Выбрать главу

— Вы з такой пагардай гаворыце пра буржуазію, дарагі пане Гёфген. Але я таксама буржуа. Праўда, не нацыяналіст і, спадзяюся, не эксплуататар, — прыязна сказаў ён.

Гендрык, твар якога над ружовай сарочкай расчырванеўся ад жвавай гутаркі і віна, нешта прамармытаў, што, бач, існуе надбуржуазны тып людзей, якіх умеюць цаніць прыхільнікі ідэй камунізму, што вялікая спадчына буржуазных рэвалюцый і ліберлізму застанецца навечна ў пафасе бальшавізму, і гэтак далей, з самымі прымірэнчымі запэўніваннямі.

Тайны радца рухам рукі і ўсмешкай спыніў гэты паток красамоўства. Але потым, быццам сапраўды хацеў пераканаць Гёфгена ў сваёй палітычнай непрадузятасці, ва ўласцівай яму спаважнай, узважанай, велягурыста грунтоўнай і пераканаўчай манеры расказаў пра тыя значныя ўражанні, якія ён атрымаў ад свайго падарожжа па Савецкім Саюзе.

— Кожны аб'ектыўны назіральнік павінен прызнаць, і ўсе мы павінны звыкнуцца з думкай, што там нараджаецца новая форма чалавечага суіснавання, — павольна сказаў ён і паглядзеў блакітным позіркам удалеч, быццам бачыў там вялікія падзеі ў той краіне. І строгім голасам дадаў: — Гэты факт могуць аспрэчваць толькі дурні альбо ашуканцы.

Але тут жа адразу перамяніў тон.

Папрасіў, каб яму пасунулі міску з малінай, і з хітраватай усмешкай, схіліўшы галаву набок, сказаў:

— Зразумейце мяне правільна, дарагі гер Гёфген, натуральна, свет гэты мне чужы, нават, баюся, занадта чужы, але ж хіба гэта павінна азначаць, што я адмаўляю яго вялікую будучыню?

І ён кіўнуў Барбары, якая падавала яму вяршкі. Гендрык быў рады, што можна зноў гаварыць. Здавалася, яго не дужа цікавілі падрабязнасці пра Савецкі Саюз. Затое ён палка загаварыў пра рэвалюцыйны тэатр і пра ганенні рэакцыі, якія выпалі яму ў Гамбургу. Ён стаў рэзкі, фашыстаў называў то "звярамі", то д'ябламі", то "ідыётамі" і гнеўна бічаваў тых інтэлігентаў, якія з прычыны гнюсотнага прыстасаванства патураюць ваяўнічаму нацыяналізму.

— Іх усіх трэба перавешаць! — усклікнуў Гендрык, нават па стале стукнуў.

Тайны радца прымірэнча зазначыў:

— Так, так, непрыемнасці былі і ў мяне.

Гэтай заўвагай ён намякаў на вядомыя скандальнасці: бурныя сцэны, якія яму ладзілі студэнты-нацыяналісты, на гнюсныя нападкі рэакцыйнай прэсы.

Пасля трапезы пажылы гаспадар папрасіў актора Гёфгена паказаць што-небудзь з яго рэпертуару. Гендрык, зусім да таго не падрыхтаваны, доўга ўпіраўся. Але тайнаму радцу хацелася пазабавіцца: калі ўжо яго дачка выйшла замуж за камедыянта ў ружовай кашулі і з маноклем, дык ён, бацька, прынамсі, спадзяецца на прадстаўленне. І давялося Гендрыку дэкламаваць у гасцёўні вершы Рыльке. Нават пажылая ахмістрыня і сабака прыйшлі паслухаць яго. Да маленькай аўдыторыі далучылася таксама і Нікалета, якая не абедала з імі і якую тайны радца прывітаў з іранічнай цырымонлівасцю. Гендрык вельмі стараўся, пусціў у ход усе сродкі, зрабіў сваю справу вельмі добра і заслужыў апладысменты. Калі ён закончыў выступ урыўкам з "Карнэта", тайны радца не без хвалявання паціснуў яму руку, а Нікалета, узорна артыкулюючы, пахваліла яго "выдатную вымаўку".

На другі дзень прымалі абедзвюх дам Гёфген — маці і дачку. Гендрык сказаў Барбары, чакаючы іх на пероне:

— Сама ўбачыш: Ёзі кінецца мне на шыю і раскажа, што зноў заручылася. Гэта жахліва — яна заручаецца сама мала раз кожных паўгода, і з кім, абы з кім! Мы заўсёды радуемся, калі ўсё канчаецца разрывам. Мінулага разу гэта ледзь не скончылася смерцю бацькі. Жаніх быў аўтагоншчык, ён узяў бацьку з сабой у машыну, і паездка завяршылася ў яры. Аўтагоншчык, дзякаваць богу, сканаў, а бацька толькі нагy выкрyціў. Вядома, ён вельмі шкадуе, што не можа быць сёння з намі.

Усё было, як і прадказаў Гендрык: сястра Ёзі у яркай жоўтай летняй сукенцы ў чырвоныя кветкі, выпырхнула з вагона, пакуль маці корпалася з чамаданамі ў купэ, кінулася брату на шыю і бурна запатрабавала, каб ён павіншаваў яе. Гэтым разам гаворка ішла пра некагась, хто працаваў на кёльнскім радыё.

— Я змагу спяваць перад мікрафонам! — радавалася Ёзі. — Ён казаў, што я вельмі здольная. Увосень мы пажэнімся, ты шчаслівы, Гайні? Гендрык! — паправілася яна вінавата. — Ты таксама шчаслівы? — Гёфген строс яе, як настырлівага сабачку, і паспяшаўся насустрач маці, якая ў акно гyкнyла насільшчыка. Ёзі тым часам расцалавала Барбару ў абедзьве шчокі.

— Як я радая пазнаёміцца з табою, — трашчала яна. — Канечне, мы павінны перайсці на "ты". "Вы" было б занадта крута для нявестак. Вой, я такая радая, што Гендрык нарэшце жэніцца, дагэтуль толькі я заручалася! Гендрык напэўна расказваў табе, як яно блага скончылася мінулага разу. Татава нага дагэтуль у гіпсе. А вось y Канстанціна сапраўды выдатнае становішча на радыё. Мы ў кастрычніку пабяромся! А ты цудоўна глядзішся, Барбара, і адкуль у цябе гэтая сукенка, напэўна сапраўдная парыжская мадэль!