— Усё гэта скончыцца жахліва. — Ён прашаптаў гэта, але ў якія далячыні, у якія глыбіні заглянулі цяпер ягоныя вочы, што так адразу набылі такую пранікнёнасць? — Здарыцца самае страшэннае, папомніце маё слова, дзеткі, калі гэта здарыцца, я гэта прадбачыў, наперад адгадаў. Наш час гніе, ён смярдзіць. Успомніце мяне — я ўнюхаў гэта загадзя. Мяне круці не круці — не абкруціш! Я прадчуваю катастрофу, яна блізіцца. Яна будзе беспрэцэдэнтная. Яна праглыне ўсіх і ўсё, і нікога не будзе шкада, апрача мяне. Усё, што сёння стаіць, рассыплецца ўшчэнт. Усё прагніло. Я ўсё абмацаў, усё праверыў і пракляў. Калі ўсё грымнецца, пахавае і нас пад сабою. Мне і вас шкада, дзеткі, бо вы не зможаце пражыць ваша жыццё. А я пражыў прыгожае, цудоўнае жыццё.
Тэафілу Мардэру было пяцьдзесят. Ён быў тры разы жанаты. Яго ненавідзелі і высмейвалі, ён зведаў поспех, славу і багацце.
Ён змоўк і цяжка дыхаў, астатнія за сталом таксама не азваліся ні гукам. Нікалета, Барбара і Гендрык апусцілі вочы.
Раптам настрой у Мардэра зноў крута перамяніўся. Ён разліваў чырвонае віно і зрабіўся нязбыт галантны. Гёфгена, якога ён толькі што зняважыў, цяпер абсыпаў кампліментамі за яго ігру.
— Я, канечне, разумею, — сказаў ён, як добры патрон, — яно й не дзіва, роля ж бліскучая, дыялог бясконца дасціпны. Але гэтыя няшчасныя, што сёння называюць сябе акторамі, настолькі бяздарныя, што нават у маіх п'есах ім удаецца быць бяскрылымі і нуднымі. А вы, Гёфген, прынамсі, хоць нешта петрыце ў тэатры. Сярод сляпых вы мне здаяцеся аднавокім. Ваша здароўе! — І ён падняў чарку. — Здаецца, вы няблага станцаваліся з нашай Барбарай, — весела дадаў ён.
Барбара сур'ёзна падняла вочы, зірнула на яго з'едлівую ўхмылку. Гендрык памарудзіў, перш чым чокнуцца з Тэафілам: задзірысты тон драматурга, што да Барбары, ён прыняў як недарэчнасць. Здавалася, Мардэр, які гучна хваліўся не толькі сваімі ведамі ў вінах і соўсах, але і беспамылковым нюхам на жанчын, гэтым разам зусім не заўважае Барбару. Ён глядзеў толькі на Нікалету, а тая ўсяляк пазбягала пяшчотных і заклапочаных позіркаў Барбары.
Мардэр заказаў шампанскага да салодкага, толькі што прынесенага выдалікатненым обер-кельнерам. Было ўжо за поўнач. Салідны рэстаран, дзе не засталося ўжо гасцей, апрача гэтых чатырох дзівакоў, даўно ўжо зачыніўся б. Але Мардэр паказаў афіцыянтам, што яны атрымаюць прыстойныя чаявыя, калі затрымаюцца крыху больш звычайнага. Вялікі сатырык, пільнае, няўсыпнае сумленне сапсаванай цывілізацыі, цяпер дэманстраваў свой талент лагоды і дабрадушлівасці. Ён расказваў анекдоты з жыцця прускай ваеншчыны і са славянска-яўрэйскага быту. Час ад часу пазіраў на Нікалету, каб сказаць:
— Шыкарная дзяўчына! Дысцыплінаваная асоба! Сёння гэта такая рэдкасць!
Альбо разглядваў Гёфгена і бадзёра крычаў:
— Гэты так званы Гендрык — тыпаж, пашукай такога іншага! Каласальны феномен! Такі па мне, павінен сказаць вам!
Гендрык не перабіваў яго — хай хваліцца, хай гарэзуе і ззяе. Ён не зайздросіў ягонаму вяршэнству. У яго не было аніякай ахвоты канкурыраваць з ім. Хай сабе Мардэр пануе за сталом: Гендрык шчыра смяяўся з яго жартаў. У гэтай сітуацыі Гендрык меў сваю пяшчотную і дзіўную асалоду: побач з раскручаным Тэафілам ён сам здаваўся прыціхлым і далікатным — а гэта ўдавалася рэдка. Такім ціхім і выхаваным ён павінен быў здацца і Барбары, якой наўрад ці падабалася Мардэрава шумната. Гёфген адчуваў, што выпрабавальны позірк Барбары з цікаўнасцю і сімпатыяй скіраваны на яго. Ён ведаў, што спадабаўся дзяўчыне. Самыя радасныя надзеі нарадзіліся ў яго ўсхваляваным сэрцы.
Разышліся позна. Гендрык пайшоў дамоў пеша. Яму хацелася падумаць пра Барбару. Пачуццё чыстай закаханасці было для яго абсалютна новае, да таго ж яно памацнела ад дарагіх напояў. "У чым яе сакрэт? — думаў Гёфген. — Думаю, у абсалютнай прыстойнасці. Яна самы прыстойны чалавек з усіх, каго мне давялося пабачыць. Яна самы натуральны чалавек з усіх, каго я сустракаў. Яна магла б быць маім добрым анёлам".
Ён спыніўся сярод вуліцы, цемра была пяшчотная, духмяная. Ужо ж бо амаль лета. А ён і не заўважыў, як прайшла вясна. Сэрца яго спалохалася шчасця, пра якое і не падазравала, да якога не было падрыхтаванае папярэднім пяшчотным вопытам.
"Барбара будзе маім добрым анёлам".
Сустрэчы з прынцэсай Тэбаб на другі дзень ён чакаў з жахам. Ён павінен быў папрасіць сваю настаўніцу танцаў на некі час спыніць урокі. Да гэтага рашэння яго падвяло новае, вялікае пачуццё да Барбары. Але ён загадзя пакутаваў пры думцы, што больш не ўбачыць Джульету, і дрыжаў, прадчуваючы ўспышку яе шалу. Ён спрабаваў растлумачыць ёй перамену сітуацыі ў самым спакойным тоне, але голас яго дрыжаў, і сцярвозная ўсмешка не ўдавалася, наадварот, ён то бялеў, то чырванеў, і вялікія кроплі поту збегліся на лобе. Джульета бушавала, гарлала, што не дасца, каб яе выкінулі як нейкую такую, што яна гэтай фройляйн Нікалеце, праз якую ён пайшоў на такое нахабства, вочы выдзярэ. Гендрык падрыхтваўся адразу зведаць плёткі і ўмольваў яе супакоіцца, бажыўся, што фройляйн фон Нібур тут ніякага дачынення не мае.