Выбрать главу

Аднойчы я быў сведкам, як Мечаны сцягнуў са склепа ў маёра Дынвіндзі такі цяжкі кавалак ласяціны, што ледзь скакаў, толькі на адзін крок апярэджваючы кухарку-індыянку містэра Дынвіндзі, якая гналася за ім з сякераю ў руках. У той час, калі Мечаны ўзабраўся на ўзгорак, а кухарка перастала даганяць, з хаты выбег сам маёр Дынвіндзі і разрадзіў свой «вінчэстэр» у паветра. Ён двойчы зараджаў стрэльбу, расстраляў усе патроны, але ні разу не зачапіў яго. А крыху пазней прымчаўся паліцэйскі і аштрафаваў маёра за стральбу з агнястрэльнай зброі ў межах горада. Маёр заплаціў штраф, а мы са Стывам заплацілі маёру за ласяціну па адным даляру за фунт мяса разам з касцямі. Ён сам купляў гэтую ласяціну па такой цане: мяса ў той год было дарагое.

Я вам расказваю толькі пра тое, што бачыў на свае вочы. Цяпер расскажу яшчэ пра адзін выпадак. Я бачыў, як Мечаны праваліўся ў палонку. Яго, як саломінку, адразу засмактала цячэннем пад лёд, таўшчыня якога перавышала тры футы. Ядраў трыста ніжэй па цячэнні была другая вялікая палонка, з якой бралі ваду ў бальніцу. Дык вось Мечаны вылез з гэтай палонкі, атросся, абгрыз лёд паміж кіпцюрамі, выбраўся на бераг і аббрахаў здаравеннага ньюфаўндленда, што належаў прыіскаваму камісару.

Увосень 1898 года з апошняй вадой мы адправіліся на баграх уверх па Юконе — пакіраваліся да ракі Сцюарт. Мы забралі з сабой усіх сабак, акрамя Мечанага. Мы вырашылі: даволі карміць яго. Калі ўзяць разам той час, тыя грошы, клопаты і правіянт, асабліва правіянт, што патрацілі на яго, то атрымлівалася, што Мечаны каштаваў нам значна болей, чым мы ўтаргавалі, калі прадавалі яго на Чылкуцкім перавале. Вось чаму мы прывязалі Мечанага ў хаціне, а самі пагрузіліся ў лодку з усёй нашай амуніцыяй. У тую ноч мы разбілі лагер у вусці Індыян-рывер. Мы са Стывам былі вельмі радыя, што збавіліся ад Мечанага. Што толькі Стыў не вытвараў, а я сядзеў, ухутаўшыся ў коўдру, і паміраў ад смеху, гледзячы на яго. Раптам на наш лагер абрушыўся ўраган. Каб вы толькі бачылі, як Мечаны наляцеў на сабак і як даў ім наганяй, дык валасы ў вас сталі б дыбам. Але як, скажыце, калі ласка, змог ён адвязацца? Думайце самі! У мяне не ўкладваецца ў галаве. А як ён змог перабрацца цераз Клондайк-рывер? Гэта таксама пытанне! І, нарэшце, адкуль мог ён ведаць, што мы паплылі ўверх па Юконе? Мы ж плылі па вадзе, І Мечаны не мог знайсці нас па слядах. Праз гэтага Мечанага мы зрабіліся проста-такі прымхлівыя. Ён дзейнічаў нам на нервы, і, па праўдзе кажучы, мы яго трошкі пабойваліся.

Замаразкі засталі нас у вусці заліва Хендэрсон, дзе мы абмянялі Мечанага на два мяшкі мукі ў адной групы, якая кіравалася ўверх па Вайт-рывер у пошуках медзі. Да прызначанага месца гэтая група так і не дайшла. Яна таямніча знікла, не пакінуўшы пасля сябе ні людзей, ні сабак, ні нартаў — нічога. Яна бясследна прапала і стала адной з неразгаданых загадак гэтага краю. З цяжкасцю падымаліся мы ўверх па Сцюарце. А праз шэсць тыдняў у наш лагер прыплёўся Мечаны. Ён быў як шкілет, ледзь-ледзь цягаў ногі. Але ж такі прыйшоў да нас. І вось што мне цікава: хто гэта сказаў Мечанаму, што мы ў вярхоўі Сцюарта? Мы ж маглі падацца ў якое хочаце іншае месца. Як жа ён мог даведацца? Што вы на гэта скажаце?

