Пакуль усе сядзелі, скаваныя эфектам яго кранальнага энтузіязму, Гёфген раптам змяніў паставу і выраз твару. Ён зарагатаў і кіўнyў на фота трагічнага героя на сцяне над сталом: сурова скрыжаваныя на грудзях рyкі, горды позірк з-пад змрочна насупленых броваў, шырокая барада, старанна распраўленая на нейкай фантастычнай егерскай камізэлі. Гендрык ніяк не мог супакоіцца, убачыўшы сябе такім пацешным тыпам. Пад агульны рогат, і толькі пасля таго як Геда паляпала яго па спіне, — інакш Гедрык удавіўся б салатам — ён заявіў, што сам быў вельмі падобны, — так, амаль не адрозніць — на гэтага тыпа, калі яшчэ іграў ролі татуль у паўночнагерманскім вандроўным тэатры.
— Яшчэ хлапчуком я выглядаў такім непамысна старым. І па сцэне хадзіў, згорбіўшыся ад сораму. У "Разбойніках" мне далі старога Моора. Я быў выдатны добры стары Моор. Кожны з маіх сыноў быў гадоў на дваццаць старэйшы за мяне.
Пакуль ён рагатаў і гаварыў пра паўночнагерманскі вандроўны тэатр, ад усіх сталоў збіраліся калегі: усе ведалі, што зараз пойдуць анекдоты, і не якія там сівабародыя, а новыя, і, трэба думаць, даволі дасціпныя — рэдка бывала, каб Гендрык паўтараўся. Моц, чакаючы асалоды, ужо пацірала рукі, ужо радасна паблісквала золатам зубоў і са змрочнай вясёласцю канстатавала:
— Зараз парагочам!
І адразу кінула сур'ёзны позірк на Петэрсэна, бо той тым часам заказаў сабе двайны каньяк. Рахэль Морэнвіц, Ангеліка Зіберт і красун Банэці — усе аж прыліплі да вуснаў Гендрыка. Нават Міклас мусіў прыслухацца, хацеў ён таго ці не: рафінаваныя жарцікі ненавіснага Гендрыка змусілі яго да бурклівага, насуперак волі, дробненькага смяшку. А гледзячы на штyкі любімага злосніка, радавалася і таўстуха Эфой. Пасопваючы, яна пасунула сваё крэсла бліжэй да Гендрыкавага, прамармытала: "Спадарства не супраць?", апусціла на калені недавязаную панчоху і спіцы, прыклала правую руку трубачкай да вуха, каб нічога не ўпусціць.
Вечар удаўся як ніколі. Гёфген быў у форме. Ён чараваў, ён ззяў, як брыльянт. Нібыта перад ім была вялікая публіка, замест некалькіх калегаў, ён крынічыў, велікадушна-душэўна, жартамі, шармам і бясконцымі анекдотамі. Чаго толькі не здаралася на той вандроўнай сцэне, дзе ён іграў татуляў! Моц аж заходзілася ад смеху. "Дзеткі, не магу больш!", крыкнула яна, і як што Банэці пацешна-галантна абмахваў яе хусцінкай, яна не заўважыла, як Петэрсэн зноў заказаў сабе шнапсу. Калі ж Гёфген вісклівым голасам, рэзкімі жэстамі і пачварна касавурачы пачаў паказваць юнацкія сентыментальнасці вандроўнага тэатра, дык нават у татулі Ганзэмана перакасіўся застылы твар, а гер Кнур схаваў ухмылку за насоўкай. Большага трыумфу з сітуацыі, здаецца, і выдабыць было нельга. Гёфген спыніўся. Пасур'ёзнела адразу і Моц, убачыўшы, як наклюкаўся Петэрсэн. Кроге даў знак канчаць. Было ўжо дзве гадзіны ночы. На развітанне Морэнвіц, якой заўсёды прыходзіла ў галаву што-небудзь арыгінальнае, падарыла Гендрыку доўгі муштук — дэкаратыўную, але, зрэшты, зусім неўжыткоўную рэч.
— Гэта таму, што ты сёння такі нязвыкла дасціпны і пацешны, Гендрык.
Яе манокль падбліснуў яго маноклю. Убачылі, што ў Ангелікі Зіберт, якая стаяла каля Банэці, ад зайздрасці пабялеў нос, вочы напоўніліся слязьмі і адначасова зрабіліся крыху хітраватыя.
Фраў Гэрцфэльд запрасіла Гендрыка выпіць з ёю яшчэ па кубачку кавы. У пустой кавярні татуля Ганзэман ужо тушыў лямпы. У змроку Геда мела свае выгоды: яе вялікі, мяккі твар з пяшчотнымі, разумна адухоўленымі вачыма цяпер здаваўся маладзейшым ці нават зусім безузроставым. Гэта ўжо больш не было засмучанае аблічча інтэлектуальнай жанчыны, якая старэла. Шчокі больш не здаваліся прыпушанымі, а гладкімі. Усмешка вакол па-ўсходняму абмяклых, паўраскрытых вуснаў больш не была іранічная, а амаль спакушальная. Ціха і пяшчотна глядзела фраў фон Гэрцфэльд на Гендрыка Гёфгена. Яна не думала, што сама выглядае больш міла чым звычайна; толькі таму, што Гендрыкаў твар з напружанай пакутлівай рыскай на скронях і высакародным падбародкам быў бледны і выразна вымалёўваўся ў змроку, яна заўважыла і цешылася гэтым.
Гендрык аблакаціўся на стол і паклаў пальцы выцягнутых рук адна на адну. Гэтую прэтэнцыёзную позу ён дазваляў сабе, як чалавек, у якога прыгожыя, гатычна вострыя пальцы. Але рукі ў Гендрыка Гёфгена ні ў якім разе не былі гатычныя; больш за тое яны, здавалася, хацелі сваёй непрыгожай грубасцю зняхаіць рысы пакуты на скронях. Верх рук быў шырокі і ў рыжых валасах; шырокія былі і даволі доўгія пальццы, кашчавыя, з не дужа чыстымі пазногцямі. Менавіта гэтыя пазногці надавалі рукам непрэзентабельны выгляд. Здавалася, яны былі з менш вартаснай субстанцыі: рыхлаватыя, рассыпчатыя, без бляску, без формы.