Выбрать главу

Артыст Гендрык Гёфген, зрэшты, пазнаёміўся з Чорнай Венерай зусім не на панелі; зусім не, гэта адбылося ў цесным, пракураным і прамацюканым п'янай бражняй кабаку, дзе яна за вечаровы ганарар у тры маркі дэманстравала сваё цёмнае, гладкае цела ў віртуозных рухах рытмічнага стэпу. У праграме змрочнага кабарэ чорная танцорка Джульета Мартэнс значылася як прынцэса Тэбаб — імя, якое яна магла насіць толькі ў якасці сцэнічнага псеўданіма, але на якое прэтэндавала і ў будным жыцці. Калі верыць ёй, яе нябожчыца маці, пакінутая каханка гамбургскага інжынера, была чыстай княскай крыві: была дачкою сапраўднага, бясконца багатага, шчырадушнага, але, на жаль, у самым далікатным узросце з'едзенага ворагамі негрыцянскага правадыра. Што да Гендрыка Гёфгена, дык яго ўражваў не так яе тытул, — хоць і гэта яму было не абы што, — як рухавыя калючыя вочы і мускулы шакаладных ног. Пасля таго як скончыўся нумар прынцэсы Тэбаб, ён зайшоў да яе ў грымёрную, каб выказаць сваё — спачатку, можа, крыху і нечаканае — пажаданне: менавіта — браць у яе ўрокі танцy.

— Сёння актор павінен быць трэніраваны, як акрабат, — патлумачыў ён ёй.

Але прынцэса не вельмі цікавілася яго тлумачэннямі. Зусім не здзівіўшыся, яна тут жа дамовілася з ім пра цану і першую сустрэчу.

Так завязаліся адносіны паміж Гендрыкам Гёфгенам і Джульетай Мартэнс. Цёмнаскурая дзяўчына была "настаўніцай", інакш кажучы, валадаркай, а перад ёю стаяў бледны мужчына, "вучань" — паслухмянец, прыніжаны, які прымаў кару гэтак сама пакорліва, як і рэдкія скупыя пахвалы.

— Глядзі на мяне! — загадала прынцэса Тэбаб, вылупіўшы вочы, тым часам як ягоныя вочы, поўныя пажады і страху, не адрываліся ад яе ўладарнага твару.

— Якая ты прыгожая сёння! — вымавіў ён нарэшце, ледзь варушачы губамі.

— Не вярзі дyрноты! — накінулася яна на яго. — Я не прыгажэй звычайнага!

Пры гэтым яна правяла рукою па грудзях і абцягнула на сабе вузкую плісераваную спаднічку, якая адкрывала калені ў чорных шаўковых панчохах, бо зялёныя боцікі з мяккай лакіраванай скуры даходзілі вышэй сярэдзіны лытак. Пад прыгожыя боцікі і кароткую спаднічку яна насіла яшчэ і шэры футраны жакецік, падняўшы каўнерык да самай патыліцы. На цёмных жылістых запясцях брынчалі шырокія бляшаныя бранзалеты. Самым элегантным атрыбутам яе туалетy была плётка — Гендрыкаў падарунак. Бліскуча чырвоная, з плеценай скуры. Джульета ў пагрозліва рэзкім рытме паляпвала ёю па зялёных боціках.

— Ты зноў спазніўся на чвэрць гадзіны, — сказала яна пасля доўгай паўзы, і злосныя складкі леглі на нізкім пукатым лобе. — Колькі ж я павінна цябе яшчэ папярэджваць, салодзенькі мой? — спытала яна падступна ціха, а пасля, выбухнуўшы гневам: — Годзе! Наелася па горла! Дай лапy!

Гендрык павольна падняў абедзве рукі далонямі ўгору. Пры гэтым не зводзіў загіпнатызаваных, шырокіх вачэй ад жахлівай грымасы каханкі.

Яна пачала рэзкім, вісклівым голасам лічыць удары:

— Раз, два, тры!

Элегантная плеценая плётка са свістам хлястала па ягоных далонях, на іх адразу праступілі тоўстыя чырвоныя пісягі. Боль быў такі пякучы, што на вачах у яго выступілі слёзы. Ён скрывіўся. На першым удары Гендрык ціха войкнуў, пасля авалодаў сабою і стаяў з нерухомым бледным тварам.

— На добры пачатак хопіць, — сказла яна, і ў твары яе раптам пазначылася стомленая ўсмешка, якая зусім не адпавядала правілам гульні: у ёй не было нічога жорсткага, хутчэй гэта была дабрадушная ўсмешка, нават спагадлівая. Яна апусціла плётку, павярнула галаву і застыла — твар у профіль — у прыгожай задуменна-смутнай паставе. — Пераапраніся, — сказала ціха. — Будзем працаваць.

Тут не было шырмы, за якой ён мог бы засланіцца. З-пад напаўапушчаных павекаў Джульета без аніякай цікавасці назірала за кожным яго рухам. Ён распрануўся, зняў з сябе ўсё, адкрыўшы светлае, ужо крыху атлусцелае ў рыжаватых валасах цела, потым нацягнуў світар у белую і блакітную палоску і чорныя спартыўныя трусікі і паўстаў перад ёю ў гэтых подлых строях, якія ён сам называў "трэніровачным касцюмам" — нейкі па-дзіцячы нехлямяжы ў чорных паўчаравіках і белых шкарпэтачках, какетліва згорнутых над костачкамі, у трусіках з бліскучага чорнага паркалю, як y малых хлапчукоў на ўроках фізкультуры, і ў паласатым світары з адкрытымі рукамі і шыяй.

Яна агледзела яго, крытычна і холадна.

— За тыдзень ты яшчэ больш патаўсцеў, салодкі мой, — канстатавала яна насмешліва, паляпваючы плёткай па зялёных боціках.

— Даруй,— ціха сказаў ён. Яго белы твар са строгай лініяй падбародка, чуллівымі скронямі і прыгожага разрэзу скрушлівымі вачыма захоўваў поўную сур'ёзнасць і амаль трагічную годнасць, нягледзячы на гратэсковы ўбор.