— Ах, ты кажаш, проста каб казаць, — сказала яна сур'ёзна і крыху пагардліва. — Бразнyў, што ў галаву ўбілася. У некаторых бывае так, мусова ім трэба нешта ўявіць. Інакш не ў сіле.
Ён правёў пальцамі па яе высокіх мяккіх боціках.
— Але я ведаю, што кахацьму цябе заўсёды, — цяпер ужо заплюшчыўшы вочы, прашаптаў ён. — Я ніколі не знайду такой жанчыны, як ты. Ты жанчына майго жыцця, прынцэса Тэбаб.
Яна недаверліва пахітала цёмным сур'ёзным тварам над яго белым, стомленым.
— А ты ж мне нават не дазваляеш хадзіць у тэатр, калі іграеш, — сказала яна незадаволена.
Ён выдыхнуў:
— Тым не меней я іграю толькі дзеля цябе, толькі табе, мая Джульета. У табе мая сіла.
— Але я больш не дазволю забараняць мне, — сказала яна ўпарта. — Я ўсё адно пайду ў тэатр, дазволіш ты ці не. Днямі прыйду, сяду ў партэры, і буду рагатаць, як толькі ты выйдзеш на сцэну, малпачка ты мая.
Ён сказаў парывіста:
— Не жартуй так!
Ён спалохана расплюшчыў вочы, прыўзняўся. Але выгляд Чорнай Венеры, здаецца, зноў супакоіў яго. Ён усміхнуўся, пачаў дэкламаваць:
— Viens-tu du ciel profond ou sors-tu de l'abіme — о Beautе?
— Што за глупства ты вярзеш? — перабіла яна яго.
— Гэта вунь з той цудоўнай кнігі — растлумачыў ён, паказваючы на французскі томік у жоўтым акладзе, які ляжаў каля лямпы на століку, — гэта былі "Les Fleurs du Mal" Бадлера.
— Не разумею нічога, — сказала Джульета з прыкрасцю.
Але ён не даўся збіць сябе з тропу, цытаваў далей:
— Як ты можаш пароць такую блазноту? — І яна дакранулася цёмным вузкім пальцам да ягонага рота.
Але ён, як і раней, пявуча, меланхалічна, казаў далей:
— Ты ніколі мне не расказваеш пра былое тваё, прынцэса Тэбаб, там, на радзіме тваёй.
— А я нічога не памятаю, — адрэзала яна.
Пасля яна пацалавала яго — можа, каб спыніць нетактоўныя паэтычныя роспыты. Яе раззяўлены звярыны рот з цёмнымі, патрэсканымі губамі і крывавым языком павольна наблізіўся да яго прагных і бледных вуснаў.
Як толькі яна адвяла свой твар ад ягонага, ён загаварыў зноў:
— Не ведаю, ці зразумела ты мяне, калі я сказаў, што іграю толькі дзеля цябе і дзякуючы табе?
Пакуль ён гаварыў, пяшчотна і замроена, яна пагладжвала сваімі вопытнымі пальцамі яго парадзелыя шаўкавістыя валасы, якім лямпа надавала чырванаваты бляск. Яна перабірала яго валасы не ласкава, а сур'ёзна, дзелавіта, нібыта збіраючыся стрыгчы.
— Я ж уважаў гэта цалкам даслоўна, — сказаў ён далей. — Калі я хоць трошкі падабаюся публіцы, калі маю поспех, — дык гэтым я абавязаны табе. Бачыць цябе, кранаць цябе, прынцэса Тэбаб, мне гэта як нейкія дзівосныя лекі... нешта цудоўнае, незвычайнае асвяжэнне.
— Ах, ты толькі і ўмееш, што балбатаць і хлусіць, — па-мацярынску ўсміхнулася яна. — Але ж і гаўно ты, даражэнькі, што і не бачыла такога.
Каб прымусіць яго замоўкнуць, яна паклала абедзве рукі яму на твар. Шырокія бранзалеты звінелі ў яго каля падбародка. На яго шчоках пакоіліся яе светлыя далонькі. Нарэшце ён змоўк, ямчэй уладзіўся на падушцы, нібы хацеў заснуць. І зноў, як бы шукаючы ратунку, абняў рукамі чорную дзяўчыну.
Яна ціха ляжала ў ягоных абдымках, пакінуўшы рукі на яго твары, быццам дзеля таго, каб прыхаваць ад яго сваю далікатна-пагардлівую ўсмешку.
ІІІ
"Кнорке"
Сезон быў у поўным разгары, неблагі сезон для Гамбургскага мастацкага тэатра. Оскар Х. Кроге не меў ні каліва рацыі, кажучы, што тысяча марак у месяц Гёфгену — пераплата. Без гэтага актора і рэжысёра тэатр аніяк не мог бы абысціся; ён цягнуў на сабе няма ладy колькі ўсяго, быў нястомны і вынаходлівы. Ён іграў усё: ролі маладых і старых; не толькі Міклас меў прычыны зайздросціць яму, але і Петэрсэн, і нават Ота Ульрыхс; але гэты быў заняты больш важнымі рэчамі і не дужа сур'ёзна прымаў тэатральную буднасць. Гёфген заваяваў дзіцячыя сэрцы як дасціпны і прыгожы прынц на паказах каляднай казкі; дамы лічылі яго забойным у французскіх лёгка-гутарковых п'есах і камедыях Оскара Уайльда; літаратурная гамбургская публіка дыспутавала пра яго поспех у "Вясновым абуджэнні", пра ролю адваката ў стрынбергаўскіх "Мроях", ролю Леанса ў бюхнераўскім "Леанс і Лена". Ён умеў быць элегантным, але і трагічным. У яго была сцярвозная ўсмешка, але ж і пакутніцкая складка над скронямі. Ён зачароўваў іскрыстай дасціпнасцю, ён імпанаваў уладарна паднятым падбародкам, рэзкім камандным тонам і ганарыста-нервовым жэстам; ён кранаў сваім пакорлівым, бездапаможна блукаючым позіркам, пяшчотнай, незямной разгубленасцю. Ён быў дабрадушны і подлы, пыхлівы і пяшчотны, агрэсіўны і прыгнечаны — рыхтык, як таго вымагаў рэпертуар. У шылераўскім "Падступстве і каханні" ён іграў папераменна то маёра Фердынанда, то сакратара Вурма — экзальтаванага палюбоўніка і гнюснага інтрыгана, — пры тым, яму не было ніякай патрэбы так какетліва падкрэсліваць сваю здольнасць да пераўвасаблення, у ёй і без таго ніхто не сумняваўся. Раніцай да абедy рэпетыравалі "Гамлета", а папалудні фарс "Міцэ ўмее ўсё". Прэм'ера фарса адбылася пад Каляды і мела вялікі поспех; Шміц мог радавацца; а з прычыны "Гамлета" разбушаваўся Кроге, які ўжо на генеральнай рэпетыцыі хацеў забараніць прэм'еру.