Гэта было для Гендрыка ключавое слова. Цяпер ён павёў размову больш жыва. Натхніўшыся, з гарачым румянцам, ён гаварыў пра пераўтварэнні дэкаратыўнага стылю, пра ўсё тое, што ў гэтай вобласці застаецца яшчэ адкрыць альбо абнавіць, палепшыць. Барбара слухала, адказвала, глядзела выпрабавальна, усміхалася, рабіла нейкія незразумелыя рухі рукамі, голас яе гучаў шальмавата-рассеяна, і яна выказвала разумныя, прадуманыя меркаванні.
Гендрык і Барбара гаварылі ціха, захоплена, не без пэўнага інтыму. Нікалета і Мардэр тым часам спакушальна іскрылі вачыма, пусціўшы ў ход усё сваё майстэрства. Прыгожыя драпежныя вочы Нікалеты ззялі яшчэ больш, чым звычайна, выразнасць яе вымаўлення набыла трыумфальны характар. Паміж ярка нафарбаванымі губамі, калі яна смяялася і гаварыла, блішчалі маленькія вострыя зубы. Мардэр, са свайго боку, фантаніраваў інтэлектуальнымі феерверкамі. Яго рухавы, дрыготлівы рот, які рабіў нездаровае ўражанне сваёй блакітнаватасцю, амаль не закрываўся. Праўда, у Мардэра была звычка з вялікім напорам паўтараць адно і тое самае. Найперш ён палка настойваў, што цяперашні час, самым непрадузятым і прызнаным суддзёй якога ён лічыў сябе, — самы паскудны, самы безнадзейны з усіх часоў. Няма цяпер духоўнага руху, няма агульных тэндэнцый. Але найперш гэтаму часу бракуе асобаў. Ён, Мардэр, — адзіная асоба на ўвесь свет, і яго недаацэньваюць. Бянтэжыла толькі, што назіральнік і суддзя еўрапейскай пагібелі не супрацьпастаўляў гэтай запрапалай цяпершчыне будучыні, якую варта любіць і дзеля якое варта было б ненавідзець сучаснае. Наадварот, прыніжаючы сучаснае, ён расхвальваў мінулае, якое менавіта ён якраз і бачыў наскрозь, з якога ён і кпіў і якое так геніяльна растрыбушыў у сваіх п'есах. Разгарачаная Нікалета з нічога не здзіўлялася. Інакш ёй магло б здацца незразумелым, што менавіта чалавек, які называў сам сябе класічным сатырыкам буржуанай эпохі, цяпер да нябёсаў узносіў афіцэрства старой германскай арміі і рэйнскіх прамыслоўцаў і бачыў у іх ідэал беспахібнай дысцыпліны і асабістай адвагі. Стары пакепнік і перасмешнік, чый духоўна бесхрыбетны радыкалізм споўз і перарадзіўся ў нешта рэакцыйнае, пяяў славу фізічным і маральным якасцям прускіх генералаў і раздражнёным голасам унтэра здзекаваўся з трухлай мяккацеласці цяперашняга пакалення.
— Ні пароды! Ні дысцыпліны! — грымеў ён так голасна і злосна, што пажылое герства за чырвоным ротвейнам здзіўлена павярнула галовы. — Жанчыны — і тыя выйшлі з-пад дысцыпліны! — крычаў ашалелы Мардэр. — Нічога не валакуць у каханні, з аддачы зрабілі гешэфт, яны такія ж плоскія і вульгарныя, як і мужчыны. — На гэтым месцы Нікалета засмяялася з такім выклікам, што Мардэр галантна дадаў: — Ёсць, вядома, і выключэнні!
І зноў пачаў аплёўваць. На яго думку, нямецкія мужчыны начыста страцілі ўсякае паняцце пра парадак і паважлівасць з таго часу, як адменена ўсеагульная вайсковая абавязанасць. Сёння праз гэтую трухлявую дэмакратыю ўсё зрабілася мішурой, падробкай, падманам, рэкламным штyкарствам.
— Калі б гэта не было так, — з горыччу пытаў Мардэр, — ці ж не быў бы я першым чалавекам у дзяржаве? Хіба ж звышчалавечая сіла і здольнасць майго мозгу не пакліканы вырашаць самыя істотныя праблемы грамадскага жыцця, а тым часам сёння, калі страчаны ўсе стымулы і маштабы правільнага разумення, мой голас, хай сабе і ледзь чутны, зрабіўся голасам нячыстага сумлення грамадства!
Вочы яго палалі, худы твар, які бледнасцю кантраставаў з чорнымі вусамі, сказіўся. Каб супакоіць яго, Нікалета нагадала яму, што ніводзін сучасны драматург не ставіцца сёння так часта, як ён. Ён злёгку ўлешчана ўсміхнуўся, але ўжо праз некалькі хвілін зноў азмрочыўся. І раптам закрычаў на Гендрыка Гёфгена, які заглыбіўся ў задушэўную гутарку з Барбарай:
— А вы служылі, мілы пане?
Гендрык, збіты спанталыку і абураны такім пагрозлівым зваротам, павярнуў да яго даволі разгублены твар. Мардэр грымеў:
— Адказвайце, мой пане!
Натужліва ўсміхаючыся, мой пан адказаў:
— Не, вядома, не... Дзякуй богу, не!...
І Мардэр пераможна зарагатаў:
— Вось вам і на! Ніякай дысцыпліны! Дзе тут асоба! Альбо ж вы мне скажаце, што ў вас ёсць дысцыпліна? Альбо, можа, вы асоба? Усё суцэльная мура, усё эрзац, чыстае плябейства і смердзь, куды вокам ні кінь, кyды ні плюнь!
Гэта ўжо было бессаромнае нахабства; Гендрык і сам не ведаў, як яму рэагаваць. Ён адчуваў, што закіпае; але дзеля дам, а яшчэ і таму, што яму імпанавала слава Мардэра, ён рашыў ухіліцца ад скандалу. Да таго ж яму падалося, што ў пісьменніка нешта з нервамі. Але як дзівосна і непазнавальна перамяніўся Мардэр — голас набыў злавесна прыглушаны тон, вочы зрабіліся прарочымі: