Чым больш я думаю пра Мечанага, тым больш пераконваюся, што на свеце ёсць такія рэчы, якім навука не пад сілу. Ні адна навука не зможа растлумачыць Мечанага. Ён — асаблівая фізічная з’ява ці нават містычная, і, як я разумею — з вялікай часткай тэасофіі.
Кландайк — добры край. Я да гэтага часу мог бы жыць тамака і зрабіўся б мільянерам, калі б не Мечаны. Ён ірваў мне нервы. Я цярпеў яго два гады. Нарэшце маё цярпенне лопнула. Улетку 1899 года я выйшаў з гэтай гульні. Я нічога не сказаў Стыву. Я проста ўцёк. Але спачатку я ўладзіў усё як найлепей. Я напісаў Стыву запіску. І прыклаў да яе торбачку з пацучынай атрутай, растлумачыўшы, што з ёю рабіць. Мечаны давёў мяне да таго, што я стаў як шкілет. Нервы мае зусім здалі, і я кожны раз усхопліваўся і азіраўся, хоць навокал не было ні душы. Але як толькі я адчапіўся ад Мечанага, адразу акрыяў. Я пацяжэў на дваццаць фунтаў, перад тым як дабраўся да Сан-Францыска, а да таго часу, як я пераправіўся на пароме ў Окленд, я ўжо зусім увайшоў у колішнюю форму, так што нават жонка марна разглядвала мяне з усіх бакоў, стараючыся знайсці ўва мне перамены.
Толькі аднойчы я атрымаў пісьмо ад Стыва, у якім заўважалася раздражненне: здаецца, Стыў занадта блізка прыняў да сэрца, што я пакінуў яго аднаго з Мечаным. Ён пісаў таксама, што выкарыстаў пацучыную атруту паводле інструкцыі, аднак з гэтага ніякага толку не выйшла.
Мінуў год. Я зноў вярнуўся ў сваю кантору і меў поспех, нават распаўнеў. І раптам знайшоўся Стыў. Ён не зайшоў да мяне пабачыцца. Я прачытаў яго прозвішча ў спісах пасажыраў, якія прыбылі на параходзе, і вельмі дзівіўся, што Стыў не паказваецца. Але дзівіцца мне давялося нядоўга. Аднойчы раніцай я прачнуўся і ўбачыў Мечанага, прывязанага да слупа ў варотцах. Ён ірваўся на вяроўцы і не пускаў у дом малочніка. Пазней я даведаўся, што той раніцай Стыў паехаў на Поўнач у Сіэтл. З таго часу я болей не цяжэў. Мая жонка прымусіла мяне купіць сабаку ашыйнік з жэтонам. Не прайшло і гадзіны, як Мечаны выказаў ёй сваю ўдзячнасць, прыдушыўшы яе любімага персідскага ката. Нішто не можа мне памагчы збавіцца ад Мечанага. Ён астанецца са мною да самай маёй смерці, бо сам ён не здохне ніколі. З паяўленнем у хаце Мечанага апетыт у мяне зусім прапаў, і жонка кажа, што я вяну проста на вачах. Мінулай ноччу Мечаны залез у куратнік да майго суседа містэра Харвея і задушыў дзевятнаццаць яго пародзістых курэй. Я вымушаны буду за іх заплаціць. Другія нашыя суседзі пасварыліся з маёй жонкай і з’ехалі: прычынай сваркі зноў быў Мечаны.
Вось чаму я расчараваўся ў Стыве Макэе. Ніколі б не падумаў, што ён акажацца такім паганцам.