Нягледзячы на нервознасць Гендрыка, перажылі яны тут і вясёлыя гадзіны. З раніцы ўсе трое ляжалі на дашчаных мастках, якія далёка заходзілі ў блакітную ваду, да якіх удзень прычальваў маленькі, белы з золатам, пацешны параходзік. Нікалета займалася гімнастыкай і трэніравалася. Яна скакала цераз вяроўку, хадзіла на руках, выгіналася, аж даставала лобам да зямлі, а Барбара ляніва выгравалася на сонейку. Затое падчас купання Барбара давала сто ачкоў форы спрытнай Нікалеце: Барбара хутчэй і даўжэй плавала. Што да Гендрыка, дык ён увогуле не прыдаваўся на ніякія спартыўныя высцігі. Ён крычаў, толькі ступіўшы ў халодную ваду, і толькі пасля доўгіх угавораў і кпінаў Барбара прымушала яго зрабіць некалькі плавальных рухаў. Не заходзячы на глыбокае, Гендрык моршчыўся і пакутаваў у небяспечнай стыхіі. Барбара весела назірала за ім. Аднаго разу крыкнула яму:
— Проста смешна, які ты падобны на маці, асабліва калі плаваеш. Божухны, у цябе ж рыхтык яе твар!
Гендрык ад смеху не мог ужо грэбці рукамі і так наглытаўся вады, што, каб крыхy — yтапіўся б. Затое як бліскуча ён паказаў сябе ўвечары на танцах! Усе госці і нават кельнеры прыйшлі ў захапленне, калі ён павёў у танга Нікалету, а пасля Барбару. Ніхто больш не ўмеў так грацыёзна і велічна рухацца.
Гэта быў сапраўдны канцэрт. Усе пляскалі, калі Гендрык закончыў. Ён раскланьваўся, усміхаўся, быццам на сцэне. Калі ён адчуваў сябе часткай публікі, чалавекам сярод людзей, прыходзіла нясмеласць, яму рабілася не па сабе. Упэўненасць вярталася, yпэўненасць пераможцы, калі меў магчымасць аддзяліцца ад публікі, уступіць у палосу яркага святла і ззяць. Па-сапраўднаму бяспечна было толькі на ўзвышэнні, сам-насам з натоўпам, які існаваў толькі дзеля таго, каб схіляцца перад ім, артыстам, захапляцца ім, апладыраваць ямy.
Аднаго разу неяк выявілася, што на беразе возера, прыгажосць якога так горача расхвальвала Нікалета, стаіць віла Тэафіла Мардэра. Барбара прыціхла, і вочы ў яе пацямнелі ад задумлівасці, калі яна даведалася пра гэта. Спачатку яна адмовілася наведаць сатырыка. Але нарэшце дазволіла Нікалеце ўгаварыць сябе і згадзілася паўдзельнічаць у экскурсіі. Возера пераехалі на белым з золатам параходзіку, які так часта бачылі каля масткоў. Надвор'е было цудоўнае; лёгкі свежы ветрык варушыў сінюю, як неба ваду. Чым больш весялела Нікалета, тым больш цішэла Барбара.
Тэафіл Мардэр чакаў гасцей на беразе. Ён быў у спартовым касцюме ў буйную клетку з шырокімі штанамі-гольф і ў белым трапічным шлеме, які глядзеўся на ім вельмі дзіўна. Гаворачы, ён не вымаў з рота кароткай англійскай люлькі. Калі Нікалета спыталася ў яго, з якіх гэта давён ён курыць люльку, той у адказ толькі рассеяна ўсміхнуўся.
— Новы чалавек — новыя звычкі. У мяне пераўтварэнні. Кожнай раніцы я палохаюся. Прачынаюся, і я ўжо не той, якім заснуў звечара. Мой розум мацнее за ноч. У сне мне ўдаюцца неверагодныя адкрыцці. Таму я так многа сплю: не менш чатырнаццаці гадзін.
Гэта паведамленне, якое наўрад ці было здольнае зняць неспакой ад трапічнага шлема, было аздоблена шчырым бляяннем — смяшком. Але потым Тэафіл паводзіўся ўжо прыстойна. З Гендрыкам і Нікалетай ён быў элегантна ласкавы, а Барбары, здалося, проста не заўважаў.
Пасля таго як яны перакусілі ў вялікай, светлай і элегантнай сталовай, ашаляванай панелямі нефарбаванага дрэва, Тэафіл абняў Гёфгена за плячо і адвёў яго ўбок.
— Ну вось, між намі, мужчынамі, — сказаў драматург, палымнеючы вачыма і цмокаючы сінімі губамі. — Вы задаволеныя вашым эксперыментам?
— Якім эксперыментам? — пацікавіўся Гендрык.
Адказам быў рогат. Тэафіл яшчэ мацней зацмокаў прагным ротам.
— Як якім? Ну ясна ж, вашай жаніцьбай! — прашаптаў ён сіпла. — Вы тыпус што трэба. Гэта ж кінуцца ў такое! З гэтай дачкою тайнага радцы ўправіцца нялёгка. Я спрабаваў, — прызнаўся ён, і вочы яго злосна звузіліся. — Яна вам радасці не прынясе, дарагі мой. Яна ж – качка-нязграба, паверце мне, самаму дасведчанаму знаўцу нашага часу, — яна качка.
Гендрыка так уразіла гэтае слова, што ў яго з вока выпаў манокль, Тым часам Мардэр весела тыцнуў яму ў жывот.
— А, нічога, не крыўдуйце! — усклікнуў ён, раптам здабыўшы выдатны настрой. — Можа, у вас што-небудзь і склеіцца, хто яго ведае... Вы ж яшчэ той тыпус...
Пасля абеду ён увесь час скардзіўся на татальную адсутнасць дысцыпліны, што так смутна афарбоўвае эпоху. Пры гэтым ён не стамляўся бясконца паўтараць свае выпрабаваныя формyлы, yвесь час вёў сваё:
— Ні адной асобы! Толькі я адзін. Як ні азіраюся вакол! На цэлы свет толькі адзін я!