi ўзяць разам той час, тыя грошы, клопаты i правiянт, асаблiва правiянт, што патрацiлi на яго, то атрымлiвалася, што Мечаны каштаваў нам значна болей, чым мы ўтаргавалi, калi прадавалi яго на Чылкуцкiм перавале. Вось чаму мы прывязалi Мечанага ў хацiне, а самi пагрузiлiся ў лодку з усёй нашай амунiцыяй. У тую ноч мы разбiлi лагер у вусцi Iндыян-рывер. Мы са Стывам былi вельмi радыя, што збавiлiся ад Мечанага. Што толькi Стыў не вытвараў, а я сядзеў, ухутаўшыся ў коўдру, i памiраў ад смеху, гледзячы на яго. Раптам на наш лагер абрушыўся ўраган. Каб вы толькi бачылi, як Мечаны наляцеў на сабак i як даў iм наганяй, дык валасы ў вас сталi б дыбам. Але як, скажыце, калi ласка, змог ён адвязацца? Думайце самi! У мяне не ўкладваецца ў галаве. А як ён змог перабрацца цераз Клондайк-рывер? Гэта таксама пытанне! I, нарэшце, адкуль мог ён ведаць, што мы паплылi ўверх па Юконе? Мы ж плылi па вадзе, I Мечаны не мог знайсцi нас па слядах. Праз гэтага Мечанага мы зрабiлiся проста-такi прымхлiвыя. Ён дзейнiчаў нам на нервы, i, па праўдзе кажучы, мы яго трошкi пабойвалiся.

Замаразкi засталi нас у вусцi залiва Хендэрсон, дзе мы абмянялi Мечанага на два мяшкi мукi ў адной групы, якая кiравалася ўверх па Вайт-рывер у пошуках медзi. Да прызначанага месца гэтая група так i не дайшла. Яна таямнiча знiкла, не пакiнуўшы пасля сябе нi людзей, нi сабак, нi нартаў - нiчога. Яна бясследна прапала i стала адной з неразгаданых загадак гэтага краю. З цяжкасцю падымалiся мы ўверх па Сцюарце. А праз шэсць тыдняў у наш лагер прыплёўся Мечаны. Ён быў як шкiлет, ледзь-ледзь цягаў ногi. Але ж такi прыйшоў да нас. I вось што мне цiкава: хто гэта сказаў Мечанаму, што мы ў вярхоўi Сцюарта? Мы ж маглi падацца ў якое хочаце iншае месца. Як жа ён мог даведацца? Што вы на гэта скажаце?