— Ідзі першая, дзіця маё, і пакажы твайму сябру, дзе яму пакласці гэты прыгожы капялюш.
У пярэднім пакоі панаваў прыценены халадок. Пачціва ўдыхаў Гендрык пах памяшкання: водар кветак, якія стаялі на сталах і на каміне, змешваўся з тым далікатным і сур'ёзным пахам, які ішоў ад кніг. Бібліятэка запаўняла ўсе сцены да столі.
Гендрыка павялі праз пакоі. Ён напускаў на сябе, нешта балбатаў, каб паказаць, што імпазантнасць памяшкання яго ані не бянтэжыць. Зрэшты, амаль нічога ён і не заўважаў. Так толькі сякія-такія дэталі кідаліся ў вочы: вялікі страшны сабака, ён зарычаў і падняўся, Барбара пагладзіла яго, і сабака адышоў, важна і салідна; партрэт нябожчыцы-маці, якая ласкава глядзела з-пад высокай старамоднай прычоскі; пажылая пакаёўка ці ахмістрыня — маленькая, дабрадушная і гаваркая — у неверагодна доўгім накрухмаленым фартуху. Яна прысела ў рэверансе перад жаніхом маладое гаспадынькі, потым доўга і шчыра ціснула яму руку і адразу ж пасля гэтага завяла з Барбарай нyдную гаворку пра хатнія справы. Гендрык здзівіўся, як добра разбіралася Барбара ў кухонных справах і ў садоўніцтве. Зрэшты, яму здалося дзіўным, што старая прыслуга хоць і называе Барбару "ласкавай паненкай", але гаворыць з ёю на "ты".
І вось у гэтых панскіх харомах, засланых цудоўнымі дыванамі, увешаных кілімамі і карцінамі, застаўленых бронзай, жыла-пажывала Барбара; тут прайшла яе маладая краснасць. Гэтыя кнігі яна чытала; у гэтым садзе прымала сяброў. Ахаванае пяшчотнаю любоўю бацькі, прайшло яе дзяцінства, чыстае, запоўненае гульнямі, тайныя правілы якіх былі вядомыя толькі ёй, прайшлі і дзявочыя гады. Апрача кранальнай пяшчоты, безмаль багавейнай, Гендрык адчуў раптам, не рашаючыся прызнацца ў гэтым нават самаму сабе, наплыў зайздрасці. Неадчэпнай пакутай засела думка, што заўтра ў гэтыя пакоі яму давядзецца ўвесці сваю маці Бэлу і сястру Ёзі. Ён загадзя, ужо цяпер, саромеўся іх мяшчанскасці. Шчасце яшчэ, што не зможа прыехаць бацька Кёбес.
Стол накрылі на тэрасе. Гендрык быў у захапленні ад прыгажосці саду, градаў, дрэў і сцежак. Тайны радца паказаў на статую Гермеса, які схаваў у кучаравай бярозавай лістоце статную худзізнy памкнёнага ўгору, гатовага да палёту маладога цела. Гэтым выдатным творам мастацтва, здавалася, гаспадар асабліва ганарыўся.
— Так, так, ён прыгожы, мой Гермес, — сказаў ён, і ў яго ўсмешцы прамільгнула нешта падобнае на ўхмылку. — Кожны дзень я нанава радуюся, што ён мой і што так добра ўпісваецца ў мой бярэзнік.
Вядома, ён радаваўся і таму, што меў многа добрага віна і розных напояў; наліваў сабе ў меру, але даволіўся ўсім па чарзе і ўсё пахвальваў.
— Люблю маліну, — задаволена, калі падалі дэсерт. — Добра. Адпавядае пары года і пахне прыемна.
Настрой, які ішоў ад яго, быў дзіўнай сумессю дамавітай урачыстасці і ўтульнасці, недаступнай халоднасці і зычлівай дагоды. Здаецца, зяць яму спадабаўся. Ён выказваў яму цёплую прыхільнасць, магчыма, не зусім свабодную ад іроніі. Ягоная ўсмешка нібы казала: "Такія тыпы, як ты, дарагі мой, таксама патрэбныя на гэтым свеце. Не скажу, каб мне не было пацешна назіраць за імі, прынамсі, нуда не заесць. Праўда, ні ў калысцы мне пра тое не спявалі, ні сам я сасніць і ўзычыць сабе такога не мог, каб піжон накшталт цябе ў асобе майго зяця застольнічаў поплеч са мною. Але я прывык прымаць рэчы такімі, якія яны ёсць, трэба ўмець бачыць у феноменах лепшыя і смешныя бакі, а зрэшты, мая Барбара, відаць, мела свае разумна ўзважаныя рэзоны ісці за цябе..."
Гендрыку здалося, што ў яго ёсць шанцы на поспех. Далей ужо ён не мог адкладваць спакyсy спадабацца, чаго б там таго ні было, не мог не пайсці выпрабаванай дарогай — страляць вачыма. Адкінуўшы галаву назад, шматзначна і пераможна ўсміхаючыся, ён зноў надаў вачам падабенства з каштоўнымі камянямі, і, яно яму далося, — тайны радца быў зачараваны гэтым позіркам. Пажылы чалавек застаўся ўважлівы і захаваў усмешку на твары, калі яго зяць Гёфген пачаў у завучаных словах эфектна выкладаць свае светапогляды, пры чым знаходзіў самыя забойчыя фармyлёўкі для эксплуатарскага цынізму буржуазіі і блюзнерчага шаленства нацыяналістаў. Стары не перабіваў яго ўзнёслай дэкламацыі. Толькі адзін раз падняў худую чырвоную руку, каб уставіць: