Выбрать главу

Усё гэта страшэнна цікава! П'ер Ляру толькі глянуў на былога караля Балгарыі і тут жа патрухаў праз залу — змецены сваёй цікаўнасцю, як пёрынка ветрам — каб паглядзець сенсацыйны рэнкантрэ зблізку. Сталёвыя вочы Цэзара фон Мука недаверліва звузіліся, мільянерка з Кёльна пажадліва застагнала ад асалоды, стаўшыся сведкаю такой незвычайнай падзеі. Тым часам фраў Бэла Гёфген, маці вялікага чалавека, усім, хто стаяў паблізу, ласкава і шчырадайна ўсміхалася, нібыта хацела сказаць: мой Гендрык вялікі, а я — ямy богам дадзеная маці. Не, не, не трэба гнуцца ў каленях. І ён, і я — мы ж таксама з плоці і крыві, хоць, вядома, ва ўсім астатнім не такія, як усе людзі.

— Як пажываеце, мой дарагі Гёфген? — прыветліва ўсміхаючыся, спытаўся міністр прапаганды ў дырэктара.

Дырэктар таксама заўсміхаўся, але не тое каб ужо і да вушэй, а стрымана, здавалася, як бы нават гаркава.

— Дзякую, гер міністр!

Ён гаварыў ціха, крыху пявуча, але вельмі акцэнтавана. Міністр усё яшчэ не выпускаў яго рукі са сваёй.

— Магу я спытацца пра здароўе вашай фраў жонкі? — сказаў.

І тут ужо яго высокі суразмоўца мусіў напусціць на сябе сур'ёзу.

— Сённяшнім вечарам ёй трошкі нездаровіцца, — адказаў ён, выпускаючы руку сенатара і дзяржаўнага саветніка.

А той спагадліва:

— О, вельмі шкада.

Натуральна, ён ведаў — як, зрэшты, і ўсе ў гэтай зале, — што жонка міністра прапаганды ўся звялася, духоўна і фізічна, ад зайздрасці да жонкі прэм'ер-міністра. А як што сам дыктатар быў нежанаты, дык вянчаная жонка шэфа рэкламы выбілася ў першыя дамы рэйха, і гэтую богаспадобную функцыю яна выконвала прыстойна і з годнасцю, чаго не мог бы аспрэчыць нават яе смяротны вораг. А тут выплыла нейкая Лота Ліндэнталь, сярэдняй рукі актрыска — ужо і не першай свежасці, — і прыбрала замужжам ахвочага да бляску таўстуна. Жонка міністра прапаганды не апісаць, як пакутавала. Гэта ж трэба! Аспрэчваецца яе права на ролю першай дзяржаўнай дамы! Наперад прадзіраецца другая! З камедыянткай цацкаюцца так, быццам уводзяць культ уваскрэслай каралевы Луізы! Не дзіва, што кожнага разу, калі нешта ладзілася ў гонар Лоты, шэф-рэкламіха так моцна злавалася, што тут жа даставала мігрэні. Вось і сёння ўвечары яна засталася ў ложку.

— Вашай фраў жонцы было б тут, вядома, прыемна. — На твары ў Гёфгена ўсё яшчэ заставаўся выраз урачыстасці. У словах не было ніякай іроніі. — Шкада, што фюрэру давялося адмовіцца. Англійскі і французскі паслы таксама не змаглі прыбыць.

Гэтымі словамі, сказанымі самым мяккім тонам, Гёфген выдаваў свайго сапраўднага сябра і патрона — прэм'ер-міністра, якому быў абавязаны ўсім сваім поспехам, — раўнівага міністра прапаганды трэба было на ўсякі выпадак мець у запасе.

Спрытны кульгавец давяральна спытаўся, не без пагарды:

— А як тут настрой увогуле?

Дырэктар дзяржаўных тэатраў адказаў стрымана:

— Здаецца, усім весела.

Абодва высокія саноўнікі прыцішылі голас: вакол іх стаўкліся цікаўныя, збегліся і фатографы. Гарматная фабрыканціха шапнула П'еру Ляру, які ў захапленні паціраў на грудзях бледныя кашчавыя рукі:

— Наш адміністратар і міністр, праўда ж — цудоўная пара? Абодва такія значныя асобы! І абодва такія прыгожыя!

Яна ціснулася сваім пышным, упрыгожаным бюстам да кволага цельца карліка. Далікатны гальскі нізкапаклонец германскага гераізму, статных маладзёнаў, фюрэравых ідэй і высокіх арыстакратычных імёнаў спалохаўся задышлівай блізкасці аж такой ёмістасці жаночай плоці. Ён паспрабаваў адсунуцца, шчабечучы:

— Exquisit! Вельмі charmant! Непараўнальна!

Рэйнландка ўрачыста настойвала:

— Наш Гёфген — гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай — ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ калі во-о-о такім хлопчкам бегаў. — І яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынных распродажах ягоную маці. — Цудоўны юнак! — сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.