Праз тыдзень раніцай мы прачнуліся ад страшэннага шуму. Гэта вярнуўся Мечаны і наводзіў парадак сярод зграі. Магу вас запэўніць, што снедалі мы без ахвоты. Але ж мы суцешыліся праз дзве гадзіны, калі зноў прадалі Мечанага афіцыйнаму кур’еру, які кіраваўся ў Доўсан з урадавымі паперамі. На гэты раз Мечанаму спатрэбілася толькі тры дні, каб вярнуцца назад. І, як заўсёды, сваё вяртанне ён адсвяткаваў бойкаю з сабакамі.
Мы пераправілі нашу амуніцыю цераз перавал, а потым памагалі ўсю зіму і вясну перапраўляцца ўсім ахвотнікам. На гэтай справе мы добра зарабілі. Апрача ўсяго, мы «рабілі грошы» на Мечаным. Мы прадавалі яго і не раз і не два, а ўсе дваццаць. Мечаны заўсёды вяртаўся да нас, але ніхто з пакупнікоў не патрабаваў сваіх грошай назад. Дый нам гэтыя грошы былі непатрэбныя.
Мы самі добра заплацілі б таму чалавеку, які памог бы нам збавіцца ад Мечанага. Але калі б мы аддавалі яго дарма, дык гэта здавалася б падазроным. Урэшце, у яго такі быў добры выгляд, што ў нас ніколі не было цяжкасці яго прадаць. «Не аб’езджаны яшчэ», — казалі мы, і нам давалі за Мечанага вялікія грошы, не таргуючыся. Мы прадавалі яго сама мала за дваццаць пяць даляраў, а аднойчы атрымалі нават сто пяцьдзесят. Пераборлівы суб’ект, які купіў у нас Мечанага за сто пяцьдзесят даляраў, сам аддаў нам назад сабаку, адмовіўшыся ад сваіх грошай. Ён сказаў, што паўтары сотні даляраў — гэта яшчэ даволі дзёшава за магчымасць выказаць нам усё, што ён пра нас думае. А як ён на нас лаяўся! Гэта было нешта страшнае. Праўда была на яго баку, і мы не сталі яму пярэчыць. Аднак з таго самага дня я не магу вярнуць тую павагу да самога сябе, якую адчуваў да размовы з тым чалавекам.
Калі з рэк і азёраў сышоў лёд, мы пагрузілі нашу амуніцыю ў лодку і паплылі ў Доўсан. У нас у запрэжцы былі вельмі добрыя сабакі, і іх мы таксама забралі ў лодку. Ад Мечанага мы так і не змаглі збавіцца. Ён і ў лодцы адчуваў сябе гаспадаром. Ужо ў першы дзень падарожжа ён разоў дзесяць задзіраўся з другімі сабакамі, што звычайна канчалася іх купаннем. Месца ў лодцы было мала, а Мечаны не любіў туліцца.
— Гэтаму сабаку патрэбен прастор, — сказаў на другі дзень Стыў. — Давай высадзім яго на бераг.
Мы гэтак і зрабілі: прычалілі да берага каля Аленевага перавалу, каб Мечаны мог саскочыць на бераг. Яшчэ два сабакі, добрыя сабакі, выскачылі за ім, і мы патрацілі два дні на іх пошукі. Мы болей ніколі не бачылі гэтых двух сабак, але цішыня і спакой, якімі мы нарэшце змаглі пацешыцца, прывялі нас да думкі, што мы яшчэ лёгка выкруціліся. Чалавек, які адмовіўся ад ста пяцідзесяці даляраў, напэўна, адчуваў такую самую палёгку. Упершыню за некалькі месяцаў мы са Стывам смяяліся, свісталі, спявалі песні. Мы былі шчаслівыя. Чорныя дні мінулі. Кашмары рассеяліся. Мечаны знік.
Аднойчы раніцай, тыдні праз тры, мы са Стывам стаялі на беразе ракі паблізу ад Доўсана. Ад возера Бэнет набліжалася невялікая лодка. Раптам я ўбачыў, што Стыў здрыгануўся і ні з таго ні з сяго пачаў лаяцца, што было зусім не ў яго прывычках. Я паглядзеў на лодку: на носе ў лодцы, навастрыўшы вушы, сядзеў Мечаны. Мы пусціліся наўцёкі, нібы набітыя сабакі, нібы баязліўцы, нібы злачынцы, хаваючыся ад правасуддзя. Менавіта апошняе і падумаў паліцэйскі, які бачыў нашыя ўцёкі. Ён вырашыў, што ў лодцы сядзелі ахоўнікі парадку, якія шукалі нас. Не чакаючы, чым усё гэта кончыцца, ён пагнаўся за намі і затрымаў нас у салуне. Мы доўга тлумачылі, чаму не хацелі вяртацца на бераг і сустракаць лодку з Мечаным. Урэшце ён перадаў нас пад варту другому палісмену, а сам пакіраваўся да лодкі.
Як нас адпусцілі, мы пайшлі да сябе і, падыходзячы да хаты, убачылі Мечанага, які сядзеў на ганку і чакаў нас. Як ён даведаўся, што мы жылі менавіта там? У тое лета ў Доўсане было прыблізна сорак тысяч жыхароў; і як Мечаны змог сярод мноства хацін знайсці нашу? Як ён наогул даведаўся, што мы ў Доўсане? Мяркуйце самі. Толькі не забывайцеся, што я казаў вам пра яго розум і пра тое несмяротнае і недаступнае розуму нешта, якое свяцілася ў яго вачах.
Мы так і не змаглі збавіцца ад Мечанага. У Доўсане было занадта многа людзей, якія куплялі яго ў нас на Чылкуцкім перавале, і пагалоска пра яго пайшла па ўсім горадзе. Некалькі разоў мы саджалі яго на параход, што плыў уніз па Юконе, але Мечаны проста выходзіў на бераг на першым жа прыпынку і варочаўся па беразе дамоў. Мы так і не змаглі ні прадаць яго, ні забіць, хоць і я і Стыў спрабавалі зрабіць гэта. Дый ніхто другі не мог забіць Мечанага. Ён быў нібыта загавораны ад смерці. Аднойчы я бачыў Мечанага ў бойцы на галоўнай вуліцы горада. На яго навалілася не меней пяцідзесяці сабак. Калі іх разагналі, я са здзіўленнем убачыў Мечанага — цэлага і нечапанага, ён моцна стаяў на чатырох лапах, а два сабакі з гайні ляжалі мёртвыя.