Яго твар быў такі застылы, што кожны рэпарцёр назваў бы яго "дрэварытам": наморшчаны лоб, сталёвыя вочы пад светлымі брывамі і сцятыя вусны, якія гаварылі з лёгкай саксонскай вымаўкай. Фабрыканціха моцна падупала ўражанню як ад яго выгляду, так і ад высакароднай вымоўнасці.
— Ах, — летуценна паглядзела яна на яго. — Калі вы будзеце ў Кёльне, канечне наведайце нас!
Дзяржаўны саветнік Цэзар фон Мук, прэзідэнт акадэміі пісьменнікаў і аўтар паўсюдна гранай драмы "Танэнбэрг", з рыцарскай асаністасцю пакланіўся:
— Палічу за вялікі гонар, васпані. — Нават руку на сэрца паклаў.
Прамысловічыха знайшла яго чароўным.
— Якое шчасце будзе цэлы вечар слухаць вас, экселенц!— усклікнула яна. — Колькі ж бо ўсяго ўсякага вы пабачылі! Вы ж нават, здаецца, пабылі дырэктарам дзяржаўных тэатраў?
Пытанне здалося нетактоўным як далікатнай фраў Бэле, так і аўтару "Танэнбэрга" — трагедыі. І ён досыць рэзка сказаў:
— Так, вядома.
Багачка з Кёльна нічога не заўважыла. Яна вяла сваё, з нейкай недарэчнай дураслівасцю:
— Ужо крышку ці не раўнуеце вы, гер саветнік, да нашага Гендрыка, вашага наступніка? — і лёгенька пагразіла пальчыкам.
Фраў Бэла не ведала, куды вочы падзець. Але Цэзар фон Мук даказаў, што свецкасць чалавека, калі яна даволі рассудлівая, можа сысці за арыстакратычнасць. Па яго "дрэварыце" прабегла ўсмешка, толькі на першы покід вока крыху гаркаватая, а насамрэч мяккая, лагодная, а тобта нават і мудрая.
— Мне прыемна было несці гэты цяжар, так, я рабіў гэта ахвотна, ад шчырага сэрца, і з радасцю перадаў майму сябру Гёфгену, які, як ніхто іншы, па справядлівасці пакліканы несці яго далей.
Голас яго дрыжаў; ён быў усхваляваны і паланёны шырынёй сваёй натуры і гожасцю помыслаў.
На фраў Бэлу, гер-дырэктараву матулю, яго словы таксама зрабілі моцнае ўражанне. А жыццёвая спадарожніца гарматнага караля была аж так кранута манерамі і веліччу славутага драматурга, што мала слязы не пусціла. Несамавітым намаганнем волі яна праглынула гатовыя пырснуць слёзы расчуленасці, прамакнула вугалкі вачэй шаўковай хустачкай і ўсімі заўважаным кіўком атрэсла з сябе поўны мілажальнасці настрой. Перамагла ў ёй чыста рэйнская бадзёрасць, яна зноў жыццерадасна ўскінула вочы і весела сказала:
— Якое цудоўнае свята!
А свята і праўда ж было цудоўнае, што ні кажы. Як усё ззяла, пахла, шалясцела і цурчала! Аж і не сказаць, ад чаго было больш таго ззяння: ад брыльянтаў ці ад ордэнаў. Яўна неашчаджанае святло люстраў слізгатала і пералівалася па дэкальтаваных белых плячах, аголеных спінах і распамажаных тварах дам; па ўкормленых карках, накрухмаленых манішках і абшытых галунамі мундзірах тоўстых гергераў; па потных тварах лёкаяў, што снавалі з асвяжальнымі напоямі. Пахошчамі дыхалі кветкі, якімі быў густоўна аранжаваны ўвесь гэты рай; парыжскімі парфумамі духмянілі прамыслоўцы і напамажаныя станіста-юныя элеганты-эсэсаўцы ў сціпла-строгіх уніформах; пахла прынцамі і прынцэсамі, шэфамі гестапа, рэдактарамі газет, кіназоркамі, універсітэцкімі прафесарамі, якія ўзначальвалі кафедры расавых і ваенна-абарончых навук; дзе-а-дзе патыхала і яўрэйскімі банкірамі, чыё багацце і міжнародныя сувязі былі такія магутныя, што нельга было не дапусціць іх нават на гэта эксклюзіўнае мерапрыемства. Аблокі штучных пахошчаў быццам меліся перабіць іншы пах — тухлаваты, саладжавы пах крыві, якога — хоць і любілі яго, якім мала што прасмердла ўся краіна,— пры такой далікатнасці нагоды і ў прысутнасці замежных дыпламатаў крыху саромеліся.
— Неверагодна, — сказаў адзін высокі рэйхсверавец другому, — чаго толькі не дазваляе сабе трыбухач!
— Пакуль мы патураем гэтаму, — сказаў другі, і абодва накінулі на твары маскі зычлівай настраёвасці — іх фатаграфавалі.
— На Лоце, кажуць, сукенка ў тры тысячы марак, — сказала кінаактрыса Гогенцолернаваму прынцу, танцуючы з ім.
Лота была жонка тытулаванага і магутнага прэм'ер-міністра, які святкаваў сваё саракатрохгоддзе, як казачны прынц. Лота была правінцыйная акторка і лічылася добрай, сціплай, шчыранямецкай жанчынай. У дзень вяселля казачны прынц загадаў пакараць смерцю двух пралетарыяў.
Прынц Гогенцолерн сказаў:
— Такой раскошы мая сям'я ніколі сабе не дазваляла... Калі ж, нарэшце, высокая пара зробіць гонар паявіцца? Наша чаканне таксама мае межы!
— Лотхен ўмее падаць сябе,— дзелавіта сказала колішняя сяброўка маці краіны.
Несумненна, свята ўдалося: усе госці, як ганарова запрошаныя, так і тыя, што заплацілі па пяцьдзесят марак, каб пабыць на бале, адчувалі гэта. Танцавалі, балбаталі, фліртавалі; захапляліся сабою і іншымі, але найбольш уладай, якая спрамагаецца ладзіць такія дарагія пышнасці. У ложах, кулуарах, у буфетах з горамі ежы і пітва кіпелі гутаркі. Пра туалеты дам, пра багацце таго ці іншага магната, пра прызы ў розыгрышы дабрачыннай латарэі: самы каштоўны прыз, казалі, была свастыка з брыльянтамі, рэч занадта мілая і дарагая, каб насіць яе замест брошкі альбо як давесак на дарагое калье. Дасведчаныя бажыліся, што будуць і адмысловыя забаўныя суцяшальныя прызы, напрыклад, танкі і гарматы з любекскага марцыпану, ну, як жывыя. Некаторыя дамы какетліва заяўлялі, што такія салодкія прылады смерці ім больш па душы, чым сама свастыка. Смяяліся радасна і сардэчна. Прыглушана абгаворвалі палітычныя матывы мерапрыемства. Кінулася ў вочы, што дыктатар адмовіўся прыехаць, што многіх відных партыйцаў не запрасілі і што, наадварот, нездарма, відаць, запрасілі так многа персаналіяў з княскіх сем'яў. З гэтай прычыны папаўзлі ўсялякія нашаптам перадаваныя цёмныя і поўныя падтэксту пагудкі. Хадзілі апошнія навіны і пра здароўе дыктатара; іх абмяркоўвалі ціхама і заўзята як у коле замежных журналістаў і дыпламатаў, так і сярод вайскоўцаў і прамыслоўцаў.