Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсманая — што зробіш, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных колаў — праўда, тым не меней яўрэі касякамі валілі ў канцлагеры. Называлі яе добрым анёлам прэм'ер-міністра; а тым часам пачвара не падабрэла ад яе саветніцтва. Адной з яе самых славутых роляў была лэдзі Мілфорд з шылераўскіх "Падстyпства і кахання": утрыманка магута, якая ўжо больш не пераносіла бляску каштоўнасцяў і блізкасці князя, як даведалася, чым аплачваліся тыя каштоўныя камяні. Выступаючы ў дзяржаўным тэатры апошні раз, яна іграла Міну фон Барнгэльм: яна яшчэ раз дэкламавала, перш чым перабралася ў палац генерала ад авіяцыі, радкі паэта, якога яе муж і ягоныя прысцяжныя крэатуры цкавалі б і пераследавалі, калі б ён жыў сёння ў Германіі. Пры ёй абмяркоўвалі самыя жудасныя таямніцы татальнай дзяржавы: яна па-мацярынску ўсміхалася. Раніцай, калі яна какетліва падражнівала мужа, заглядваючы яму цераз плячо, яна бачыла перад ім на пісьмовым стале ў стылі рэнесанс смяротныя прыгаворы — і ён падпісваў іх; а ўвечары яна ўжо дэманстравала свае белыя грудзі і залацістую прычоску на оперных прэм'ерах альбо за прыгожымі сталамі выбраных, што былі ўдастоеныя знаёмства з ёю. Яна была недатыкальная, ніякіх нападак; бо нічога не падазравала, бо была сентыментальная. Яна думала, што ўсё гэта ад любові народа, калі дзве тысячы славалюбцаў, прадажнікаў і снобаў рабілі столькі гвалту ў яе гонар. Яна ішла праз гэты бляск і раздорвала ўсмешкі — больш яна нічога ніколі не дарыла. Яна на поўным сур'ёзе думала, што сам бог ёй удабразычыў, даўшы аж столькі каштоўнасцяў. Недахоп фантазіі і розуму бараніў яе ад думак пра будучыню, якая, магчыма, будзе мала падобая на гэтую прыгожую цяпершчыну. Ужо тое, як яна ступала, падняўшы галаву, аблітая святлом і агульным захапленнем, не дапускала ў яе сэрца ніякага сумнення ў трываласці гэтай чарадзейнай казкі. Ніколі — так яна думала ўпэўнена — ніколі не праміне гэты бляск; ніколі замучаныя не спомсцяцца, ніколі цемра не праглыне яе.
Усё яшчэ гралі туш, гэтак жа гучна і бездакорна; усё яшчэ доўжыўся лямант ушанавання. Тым часам Лота і таўстун наблізіліся да міністра прапаганды і Гёфгена. Трое мужчын нядбала падкінулі рукі, што мела азначаць цырымонію прывітання. Пасля Гёфген з сур'ёзным і ўнутраным смехам схіліўся над ручкай вялікай дамы, якую ён часта ціскаў на сцэне... І вось яны стаялі тут, аддадзеныя палючай цікаўнасці выбранай публічнасці: чатыры магуты гэтай краіны, чатыры трымальнікі ўлады, чатыры камедыянты — шэф рэкламы, спецыяліст па смяротных прысудах і бамбавозах, замужняя сентыменталка і пусты інтрыган. Выбраная публічнасць назірала, як таўстун паляпаў гера дырэктара па плячы, аж хрyснyла, і з нейкім парасячым смехам спрытаўся:
— Ну, як пажываеш, Мэфіста?
З эстэтычнага пункту бачання сітуацыя была для Гёфгена выйгрышная: побач з шыракамеснай парай ён глядзеўся статна, а побач са скасабочаным рэкламным карлікам — росла і станіста. Зрэшты, яго твар, якім худым і фатальным ён ні быў, ствараў нейкую пацешлівую процілегласць тром астатнім тварам вакол яго: з пачуццёвымі скронямі і моцным падбародкам ён удаваў на аблічча чалавека, які пажыў і папакутаваў; а твар ягонага заступніка быў расплылай маскай; а ў сентыментальнай — мордачкай поўнай дурноты, а ў прапагандыста — скажонай храпай.
Сентыменталка са шчырадушным позіркам сказала інспектару, да якога яна насіла ў грудзях тайную — ну, хай і не такое ўжо тайную — сімпатыю:
— Я ж вам яшчэ і не казала, Гендрык, у якім захапленні я ад вашага Гамлета.