Аднойчы я паспрабаваў забіць Мечанага — карысці ад яго не было ніякай. Але я не змог зрабіць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволі і неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спыніўся ў зручным месцы, наступіў на вяроўку і выцягнуў свой вялікі кольт. Сабака сеў і глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасіў літасці. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявілася нешта недаступнае, іменна паявілася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўніліся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубіўся. Забіць яго было ўсё роўна, што забіць смелага чалавека, які глядзеў спакойна ў дула пісталета, нібы пытаючыся: «Ну, хто з нас струсіць?» Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб націснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блізка ад мяне, бліскала ў яго вачах. А потым забіваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацілі дрыжыкі, зрабілася млосна. Я бездапаможна апусціў рукі і глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар’яцею. Хочаце ведаць, што я зрабіў? Я кінуў пісталет і пабег да лагера. Сэрца маё сціснулася ад страху.
Стыў смяяўся з мяне. Але праз тыдзень я прыкмеціў, як Стыў павёў Мечанага ў лес, пэўна, з тым самым намерам. Ён вярнуўся адзін, а трошкі пазней за ім прыцягнуўся Мечаны.
Як бы там ні было, але Мечаны ні за што не хацеў працаваць. Мы наскрэблі сто дзесяць даляраў, каб купіць яго, а ён адмаўляўся працаваць. Ён нават не хацеў нацягваць пастронкаў. Спачатку, калі Мечанага першы раз запрэглі, Стыў угаворваў яго, а сабака толькі крыху сцепануўся. Але пастронкаў так і не нацягнуў. Сабака спакойна стаяў, пахістваючыся з боку ў бок. Тады Стыў сцебануў яго пугай, і сабака завыў — працяжна, па-воўчы. Гэта вывела Стыва з сябе, і ён сцебануў Мечанага некалькі разоў запар. Я не вытрываў, выбег з палаткі і кінуўся да іх. Я сказаў Стыву, што ён быў вельмі жорсткі з Мечаным. Тут мы са Стывам крыху паспрачаліся, упершыню за ўвесь час нашага падарожжа. Ён кінуў пугу на снег і адышоўся раззлаваны. Я падняў пугу і падышоў да санак. Не паспеў я махнуць пугаю, як Мечаны задрыжаў, захістаўся і сціснуўся ад страху, а пасля першага ўдару ён завыў, нібы той грэшнік у пекле. Потым ён паваліўся на снег. Я пагнаў астатніх сабак, і яны пацягнулі яго за сабою. Я сцябаў яго пугаю. Мечаны перавярнуўся на спіну і шаргацеў па снезе, матляючы ў паветры ўсімі лапамі і скавычучы, нібы яго прапускалі праз мясарубку. Вярнуўся Стыў, пасмяяўся з мяне. Мне нічога не заставалася, як папрасіць прабачэння за свае словы.
Прымусіць Мечанага працаваць было немагчыма. Але ён быў самы вялікі абжора, якога я калі-небудзь бачыў сярод сабак. Дый ён быў спрытны злодзей. Нам ніколі не ўдавалася перахітрыць яго. Не раз мы снедалі без бекону, бо Мечаны ўмудраўся паснедаць раней за нас. Менавіта з-за яго мы ледзь не памерлі з голаду ў вярхоўі Сцюарта. Ён заўсёды знаходзіў спосаб прабрацца да нашых мясных запасаў, і чаго не мог з’есці ён, даядала гуртам уся запрэжка. Мечаны краў усюды. Ён быў нястомны сабака, заўсёды дзелавіта соваў свой нос ва ўсе справы ці спяшаўся куды-небудзь з дзелавым выглядам. Не было вакол ніводнага лагера ў радыусе пяці міль, на які Мечаны не ўчыніў бы набегу. Але горай за ўсё было тое, што людзі, у якіх краў Мечаны, знаходзілі нас і патрабавалі заплаціць за яго «сталаванне», і гэта было справядліва: такі закон у гэтых мясцінах. Нам было вельмі цяжка, асабліва ў першую нашу зіму на Чылкуцкім перавале, калі мы зусім збяднелі, выплачваючы за бекон і шынкі, якіх самі ніколі не елі.
Мечаны мог і біцца. Ён мог рабіць усё, толькі не працаваць. І вось гэты самы лянівы сабака быў важаком усёй запрэжкі. Ён трымаў усіх сабак у пастаянным страху, і заўсёды было два ці тры сабакі са свежымі меткамі яго іклаў. Але Мечаны быў не проста забіяка. Ён не баяўся ніякай чатырохногай істоты. Я бачыў аднойчы, як ён без дай прычыны кінуўся на чужую запрэжку і раскідаў усіх сабак.
Я казаў ужо, які ён быў абжора. Неяк застаў я яго, калі ён жор пугу. Слова гонару. Ён пачаў з кончыка, і, калі я ўбачыў гэта, ён ужо дабраўся да ручкі і не пераставаў грызці.
Але ж нягледзячы ні на што Мечаны быў прыгажун. У канцы першага тыдня мы прадалі яго за семдзесят даляраў атраду коннай паліцыі. Сярод іх былі вопытныя паганятыя, і мы думалі, што да таго часу, калі Мечаны пройдзе шэсцьсот міль, да Доўсана, ён стане добрым запрэжным сабакам. Я кажу «мы думалі», бо наша знаёмства з Мечаным тады толькі пачыналася. Потым у нас не хапала смеласці «думаць», калі гаворка ішла пра гэтага сабаку.