Гэтыя недахопы прыхоўваў выгадны змрок. Больш за тое, ён надаваў замроенай касавурасці зеленаватых вачэй нейкую загадкавасць і шарм.
— Пра што вы думаеце, Гендрык?— інтымна прыглушаным голасам спыталася Гэрцфэльд пасля доўгага маўчання.
Гэтак жа ціха адказаў і Гендрык:
— Я думаю, што Дора Марцін памыляецца...
Геда нічога больш не пыталася, не пярэчыла, а ён усё глядзеў паўзверх складзеных на стале рук у цемру.
— Я не буду апраўдвацца, — скардзіўся ён. — Не хачу нічога даказваць. Але я, як чалавек, не адбыўся. Я правінцыял.
Ён замоўк, сціснуў вусны, быццам спалохаўшыся сваёй шчырай адкрытасці, на якую спадобіла яго дзіўная гадзіна.
— І больш?.. — з пяшчотным дакорам спыталася фраў фон Геда. — І больш вы нічога не думаеце? Заўсёды толькі пра гэта?
Паколькі ён маўчаў, яна падумала: "Так, гэта, мабыць, адзінае, што яго сапраўды займае. Тое, што ён там гарадзіў пра рэвалюцыйны тэатр і свой рэвалюцыйны энтузіязм — тэта толькі камедыя." Гэта адкрыццё напоўніла яе расчараваннем; але ў нечым яна адчувала сябе нейкім дзіўным чынам задаволенай.
Вочы ў яго загадкава блішчалі. Ён маўчаў.
— А вы хіба не заўважаеце, як мучыце малышку Ангеліку? — спыталася фраў. — Не адчуваеце, што вы — прымушаеце людзей пакутаваць? Дзесьці неяк трэба плаціць за гэта. — Яна не зводзіла з яго жаласнага, запытальнага позірку. — Калі-небудзь трэба будзе і пакаяцца — і пакахаць.
І ёй зрабілася пакутліва ад таго, што так сказалася. Гэта было занадта многа, яна не справілася з сабою. Яна хутка адвяла вочы ад яго твару. На яе здзіўленне ён не пакараў яе ні злоснай ухмылкай, ні пакеплівым словам. Больш за тое, ягоны касавуры застылы позірк свяціўся, звернуты ў цемру, быццам там шукаў адказу на неадчэпныя пытанні, быццам шукаў суцяшэння ў сваіх сумненнях альбо маляваў перад вачыма карціны будучыні, сапраўдным сэнсам у якой было — стацца вялікім.
ІІ
Урок танца
На другі дзень Гендрык назначыў рэпетыцыю на палову дзесятай. Трупа, хто быў заняты ў "Абуджэнні вясны", сабралася дакладна, частка на скразнячнай сцэне, частка ў скупа асветленым партэры. Пасля мала не пятнаццаці хвілін чакання фраў фон Гэрцфэльд адважылася паклікаць Гёфгена з кабінета, дзе ён з дзевяці гадзін раіўся з дырэктарамі Шміцам і Кроге.
Адразу, як толькі ён увайшоў, усім стала ясна, што сёння ён не ў гyморы — ад учарашняй прамяністасці не засталося ні следу. Плечы нервова паднятыя, рукі ў кішэнях, ён таропка прайшоў па партэры і папрасіў, амаль бязгучным ад раздражнення голасам, экземпляр тэксту.
— Я забыў свой дома.
Ён гаварыў горка пакрыўджаным тонам, з якога ўсе прысутныя вычыталі ціхі, але энергічны папрок за тое, што ён, Гендрык, сёння забыўлівы і рассеяны.
— Ну, дык магу я папрасіць? — Яму ўдалося сказаць гэта адначасова глуха і вельмі рэзка.— Няўжо ні ў кога не знойдзецца?
Маленькая Ангеліка падала ямy свой.
— Мне ён больш не патрэбен, — сказала яна і пачырванела. — Я сваю ролю ведаю.
Замест таго, каб падзякаваць, Гендрык рэзка кінyў:
— Хацеў бы спадзявацца! — і адвярнуўся.
На фоне чырвонага шаўковага шаля, які ён накінуў паўзверх кашулі, — альбо пад якім схаваў кашулю, калі яна была на ім, — твар яго глядзеўся асабліва бледна. Адно вока зіркала з-пад паўапушчанага павека пагардліва і злосна; на другім пабліскваў манокль. Раптоўна зусім чыстым, праніклівым і крыху бразгатлівым голасам ён скамандаваў:
— Пачынаем, спадарства!
Усе ўздрыгнулі.
Ён шалёна бегаў па зале, а на сцэне працавалі. Ролю Морыца Штыфеля, пакінутyю сабе, ён даў на падчытку Мікласу, якому яго ўласная роля давала вельмі мала працы. І ў гэтай падчытцы можна было заўважыць наўмысную злосць, бо небарака Міклас больш за ўсё ў жыцці хацеў бы сыграць Морыца. Зрэшты Гёфген, здавалася, сваёй правакацыйнай фанабэрыяй хацеў намякнуць калегам, што яму, асабіста, няма аніякай патрэбы нешта там рэпетыраваць ці рыхтаваць наперад: ён — рэжысёр, ён — над усім, ягоная руціна — такая ж вялікая, як і яго геній, сваю ролю ён выконваў проста, як бы мімаходзь, між іншым; толькі на генеральнай рэпетыцыі ад яго можна было пачуць, убачыць па ім, як павінен быць трактаваны і сыграны Морыц Штыфель, панyры гімназіст, роспачна закаханы, самазабойца.
І вось толькі цяпер ён паказваў, што можна зрабіць з дзяўчыны Вэндлы, хлопца Мэльхіёра, матулі Габар. Гендрык з фантастычным спрытам узляцеў на сцэну: і сапраўды — ён ператварыўся ў пяшчотную дзяўчыну, якая ідзе па ранішнім садзе і хоча абняць цэлы свет, думаючы пра каханага; у жыццепрагнага і гордага юнака; у разумную, клапатліва-запабеглівую матулю. Яго голас гучаў то пяшчотна, то задушэўна, то задуменна. Яму ўдавалася ў гэтыя моманты выглядаць то па-діцячы маладым, то старым. Ён быў яркі актор.