Выбрать главу

А ўнізе, на сцэне, іграла Дора Марцін, якая сваім хрыплым голасам, спакушальнай худзізнай эфебскага цела і трагічна шырокімі, дзіцячымі і бяздоннымі вачыма, як ведзьма, зачароўвала публіку вялікіх германскіх гарадоў. Абодва дырэктары і фраў фон Гэрцфэльд пасля другога акта пакінулі сваю ложу. Астатнія з Мастацкага тэатра засталіся ў зале, каб да канца дагледзець берлінскую каляжанку, якую яны і любілі, і ненавідзелі.

— Група, якую яна прывалакла з сабою, ніжэй усякай крытыкі, — з пагардай сказаў Кроге.

— Чаго ж вы хочаце? — запярэчыў Шміц. — Дзе ж яна заробіць сваю тысячу, калі возьме з сабою дарагіх актораў?

— Але сама яна з кожным разам усё лепшая і лепшая, — сказала разумная Гэрцфэльд. — Яна можа сабе дазволіць усякую манерлівасць. Як яна гаворыць! Як душэўна хворае дзіця, не — яна непаўторная!

— Душэўна хворае дзіця — някепска сказана, — засмяяўся Кроге. — Здаецца, там ужо скончылі, — дадаў ён, зірнуўшы ў акно.

Людзі падымаліся па брукаванай дарожцы, якая вяла ад тэатра, міма кавярні, да брамы на вуліцу.

Спакваля кавярня запаўнялася. Артысты з падкрэсленай рэспектабельнай сардэчнасцю віталі дырэктарскі столік і кідалі гаспадару, прысадзістаму, моцнаму дзядугану з сівай бародкай кліночкам і шыза-чырвоным носам, жарцікі. Тата Ганзэман, гаспадар, быў для трупы амаль такая ж значная пярсона, як і Шміц, распарадчы дырэктар. У Шміца, калі ён быў у дабрадушлівым настроі, заўсёды можна было атрымаць аванс, а калі ў другой палове месяца канчаліся грошы і авансу не давалі, можна было пазычаць у Ганзэмана пад запіс. Усе хадзілі ў яго пад запісам; казалі, быццам і Гёфген быў яму вінны больш за сотню марак. Ганзэману зусім не было ніякай патрэбы акідацца на жарты несалідных гасцей; з застылым, пагрозліва сур'ёзным тварам ён падаваў каньяк, піва і халодную закyску, за што ніхто не плаціў.

Усе гаварылі пра Дору Марцін, у кожнага быў свой погляд на якасці яе ігры; толькі ў адным усе былі адной думкі: плацілі ёй яўна залішне.

Моц зазначыла:

— Гэтая зорная хвароба вядзе нямецкі тэатр да пагібелі.

На што яе сябар Петэрсэн з'едліва кіўнyў. Петэрсэн меў амплуа татулі, але замахваўся на ролі герояў; яму хацелася іграць каралёў альбо старых шляхетных дуэлянтаў у гістарычных п'есах. Але на жаль ён не ўдаўся ростам і на такія ролі быў таўсманы, хоць і стараўся кампенсаваць гэтыя хібы статнай і роўнай выстрyнкай. Да яго прастадушнага твару вельмі ўпасавала б сівая шкіперская барада; але як што яе ён не насіў, дык ягоны твар з адвіслай, доўгай верхняй губай і вельмі блакітнымі, ярка блішчастымі, але дyжа маленькімі вочкамі здаваўся занадта голым. Моц любіла яго больш, чым ён яе, гэта ведалі ўсе. Ён кіўнуў, і яна адразу павярнулася да яго, каб у інтымным і поўным значэння тоне сказаць:

— Праўда ж, Петэрсэн, колькі ўжо мы гаварылі пра гэта грашовае марнатраўства?

Ён шчыра пацвердзіў:

— Але ж вядома, дарагая! — і падміргнуў Рахэлі Морэнвіц, якая грyнтоўна ўсталявалася ў ролях пачуццёва-палкіх дэманічных маладых дзяўчат: з чорнай гладкай прычоскай "поні" і падголеннымі брывамі і вялікім у чорнай аправе маноклем тым не меней выглядала дзіця-дзіцём, такім румяненькім, зусім яшчэ не сфармаваным.

— У Берліне штучкі Марцін, можа, і ўражваюць,— рашуча сказала Моц, — але чым яна возьме нас, старых тэатралаў, аб'езджаных коней?

Шукаючы падтрымкі, Моц азірнулася. Яе амплуа была камічная старая баба; часам ёй давяралі і салідных салонных дам. Яна ахвотна смяялася, многа і на ўвесь рот, і тады вакол вуснаў пазначаліся складкі, а ўсярэдзіне праблісквала золата. Цяпер яна была, зразумела, сур'ёзная, амаль суровая.

Нядбала пакручваючы ў пальцах доўгі муштук, Рахэль Морэнвіц сказала:

— Нельга не прызнаць, што ў нечым Марцін усё-такі няма ладy якая моцная асоба. Гэта ж бо што вырабляе на сцэне: толькі выйшла — і ўжо ў цэнтры ўвагі... разумееце, пра што я...

Усе зразумелі; але Моц незадаволена страсянула галавой, а маленькая Ангеліка Зіберт высокім, баязлівым галаском абвясціла:

— А я ў захапленні ад Марцін. Яна такая казачна абаяльная, лічу я...

І сарамліва пачырванела, адважыўшыся на такі доўгі, рызыкоўны маналог. Усе нават крыху расчулена і спагадліва паглядзелі на яе. Ну, проста ягадка гэтая маленькая Зіберт, якая з каротка пастрыжанай светлай галоўкай з роўным левым прадзелам была падобная на трынаццацігадовага падлетка. Светлыя нявінныя вочы не псавала нават яе блізарукасць: сёй-той лічыў, што менавіта манера мружыцца надавала ёй адмысловую абаяльнасць.