Але вось прайшла дужа настраёвая калядная прэм'ера, прайшлі іншыя прэм'еры, сезон ўжо блізіўся да канца, амаль ужо канчаўся, а рэвалюцыйны тэатр існаваў толькі на шыкарнай паперы, на якой Гёфген вёў перапіску, урачыстую і вельмі шырокую, са славутымі аўтарамі сацыялістычнага толку. І вось аднаго разу, калі Ота Ульрыхс зноў учапіўся ў яго са сваімі ўгаворамі, Гендрык адказаў яму, што ў гэтым сезоне, на яго вялікі жаль, з прычын проста фатальных ужо нічога не выйдзе: на жаль, давядзецца патрываць да восені. Твар Ульрыхса адразу азмрочыўся. Але Гендрык паклаў руку на плячо сябра і аднадумца і загаварыў тым неадольным для супраціву голасам, які спярша спяваў, трымцеў, а потым мацнеў і звінеў меддзю, бо Гёфген бічаваў маральны распад буржуазіі і славіў міжнародную салідарнасць пралетарыяту. Ульрыхс здаўся.
Развіталіся з доўгім поціскам.
Тады якраз рыхтавалася апошняя навінка сезону: у камедыі Тэафіла Мардэра "Кнорке" Генрык Гёфген быў на галоўнай ролі. Гэтая грамадска- драматычная п'еса Мардэра мела вялікі поспех. Усе знаўцы хвалілі індывідуальна адточаную форму п'есы, яе беспамылковую сцэнічнасць, пераканаўчасць і духоўна-бязлітасную вастрыню. На прэм'еру "Кнорке" збіраліся прыехаць крытыкі з Берліна. Зрэшты, на прэм'еру з халадком у сэрцы чакалі і самаго аўтара, бо неаспрэчная высокая аўтарытэтнасць ацэнкі Мардэрам самаго сябе была ўсім гэтак сама ж вядомая, як і ягонае нахабства і схільнасць да беспрычынных, гучных і зацяжных скандалаў.
Але пры ўсім страху Гёфген радаваўся будучаму прыезду славутага драматурга. Ён амаль не сумняваўся, што гэты празарлівец і вопытны знаўца высока ацэніць ягонае выканаўчае майстэрства. "Я павінен быць на вышыні ў "Кнорке"! — прысягнуў сабе Гендрык.
Каб цалкам аддацца ролі, ён перадаў рэжысуру дырэктару Кроге, вялікаму спецыялісту ў камедыях Тэафіла Мардэра.
"Кнорке" належаў да цыклу сатырычных п'ес, якія высмейвалі нямецкую буржуазію часоў Вільгельма ІІ. Герой камедыі быў выскачка, які з дапамогай цынічна заробленых грошай і ардынарнага, нізкага, пыхлівага розуму заваёўвае сабе ўладу і ўплывы ў высокіх колах. Кнорке быў суцэльны гратэск, але і імпазантны. Ён — абсалютна новы тып буржуазнага парвеню — вельмі жыццеўстойлівага, далёкага ад высокай маральнасці. Гёфген дужа надаваўся на поспех у гэтай ролі. Ён умеў перадаць жорсткасць, рэзкасць, а часам і мала не мілую безабароннасць. Ён унёс у ролю і нясмелую, спярша сляпyчую велічнасць гранда, якая праяўлялася ў паставе і рухах, жэстах, і вульгарную, спрытную дэмагогію мярзотніка, гатовага на ўсё, каб выцерабіцца ў людзі, і бледнае, застылае, амаль гераічнае аблічча, і нават жудасць у вачах, калі ён бачыць свой узлёт, які сапраўды каркаломны і можа закончыцца менавіта зламаным каркам. Несумненна, у гэтай ролі Гёфген будзе сенсацыяй.
Яго партнёрка, спадарожніца ў жыцці Кнорке, не менш бессаромная за яго самога, але слабейшая толькі таму, што кахае, што кахае Кнорке, — яго партнёрку ў геніяльнай камедыі іграла маладая дзяўчына, якую Тэафіл Мардэр энергічна, амаль нават гнеўна прапіхваў у назойлівых пісьмах. У Нікалеты фон Нібур было яшчэ даволі мала практычнага тэатральнага вопыту — яна выступала рэдка і толькі ў малых гарадках, — але была істотай самаўпэўненай, умела амаль у страх увагнаць. У рэзкім тоне Мардэр пагражаў няшчаснаму Оскару Х. Кроге самым жахлівым скандалам, калі дырэкцыя Мастацкага тэатра не ангажыруе фон Нібур на галоўную гераіню. Застрашаны і збязволены грозным драматургам Кроге запрасіў Нікалету дзеля пробы выступіць у "Кнорке". Яна прыехала з гарой чамаданаў з чырвонай лакіраванай скуры, у шыракаполым мужчынскім капелюшы і вогненна-чырвоным плашчы, гарбаносая, з бліскучымі кашэчымі вачыма, прыгожа-высакалобая. Усе ў "Г. М." адразу заўважылі, што яна была — асоба: Моц зазначыла гэта багавейна ўсхваляваным голасам, ніхто не адважваўся пярэчыць ёй, нават Рахэль Морэнвіц, хоць гэтая і была незадаволеная прыездам новенькай, бо і Нікалета была таксама юная дэманічная дама і, каб даказаць гэта свету, ёй не патрэбен быў ні манокль, ні доўгі муштук.
Рольф Банэці і Петэрсэн дыспутвалі, ці можна назваць Нікалету прыгожай. Энтузіяст Петэрсэн лічыў, што яна "проста асляпляльная"; асцярожлівы знаўца Банэці абмежаваўся акрэсленнем — "цікавая".
— Пра прыгажосць і гаворкі быць не можа пры такім носе!! — нядбала сказаў ён.
— Затое якія вочы, цудоўныя! — захапляўся Петэрсэн, азіраючыся навакол, ці не было паблізу Моц. — А як трымаецца! Проста велічна, можна сказаць!
Нікалета прайшла за вокнамі пад руку з Гёфгенам, усе гэта заўважылі. Яе галава з ганарыстым носам, бліскучым паглядам і высокім лобам была падобная на галву юнака эпохі Адраджэння; гэта з сумнай пранікнёнасцю адзначыла сабе фраў фон Гэрцфэльд, якая раўніва назірала за парай. Нікалета трымалася роўна і проста. Ярка нафарбаваныя тонкія губы рэзка і дакладна артыкулявалі, кожная фраза звінела акуратна і выразна; галосныя яна вымаўляла неяк далёка наперад, і яны гучалі бліскуча і гладка, не прападаў ніводзін зычны, і нават самыя неістотныя службовыя словы неслі з сабою трыумф маўленчай тэхнікі.