Ён запальчыва параўноўваў сябе з некаторымі вялікімі людзьмі мінулага, а менавіта з Гёльдэрлінам і Аляксандрам Вялікім. Потым пачаў раздражнёна хваліць "добры стары час", калі ён быў малады, і ў гэтай сувязі перайшоў да тайнага радцы Брукнера.
— Каласальны зануда, гэты стары, — казаў Тэафіл. — Але ўсё-такі салідная старая школа, не шарлатан. Усё-такі ён варты павагі. А далей — горш. Наш час нараджае толькі крэтынаў і злачынцаў.
Потым ён павёў маладых людзей — Нікалету, Барбару і Гендрыка — у сваю бібліятэку, у якой было некалькі тысяч тамоў, і зажадаў, каб яны спачатку "крыху падвучыліся".
— Вы ж нічога не ведаеце! — закрычаў нечакана. — Татальная непісьменнасць, здзічэласць! Хоць ты крэч крычы! Знечалавечанае пакаленне. А таму ўсеагульная еўрапейская катастрофа непазбежная, а з вышэйшага пункту сузірання — цалкам заслужаная!
Калі ён пачаў правяраць, ці ведае Гендрык спражэнне няправільных грэчаскіх дзеясловаў, Барбара рашыла, што пара адкланьвацца.
Па дарозе дамоў, на параходзе, Нікалета заявіла, што яе авантурыст бацька, мусіць, быў такі самы, як Тэафіл Мардэр.
— У мяне не захавалася ніводнага яго партрэта, — сказала яна, задуменна гледзячы на ваду, ужо без сонечных блікаў, жамчужна-шэрую і ўжо прыспакоеную сутоннем. — Ані аднюткага — толькі люлька для опіуму. Але ж напэўна ў яго было шмат чаго агульнага з Тэафілам. Я адчуваю. Таму я адчуваю з Мардэрам такое сваяцтва.
Пасля маленькай паўзы Барбара сказала:
— Я ўпэўная, што твой бацька быў куды мілейшы за гэтага Мардэра. Мардэр, згадзіся, не зусім прыемны.
Нікалета злосна, весела зірнула на яе кашэчымі вачыма і ціхенька ўсміхнулася.
Нікалета цяпер ледзь не кожнага дня ездзіла на той бераг, дзе была віла Мардэра. Яна ад'язджала аполудні і вярталася звычайна ўначы. Барбара рабілася ўсё больш ціхая і задуменная, асабліва ў тыя нядоўгія гадзіны, якія праводзіла з Нікалетай.
Зрэшты, неразумны і ўпарты флірт Нікалеты з Тэафілам быў не адзінай прычынай, якая прымушала Барбару задумвацца. Калі яна ўначы ляжала адна ў ложку — а яна ляжала адна, — яна прыслухоўвалася да сябе, спрабуючы зразумець, ці лягчэй ёй ці цяжэй ад дзіўных, крыху нават ганебных паводзінаў Гендрыка, якія можна было ахарактарызаваць як асечку. Так, ёй было лягчэй, але і горш...
Пакоі Барбары і Гендрыка злучалі дзверы. Познім часам Гендрык звычайна заходзіў да жонкі, карцінна апрануўшыся ва ўжо крыху патрапаны раскошны халат. Адкінуўшы галаву, прыкрываючы павекамі мігатлівы касы позірк, ён спяшаўся да Барбары і запэўніваў яе пявучым голасам, што ён так рады, такі ўдзячны ёй і што яна назаўсёды сэнс яго жыцця. Ён абдымаў яе, але неяк вокаўзам і, трымаючы яе ў абдымках, бляднеў. Ён пакутаваў, ён тросся, пот выступаў у яго на лобе. Сорам і злосць напаўнялі яго вочы слязьмі.
Ён не быў гатовы да такога фіяска. Ён думаў, што кахае Барбару, ды, зрэшты, і кахаў яе. Магчыма, яго сапсавала дружба з прынцэсай Тэбаб? Ах, ён ніяк не мог уявіць зялёных боцікаў на прыгожых ножках Барбары. Марныя забегі абярталіся пакутай. У вачах Барбары, у якіх было толькі маўклівае і крыху здзіўленае пытлівай плягай, ён чытаў дакор і пагарду. І ён балбатаў, балбатаў ўсё, што на язык навернецца. Гэта яго крыху бадзёрыла, ён бегаў па пакоі, тросся ад нервовага смеху.
— А ў цябе таксама ёсць такія брыдкія ўспаміны, як у мяне? — пытаўся ён у Барбары, якая нерухома ляжала ў ложку і сачыла за ім. — Ведаеш, такія, што ад іх кідае то ў жар, то ў холад!
Прыхіліўшыся да яе пасцелі, ліхаманкава, з нездаровым румянцам на шчоках, зноў калоцячыся ад смеху, ён пачынаў:
— Мне было, мусіць, гадоў адзінаццаць альбо дванаццаць, калі я пачаў спяваць у хоры хлопчыкаў нашай гімназіі. Мне гэта давала вялікую радасць, і я, здаецца, уявіў сабе, што спяваю лепш за ўсіх. Але вось менавіта сюды і ўкліньваецца той жудасны, брыдкі ўспамін, вось паслухай, у пераказе гэта не так страшна. Наш дзіцячы хор павінен быў з нагоды нечайгась вяселля удзельнічаць у царкоўных урачыстасцях. Гэта была вялікая справа, усе страшна хваляваліся. А мне собіла выставіцца асабліва. Калі прыйшла чарга спяваць нашаму хору, мне прыйшла ў галаву агідная ідэя ўзяць актаваю вышэй за ўсіх. Я вельмі ганарыўся сваім сапрана і рашыў, што мой звонкі голас пад скляпеннем храма прагучыць небывала эфектна. Я натужыўся і заспяваў, і тады настаўнік спеваў, які дырыжыраваў хорам, паглядзеў на мяне хутчэй з агідай, чым з дакорам, і сказаў: "Замоўкні!" Ты разумееш, Барбара? — усклікнуў Гендрык, закрываючы далонямі чырвоны твар. — Разумееш, як гэта жахліва! Зусім суха, зусім ціха ён сказаў мне: "Замоўкні!". А я ж уявіў сябе дарма што не пераможным арханёлам!