— Тэафіл зноў знайшоў самае дакладнае слова — ты сапраўды тыпаж!
Падышоў Кроге, прамармытаў нешта прыемнае. Запэўніў фройляйн фон Нібур, што меў бы вялікую асалоду працягваць з ёю сумесную працу, што хацеў бы, каб заўтра яна зайшла ў бюро абмеркаваць умовы. Нікалета тут жа накінула сваю падступна-карэктную маску, цырымонна пакланілася і ў дакладных словах выказала сваё задавальненне з прычыны рашэння дырэктара.
Тэафіл Мардэр запрасіў абедзвюх маладых дам і актора Гёфгена ў вельмі дарагі, хутчэй буржуазны салідны, чым модны рэстаран. Гендрык там яшчэ ні разу не быў, і гэта сталася Мардэру зачэпкай рэзка заявіць, што гэты рэстаран — адзіная "будка" ў Гамбургу, дзе на стол падаюць смачнае — салідны кошт, затое добры стары стыль, а ва ўсіх жа астатніх месцах, калі верыць драматургу, — падаюць толькі ёлкі тлушч і смярдзючую смажаніну, а тут бывае высокае выбранае спадарства, якое ведае смак жыцця; тут і вінны склеп неблагі.
Сапраўды, на абшытых карычневымі панелямі сценах віселі карціны з паляўнічага жыцця і прыгожыя кілімы, а за столікамі сядзелі толькі пажылыя геры з выглядам мільянераў. Яшчэ больш годнасна, вядома, выглядаў обер-кельнер; у рышпекце, з якім ён прыняў заказ Тэафіла, можна было разгледзець нейкую долю іроніі. Мардэр прапанаваў пачаць з лангустаў.
— Што вы на гэта скажаце, мой добры Генрык? — спытаўся ён у Гёфгена з той хітрай карэктнасцю, якой Нікалета, відаць, навучылася ад яго.
Гендрык не ведаў, што адказаць. Зрэшты, ён пачуваўся крыху няўпэўнена і скавана ў гэтым рэстаране для саліднага спадарства. Яму нават здалося, што обер-кельнер пагардліва прыгледзеўся да яго смокінга, на якім у некалькіх месцах паблісквалі тлустыя плямы. Пад выпрабавальным позіркам выпешчанага афіцыянта Гендрык на нейкі момант, але вельмі імпэтна адчуў сваю рэвалюцыйную сутнасць. "Не месца мне ў гэтым рэстаране для капіталістычных эксплуататараў", — падумаў ён злосна, калі яму налівалі белае віно. Цяпер ён ужо дакараў сябе за тое, што адцягваў з адкрыццём рэвалюцыйнага тэатра. Але Мардэр яго расчараваў. Гэты бязлітасны прадбачлівы і небяспечны крытык буржуазнага грамадства паказаў сябе, калі прыгледзецца да яго бліжэй, вось так супраць-насупраць, панком з даволі сумніўнымі рэакцыйнымі схільнасцямі. У яго бурклівы, начальніцкі голас, падступны позірк, на ім занадта бездакорна пашыты цёмны гарнітур з залішне старанна падабраным гальштукам, а што да лангустаў, якіх толькі што падалі на стол, дык ён з фатальным веданнем выбірае самыя лепшыя. І ў яго ж ці не шмат чаго агульнага з тымі персанажамі, з якіх ён здзекуецца ў сваіх п'есах? Вось ён нахвальвае добрыя старыя часы, калі ён быў малады, — дзе ж тут з тым часам, хоць бы ў адным пункце, дараўнаецца новы, пусты і бездухоўны! А сам між тым не зводзіць халодных, неспакойных, прагных вачэй з Нікалеты, якая, сваім цягам, тонка згінае не толькі губы, але і ўсё цела ў металічнай бліскучай вячэрняй сукенцы. Барбара ціха сядзела побач. Гендрык, якога гідзіў правакацыйны флірт Нікалеты з Мардэрам, нарэшце перанёс увагу на Барбару. І заўважыў: яе позірк выпрабавальна скіраваны на яго. Гендрык Гёфген сумеўся.
У глыбіні сэрца ён спалохаўся таго, што ўбачыў у Барбары Брукнер павабнасць, якое не заўважаў у іншых жанчынах. Ён сустракаў шмат жанчын, але такой — ніколі. Разглядваючы яе, ён у думках прыгадваў у вельмі дакладнай паслядоўнасці, як калі б трэба было падвесці рысу пад доўгім і брудным мінулым, усіх жанчын, з якімі калі-колечы меў дачыненні. Ён як бы зладзіў ім агледзіны, усіх успомніў, каб усіх выбракаваць: моцных і крамяных дзевак з Рэйна, якія без лішніх цырымоній і ламання ўвялі яго ў грубую рэальнасць любові, сталых, але яшчэ даволі статных прыяцелек яго маці Бэлы; маладых, але не дужа пяшчотлівых прыяцелек сястры Ёзі; спрактыкаваных берлінскіх вулічных красунь і не менш дзелавітых шлюх з правінцыі, якія рабілі яму тыя самыя адмысловыя паслугі, якіх ён ад іх патрабаваў, такім спосабам адбіваючы сабе смак на менш вострыя, больш звычайныя асалоды; заўсёды гатовых да паслуг актрыс, якім ён, аднак, дарыў такі гонар толькі ў самых рэдкіх выпадках, а часцей змушаў дастаткавацца яго капрызнай, чароўна жорсткай дружбай; і мноства аматарак, то па-дзявочы нясмелых, то патэтычна-томных, то іранічна-разумных. Яны яшчэ раз паўсталі перад ім у сваіх абліччах і постацях, каб адразу адступіць, знікнуць, растаць перад толькі што адкрытай, ні на што не падобнай вабнасцю Барбары. Нават Нікалета, цікавая дачка авантурыста і чароўная субяседніца з усёй яе карэктнасцю і сапсаванасцю цяпер — амаль камічны персанаж. Гендрык ахвяраваў ёю, яго цікавасць да яе патухла, а чым толькі ён не ахвяраваў бы ў гэта зараджанае лёсам, вызначальнае, салодкае імгненне? Ці не было гэта першай вялікай здрадай Джульеце, любаснай каханцы, якую ён сам называў сэнсам свайго жыцця і вялікай сілай, што ўзнаўляла і апладняла ягоныя сілы? З Нікалетай, на нагах якое можна было ўявіць сабе зялёныя боцікі, ён ніколі не змог бы ашукаць Джульету. У самым крайнім разе яна магла б стацца эрзацам Чорнай Венеры, але, вядома, не яе суперніцай. Суперніца сядзела тут. Яна выпрабавальна разглядвала Гендрыка, калі ён, у сваю чаргу, пачаў разглядваць яе, — не завабна скасавурыўшыся, не загадкава бліскаючы вачыма, а з сапраўдным хваляваннем, якое робіць чалавека бездапаможным. Яна апусціла вочы і адвярнулася.