Ад Мечанага немагчыма было збавіцца. У Мэе Мечаны распачаў бойку з сабакам аднаго індзейца. Гаспадар сабакі кінуўся да Мечанага з сякераю, але прамахнуўся і забіў свайго сабаку. Кажыце, што хочаце, пра магію, з дапамогай якой можна адводзіць убок кулі, але што датычыць мяне, дык я лічу, што адвесці поглядам сякеру ў руках вялікага індзейца значна цяжэй. Я на свае вочы бачыў, як Мечаны зрабіў гэта. Той індзеец не хацеў забіваць свайго сабаку; можаце паверыць мне.

Я ўжо казаў пра тое, як Мечаны знішчаў нашыя мясныя прыпасы. Мы ледзь не памерлі ад голаду ў той год. Навокал не было ніякай жыўнасці, якую можна было б забіць. А апрача таго мяса, якое зжор Мечаны, у нас болей нічога не было. Алені адышлі за сотні міль, а следам за імі адышлі і індзейцы з сваімі прыпасамі. Вось якія былі нашыя справы. Набліжалася вясна, і нам не аставалася нічога іншага, як толькі чакаць, калі з ракі сыдзе лёд. Мы зусім схуднелі і вырашылі з’есці нашых сабак. Першага мы вырашылі з’есці Мечанага. Вы ведаеце, што ён зрабіў, гэты сабака? Ён непрыкметна знік. Скажыце, калі ласка, як ён прачытаў нашыя думкі? Мы не спалі ночы навылёт, падпільноўваючы яго, але ён так і не паявіўся. А мы тым часам елі другіх сабак. Такім чынам мы з’елі ўсю запрэжку.

А потым было вось што. Вы можаце сабе ўявіць, што робіцца, калі на вялікай рацэ ломіцца лёд і мільёны тон яго нясуцца з ровам па цячэнні. Ільдзіны з трэскам ломяцца, налазячы адна на адну. І вось у самай гушчы гэтай мешаніны, якую з ровам і грукатам неслі воды Сцюарта, мы ўбачылі Мечанага. Відаць, ён хацеў перабрацца цераз раку вышэй па цячэнні, калі лёд крануўся. Мы са Стывам лямантавалі ад радасці, насіліся ўзад і ўперад па беразе, кідаючы ў паветра нашыя шапкі, душачы адзін аднаго ў абдымках: Мечанаму прыйшоў канец. У яго не было ніводнага шанцу з мільёна выбрацца з гэтага ледзянога пекла. Ды што там з мільёна — у яго не заставалася ніякага шанцу. Як толькі лёд сышоў, мы пагрузіліся ў лодку і паплылі па цячэнні да Юкона, а потым — уніз па Юконе да Доўсана. Па дарозе мы спыніліся на тыдзень у вёсцы, якая тулілася ў вусці заліва Чэндэрсон. Першае, што мы ўбачылі, як толькі прычалілі да берага ў Доўсане, быў Мечаны. Ён сядзеў навастрыўшы вушы і чакаў, калі мы прычалім. Разявіўшы пашчу, нібы ўсміхаючыся, ён віляў хвастом, выказваючы сардэчнае запрашэнне спыніцца ў Доўсане. Як яму пашанцавала выбрацца тады з таго ледзянога пекла? Як ён даведаўся, што мы кіруемся ў Доўсан? Як ён змог з дакладнасцю да хвіліны вызначыць час нашага прыбыцця, каб потым сустрэць нас на беразе?