Пра тое Гендрык yжо і сам паспеў падумаць. Хмель кахання, які яшчэ круціў яму галаву — прынамсі, так думалася, — не мог цалкам выціснуць больш цвярозых меркаванняў. Тайны радца Брукнер быў чалавек вялікі і не бедны. Саюз з яго дачкою прынясе вой колькі ўсякіх перавагаў, апрача шчасця. Ці мае рацыю Нікалета ў сваім цынізме і катэгарычнасці? Ці ўзважыла Барбара магчымы шлюб з Гендрыкам Гёфгенам? Як далёка дастае яе цікавасць да яго? А раптам гэта толькі забаўка? Твар шальмаватай гарэзлівай мадонны быў непранікальны. Нічога не выдаваў і сакавіты, з залатым адлівам, глыбокі голас. Але што гавораць яе выпрабавальныя вочы, так часта скіраваныя на яго, Гендрыка, з цікаўнасцю, спагадай, прыязнасцю, можа нават, з пяшчотай?
Трэба спяшацца, калі хочаш дабіцца свайго: сезон канчаўся, блізіліся і апошнія прадстаўленні "Кнорке". Барбара і Нікалета з'едуць. І Гендрык рашыўся. Нікалета заявіла, што надумалася на вялікую прагулку з Рольфам Банэці. Барбара, значыцца, заставалася адна. І Гендрык пайшоў да яе.
Была доўгая размова, і скончылася яна тым, што Гендрык упаў на калені і заплакаў. У слязах ён прасіў Барбару злітавацца з яго.
— Ты мне так патрэбная, — усхліпваў ён, паклаўшы ёй галаву на калені. — Без цябе я прапаў. Ува мне ці мала дрэні. Адзін я не змагу адолець гэта дрэннае, справіцца з ім, а ты ўмацуеш ува мне лепшае.
Гэтая пакутліва-нязграбная патэтыка ўвяла яго ў роспач. Бо разгублены позірк Барбары адкрыў яму, што рашучыя заявы Нікалеты былі альбо памылкай, альбо нахабнай хітрасцю: Барбара Брукнер ніколі не думала пра шлюб з акторам Гёфгенам.
Ён павольна падняў заліты слязьмі твар ад яе каленяў. Яго бледны рот уздрыгваў, мігценне вачэй, якія нагадвалі каштоўныя камяні, патухла, яны здаваліся аслеплымі ад гора.
— Ты не кахаеш мяне, — выціснуў ён, рыдаючы. — Я нішто, з мяне нічога не выйдзе, ты не кахаеш мяне, я прапашчы чалавек...
Ён больш не мог гаварыць. Усё, што яшчэ меў сказаць, не сказалася, а пралепяталася.
З-пад апушчаных павек Барбара глядзела на яго валасы. Яны ўжо парадзелі. На макаўцы старанна прычасаныя пасмы прыкрывалі плешыну. Але цяпер гэтыя пасмы былі ў поўным беспарадку. Магчыма гэтыя ўбогія валасы і расчулілі Барбару.
Не дакранаючыся рукамі да яго мокрага твару, які ён, не расплюшчваваючы вачэй, падняў да яе, яна сказала вельмі павольна:
— Калі табе гэтага так хочацца, Гендрык... Мы маглі б паспрабаваць... Маглі б паспрабаваць...
Пасля гэтага Гендрык ускрыкнуў, ціха, хрыпла, што прагучала прыглушаным пераможным лямантам.
Гэта былі заручыны.
ІV
Барбара
Барбара доўга не магла апамятацца ад здзіўлення пасля прыгоды, да якой ні яе сэрца, ні думкі не былі гатовыя і вынікі якое, здавалася, нельга было ўбачыць наперад. Як яна дайшла да гэтага? Як такое магло здарыцца? Што яна ўзяла на сябе? Ці ж не адчувала яна такога глыбокага кантакту з гэтым шматзначным і ўвішным, у найвышэйшай ступені таленавітым, часам кранальным, часам мала не агідным чалавекам — з гэтым камедыянтам Гендрыкам Гёфгенам?
Барбару амаль немагчыма было спакусіць, нават самыя выпрабаваныя хітрыя штyкі не краналі яе. Але тым больш пэўна абуджаліся спагада і педагагічная спакyса памагчы. Гендрыкава вопытнасць і хітрына адразу гэта выявілі. З таго першага вечара, калі ён у пераканаўчым кантрасце з Мардэравай шумнай бравадай разыгрываў ціхую вытанчанасць, пры Барбары ён мудра і абачліва адмовіўся ад выяўленчага мастацтва ў паводзінах. Яны гаварылі толькі пра рэчы сур'ёзныя і душапарыўныя: пра яго этычна-палітычныя погляды, пра яго самотную маладосць, пра цяжкія чары яго мастацтва; але ў самую рашучую хвіліну ён паказаў дзяўчыне заплаканы, аслеплы ад душэўных пакутаў твар, і ўсё, што ён мог бы яшчэ сказаць ёй, абярнуў у лепятанне.
Барбара прывыкла, што ў неспакойныя хвіліны душэўных замяшанняў сябры звярталіся па дапамогу да яе. Не толькі Нікалета з яе блытанымі споведзямі бывала ў яе, заходзілі і маладыя людзі і нават пажылыя бацькавы сябры, калі ім была патрэбная суцешніца. Яна ўмела разбірацца ў болесцях іншых, а вось сабе з маладых гадоў забараніла любыя болі, забараніла прымаць занадта блізка да сэрца сваю бязраднасць альбо жаліцца каму б тое ні было. Таму ўсе думалі, што няма нічога такога, што магло б парушыць яе душэўную раўнавагу. Усе Барбарыны сябры лічылі яе роўным, энергічным, разумным, усебакова таленавітым, мяккім, сталым і ўпэўненым у сабе чалавекам. Магчыма, з усіў блізкіх да яе людзей толькі адзін ведаў пра яе хістанні, паняверкі, пра яе меланхалічную любасць да мінулага, пра яе страх перад будучым: стары Брукнер ведаў сваё любаснае дзіця.