— Якое цудоўнае свята! — усклікнула ёмістая жонка рэйнскага фабрыканта зброі жонцы паўднёва-амерыканскага дыпламата. — Ах, я проста ў захапленні, якая асалода! Мне так весела, што дай бог, каб усім людзям у Германіі і ва ўсім свеце было гэтак сама весела, як мне!
Жонка дыпламата з Паўднёвай Амерыкі, якая не зусім добра разумела па-нямецку і нудзілася, кіславата ўсміхнулася. Вясёлую фабрыканціху расчараваў такі недахоп энтузіязму, і яна рушыла далей.
— Прабачце, дарагая! — сказала яна далікатна, падабраўшы бліскучы шлейф. — Я павінна якраз павітацца з даўняй сяброўкай з Кёльна — маці гера дырэктара дзяржаўных тэатраў, вы ж ведаеце, — маці вялікага Гендрыка Гёфгена.
Тут паўднёваамерыканка нарэшце раззявіла рот, спытацца: "Who is Henrik Hopfgen?", — што змусіла фабрыканціху ціхенька войкнуць:
— Як?! Вы не ведаеце нашага Гёфгена? Гёфген, мая найдаражэйшая, а не Гопфген! І Гендрык, а не Генрык — ён асабліва высока цэніць гэта маленькае "д"!
І ўжо скіравалася да манернай матроны, якая, ведзеная пад руку паэтам і сябрам фюрэра, важна плыла па зале.
— Дарагая фраў Бэла! Вечнасць, як мы не бачыліся! Як вы сябе пачуваеце, мілая? Ці не пячэ вас часам настальгія па нашым Кёльне? Праўда, тут у вас такое бліскучае становішча! А як пажывае фройляйн Ёзі, мілае дзіця? Але сама перш: як Гендрык — ваш вялікі сын?! Божа, як ён узнёсся! Ён, лічыце, — амаль як міністр! Так, так, мілая фраў Бэла, мы ўсе ў Кёльне так сумуем па вас і вашых цудоўных дзецях!
На самай справе мільянерка ніколі не прападала па фраў Бэле Гёфген, пакуль тая жыла ў Кёльне, пакуль яе сын яшчэ не зрабіў вялікай кар'еры. Знаёмства дзвюх дам было мімалётнае, калі ўвогуле было; фраў Бэлу ніколі не запрашалі на вілу фабрыканта! Але цяпер, калі яе сын дастаўся да блізкіх сяброў прэм'ер-міністра, вясёлая, экзальтаваная багачка мёртвай хваткай учапілася ў руку ягонай маці.
Фраў Бэла літасціва ўсміхнулася. Яна была апранута проста, але не без пэўнага пачцівага какецтва; на яе чорнай, гладка прылеглай шаўковай бальнай сукні ззяла белая архідэя. Сівыя, сціпла падвітыя валасы пікантна кантраставалі з даволі малажавым, з прыстойнай любасцю дагледжаным тварам. Круглымі зялёна-блакітнымі вачыма яна з затоенай задумлівай прыязнасцю пазірала на гаваркую даму, якая сваім фантастычным калье, доўгімі завушніцамі, парыжскім туалетам — карацей, усім сваім бляскам і шыкам была абавязана спорым германскім ваенным падрыхтоўкам.
— Не магу паскардзіцца, пажываем даволі добра, — з гордай стрыманасцю сказала фраў Гёфген. — Ёзі заручылася з юным графам Донэрсбэргам, Гендрык крыху ператомлены, ён столькі працуе.
— Магу сабе ўявіць. — На твары ў фабрыканціхі была сама замілаванасць.
— Дазвольце мне прадставіць вам нашага сябра Цэзара фон Мука, — сказала фраў Бэла.
Паэт схіліўся да разбрыльянчанай рукі, і балбатня зноў ажывілася.
— Ах, як цікава, я страшна радая, я адразу вас пазнала па фатаграфіях. Ваша драма "Танэнбэрг" зачаравала мяне ў Кёльне, удалая пастаноўка, вельмі добрая, канечне, без таго бляску, як у нас, у Берліне, — рэч звычайная, але сапраўды досыць прыстойная і, няма чаго й казаць — вартая пахвалы. А вы, гер дзяржўны саветнік, вы тым часам адбылі такое выдатнае падарожжа, цэлы свет толькі і гаворыць што пра вашы дарожныя нататкі, — днямі ж дастану.
— Шмат прыгожага і шмат агіднага пабачыў я на чужыне, — сціпла адказаў паэт. — Але я вандрую па свеце не проста як сузіральнік, не толькі дзеля асалоды, а больш з місіяй — уплываць, вучыць. Здаецца, мне ўдалося там, за мяжой, прыдбаць новай Германіі новых сяброў.
Сваімі сталёва-блакітнымі вачыма, пранікальная і палымяная чысціня якіх была расхвалена ў процьме артыкулаў, ён адразу ацаніў неверагодныя каштоўнасці на мільянерцы з Рэйнланда. "Няблага было б пажыць на яе віле, калі паеду ў Кёльн з дакладам альбо на прэм'еру", — падумаў ён, гаворачы далей уголас:
— Нашаму бясхітраснаму розуму немагчыма ўявіць, колькі ж бо ілжы, колькі зласлівага неразумення нашага рэйха пануе сёння там, у свеце.