Выбрать главу

З'едлівы здзек адрасаваўся не толькі Марцін, але і Гёфгену. Абое, на яго думку, няшчырыя немцы, з аднаго бо кагалу.

— Марцін! — сказаў ён далей, апусціўшы злосны, пакутлівы, сімпатычны малады твар у худыя, не зусім чыстыя далоні. — Добра ж ёй малоць салонна-камуністычную лухту за тысячу марак кожны вечар. Банда! Але нічога, прыйдзе і наш час — змяцём! Гёфгену яшчэ адрыгнецца!

Такіх небяспечных выказванняў звычайна ён асцерагаўся ў кавярні, асабліва калі паблізу быў Кроге. Але сёння ён не даў сабе клопатy стрымацца — выткнyўся з языком, праўда, не да таго, каб уголас. Проста горача шаптаў. Эфой і гер Кнур згодна кіўнулі, а Бёк толькі лыпаў вадзяністымі вачмі.

— Настане час, — сказаў далей Міклас ціха, але вельмі палка, і яго светлыя запалыя ў цень вочы загарэліся гарачкавым бляскам. І закашляўся. Фраў Эфой папляскала яму па спіне і плячах.

— Зноў глухі кашаль, — сказала яна са страхам. — З самай сярэдзіны...

Цеснае памяшканне было ўсё ў дыме.

— Паветра — не прадыхнеш, — паскардзілася Моц. — Самы дужы мужык не вытрымае. А мой голас! Дзеткі, заўтра вы зноў шyкайце мяне ў гарлавіка.

Нікому не хацелася шукаць яе там. Рахэль Морэнвіц нават іранічна заўважыла:

— Ух ты, наша каларатура!

І атрымала ў адказ знішчальны позірк Моц, якая так ці гэтак і раней нешта мела супроць Рахэлі. Петэрсэн ведаў, што і за што. Яшчэ ўчора яго засталі ў гардэробе гэтай дэманічнай дзівы, і Моц галасіла. Але сёння яна, відаць, рашыла, што не дасца, каб нейкая фіфа з маноклем і ідыёцкай прычоскай псавала ёй настрой, хай не строіць з сябе нешта там такое што-та я, бо ж невялікае што — тое "я", — фігyрyецца мне тyт! Яна склала рукі на жываце і дэманстравала лагоду і душэўны спакой.

— Божа, як тут міла, — цёпла сказала яна. — Што скажаш, татуля Ганзэман?

Яна падміргнула гаспадару, якому завінавацілася 27 марак і які з гэтай самай прычыны ў адказ і вокам не павёў. І калі Петэрсэн заказаў сабе біфштэкс, ды яшчэ з яйкам, яна абурылася:

— Няўжо дзвюх сасісак мала!

Ад гневу на вочы набеглі слёзы. Моц і Петэрсэн часта сварыліся, праз ягоныя, як яна лічыла, залішнія траты, бо сцэнічны татуля заўсёды заказваў сабе самае дарагое, яшчэ і на чаявыя шчодрыўся раскошна.

— Ну, вядома, без біфштэкса з яйкам яму астатняе ў гyбy не лезе!— ледзь не заенчыла Моц.

А Петэрсэн у адказ мармытаў, што прыстойны мужчына павінен і харчавацца прыстойна. Тут Моц, ужо ў поўнай ятры, са злосным сарказмам спыталася ў Морэнвіц, ці не ўзычыў ёй часам Петэрсэн бутэльку шампанскага.

— О, "Veuve Cliquot" — гэта клас! — усклікнула Моц і, пры ўсёй з'едлівасці, вымавіла назву маркі шампанскага з такім шармам, які сведчыў пра яе як пра даму з салонаў вышэйшага свету.

Гэтым разам Морэнвіц сур'ёзна пакрыўдзілася.

— Я папрасіла б вас!.. — рэзка ўскрыкнула яна. — На досціпы вас павяло?

Манокль выпаў з яе вока, яе тоўсты твар заліўся чырванню і страціў усю дэманічную інфернальнасць. Кроге здзіўлена глянуў у іх бок; фраў фон Гэрцфэльд іранічна ўсміхалася. Красунчык Банэці паляпаў па плячы Моц, а заадно і Морэнвіц, якая грозна наблізілася да іх.

— Не сварыцеся, дзеткі, гадзіцеся! — параіў ён. Вакол рота сабраліся асабліва мілажальныя складкі. — Нічога людзкага з гэтага не выйдзе. Згуляемце лепей у карты.

Тут пачуліся глухаватыя выкрыкі, і ўсе павярнулася да дзвярэй. У парозе стаяла Дора Марцін. За ёю стоўкся, як світа каралевы на сцэне, ансамбль, які прыехаў з ёю.

Дора Марцін засмяялася і памахала ўсім, хто тут быў з Гамбургскага мастацкага; сваім хрыплым голасам яна крыкнула, тым славутым манерам, які пераймалі тысячы маладых актрыс па ўсёй краіне, расцягваючы асобныя словы:

— Дзеткі, нас запрасілі, вельмі нудны банкет, страшна шкада, але мы павінны ісці!

Здавалася, яна парадыравала сваю ўласную манеру гаварыць, так самахоць расцягвала яна доўгія склады. Але ўсім гэта прыпадала да спадобы, нават тым, хто трываць не мог Марцін, напрыклад, амбітнаму Мікласу. Нічога не скажаш — яе паяўленне эфектy нарабіла. Шырока адкрытыя, дзіцячыя, загадкавыя глыбокія вочы пад высокім і разумным лобам бянтэжылі і чаравалі кожнага; нават татуля Ганзэман нягегла-дурнавата ўсміхнуўся. Фраў фон Гэрцфэльд, колішняя сяброўка Марцін, крыкнула ёй:

— Як шкада, Дорачка. Але, можа, ты на хвілінку падсела б?..

Тое, што Геда была з Марцін на "ты", толькі падняло яе акцыі ў вачах прысутных. Але тая, распраменіўшы ўсмешкаю твар, адмоўна павяла галавой; твар амаль схаваўся пад паднятым угору каўняром карычневай футры: плечы яна трымала вельмі высока.