Выбрать главу

Бо ў Кёльне, у бацькі Кёбеса, цяпер прыкаванага праз зламаную нагу да ложка, не было ні парку, ні залаў, засланых дыванамі, ні бібліятэкі, ні карцін; наадварот, там былі пыльныя пакойчыкі, у якіх Бэла і Ёзі кіпуча шуравалі, калі прыходзілі госці, але кіслі і апускаліся, як толькі заставаліся адны. Бацька Кёбес не вылазіў з даўгоў і скардзіўся на людскую подласць, калі на яго націскалі крэдыторы. Але яшчэ пакутлівей за хандру былі яго прыступы дабрадушнасці ў святы, а тое і зусім без ніякай прычыны. Тады гатавалі "пуншэц", і тата Кёбес запрашаў усіх спяваць разам з ім канон. Малады Гендрык, праўда, аднекваўся. Бледны і змрочны, сядзеў ён у сваім куце, і адзінай яго думкай было: "Мне трэба вырвацца з гэтага асяроддзя, трэба пакінуць яго як мага хyтчэй..."

"Добра Барбары, — думаў ён цяпер, гутарачы з генераліхай. — Перад ёю былі адкрытыя ўсе дарогі. Яна тыповае дзіця буйнога капіталу. Як здзівілі б яе чорныя бакі жыцця, якія зведаў я. Усё, чаго я даб'юся, і чаго ўжо дабіўся, — усё гэта я сам, сам, дзякуючы сваім намогам". Не без з'едлівасці ён сказаў сваёй маладой жонцы, калі яна падвяла яго да стала, заваленага віншавальнымі тэлеграмамі і падарункамі:

— Тэлеграмы, вядома, усе табе. Мяне няма камy віншаваць.

Барбара засмяялася, як падалося яму, даволі пагардліва і нават самазадаволена:

— Наадварот, Гендрык. Многія павіншавалі аднаго цябе, напрыклад, Мардэр.

З вялікага стоса пісьмаў, паштовак і дэпешаў яна выбрала тыя, што былі адрасаваныя Гендрыку. Апрача Тэафіла Мардэра, чыё віншаванне было складзена ў шматзначна-карэктных, яўна пагардлівых выразах, ляжалі віншаванні ад маленькай Ангелікі Зіберт, дырэктараў Шміца і Кроге, Геды фон Гэрцфэльд і — ён жахнуўся — ад Джульеты. Адкуль яна даведалася адрас, дату? Гендрык пабялеў, змяў тэлеграму. Каб адцягнуць увагу, ён пачаў іранічна-ўзнёсла захапляцца падарункамі, якія атрымала Барбара: парцалян і срэбра, крышталь, кнігі, акрасы, любоўна і старанна выбраныя сябрамі і родзічамі.

— І што ж нам з усім гэтым рабіць? — спытала Барбара, бездапаможна азіраючы раскладзеныя на стале даброты. Гендрык думаў пра тое, як элегантна глядзеліся б усе гэтыя штучкі ў ягоным гамбургскім пакоі. Але нічога не сказаў, усміхнуўся і паціснуў плячыма.

Падышоў малады чалавек, прысутнасць якога крыху непакоіла Гендрыка, — Себасцьян. Ён гаварыў з Барбарай таропка, на нейкім цяжка зразумелым, багатым інтымнымі намёкамі жаргоне. Гендрык толькі з вялікай цяжкасцю ўлоўліваў сутнасць. Сам сабе зазначыў, што гэты хлопец, якога Барбара называе сябрам маладосці, пра якога кажа, што ён піша цудоўныя вершы і разумныя артыкулы, яму вой які несімпатычны. "Ён фанабэрысты і нязносны!" — думаў Гендрык, сумеўшыся ў прысутнасці Себасцьяна, хоць той быў з ім вельмі ветлівы. Але менавіта гэтая прыязная ветлівасць, якая ні да чога не абавязвала, абражала яго. Попельна-светлыя валасы Себасцьяна густа ападалі на лоб; у яго былі чыстыя, крыху стомленыя рысы, доўгі нос, а вочы шэрыя, прымглёныя. "Мабыць, яго бацька таксама які-небудзь прафесар чагось там, ці нешта такое падобнае, — рашыў сабе Гендрык. — Спешчанае, дасціпнае дзіцятка, менавіта з такіх, што псуюць маладых дзяўчатак, такіх, як Барбара".

Пасля застолля сядзелі разам у скляпку: на тэрасе было ўжо гарачавата. Фраў Бэла палічыла мусовым пагаварыць пра літаратуру. Яна расказала, што ў цягніку прачытала нешта страшна мілае, што літаральна ўразіла яе, — як гэта яго, прозвішча аўтара, "ну, вось гэтага рускага, вялікага! Самага вялікага іхняга!" — усклікала нябога, уся ў пакуце.

— І як гэта я забыла прозвішча, гэта ж мой любімы пісьменнік!

Нікалета спыталася, ці не пра Талстога яна.

— Ну так, — Талстой! — радасна пацвердзіла фраў Бэла. — Я ж і кажу — самы вялікі! Гэта была нейкая яго зусім новая рэч...

Неўзабаве высветлілася, што гэтыя захапленні ў маці Гёфгена выклікала апавяданне Дастаеўскага. Гендрык пачырванеў, як печаны рак. Каб змяніць тэму размовы і даказаць пыхліваму колу, што ў цяжкія моманты ён не здрадзіць сваёй маці, ён пачаў дэманстрацыйна гутарыць толькі з ёю і з вясёлым смехам перабіраў розныя пацешныя прыгоды са свайго мінулага. Як забаўна было, калі маці з сынам на масленіцу зладзілі маскарад і напалохалі бацьку Кёбеса! Фраў Бэла пераапранулася ў пашу, а маленькі Гендрык, якога тады звалі Гайнцам (але цяпер гэта не згадвалася), — у баядэру. Усё перавярнулі дагары нагамі. Тата Кёбес не верыў сваім вачам, калі явіўся дадому.