Ён уставіў у вока манокль, зрабіў пагардлівую міну і сказаў у нос:
— Ба, гер Міклас, гэта ж трэба! Дык вы яшчэ жывы!
І пачаў аглядаць свае пазногці, сцярвозна ўсміхнуўся, пракашляўся і адышоў.
Ганс Міклас сцяў зубы. Яго твар заставаўся нерухомы, але, як толькі Гендрык адвярнуўся, сказіўся нянавісцю і болем. Ніхто не зважаў на яго, і ён адзінока прыхіліўся да кулісы. Ніхто не бачыў як ён сціснуў кулакі, як светлыя вочы напоўніліся слязьмі. Ганс Міклас дрыжаў усім вузкім худым целам вулічнага хлапчука-заморка альбо перанапружанага акрабата. Чаго ён дрыжаў? Чаго плакаў?
Можа, пачаў усведамляць, што яго ашукалі, — ашукалі подла, нахабна і цынічна? Ай не, ён яшчэ не дайшоў да таго, каб зразумець гэта. Але магчыма ў яго ўжо прабіліся першыя падазрэнні і благія радчуванні. І ўжо ад гэтых прадчуванняў рукі яго сціскаліся ў кулакі, і вочы заплывалі слязьмі.
Першыя тыдні пасля перавароту, калі да ўлады прыйшлі нацыянал-сацыялісты і іх фюрэр, малады чалавек адчуваў сябе на сёмым небе. Цудоўны, вялікі дзень, дзень абяцаны, якога так доўга і так палка чакалі, — вось ён, настаў, памацай! Якое шчасце! Юны Міклас плакаў і скакаў ад радасці. Твар яго ззяў, вочы блішчалі. І калі рэйхсканцлера, фюрэра, ратавальніка нацыі віталі факельным шэсцем, як крычаў Ганс на вуліцы, як махаў рукамі ў тым ап'яненні, што і ўвесь той вулічны збой! Нарэшце-такі абяцанні спраўдзяцца! Вось яна настае — залатая эра! Германія зноў здабыла свой гонар, неўзабаве народ уведае сапраўднае братэрства. Гэта сотні разоў абяцаў фюрэр, і пакутнікі нацыянал-сацыялісцкага руху змацавалі яго абяцанні пралітай крывёю.
Чатырнаццаць гадоў ганьбы ззаду. Усё мінулае было толькі барацьбой і падрыхтоўкай, цяпер якраз і пачынаецца жыццё. Цяпер трэба працаваць — працаваць разам з усімі над стварэннем магутнай бацькаўшчыны. Ганс Міклас з пратэкцыі высокага партыйнага чыну атрымаў не вельмі добра аплатную пасаду ў Дзяржаўным тэатры. Гёфген сядзіць у Парыжы, Гёфген — эмігрант, а ў Мікласа месца на прускай дзяржаўнай сцэне. Чароўнасць сітуацыі была такая вялікая, што малады чалавек не заўважаў нічога, што іншым часам магло б яго расчараваць.
Гэта лепшы свет? Але ж ці вылечыўся ён ад заганаў мінулага? Ці ж не дадалося і новых хваробаў, раней не вядомых? Не хацелася прызнавацца сабе ў гэтым. Але часамі на маладым змучаным і бледным твары з занадта яркімі губамі і цёмнымі кругамі вакол светлых вачэй зноў паяўляўся той замкнёны, пакутніцкі выраз упартасці, такі ўласцівы яму раней. Натурысты хлопец злосна адварочваўся, каб не бачыць, як усе падхалімнічаюць перад дырэктарам Цэзарам фон Мукам — бесаромней, чым раней лізаліся да Прафесара. А сам Цэзар фон Мук увесь перагінаецца, быццам хоча растаць у пакорлівай дагодлівасці, калі міністр прапаганды наведвае тэатр! Глядзець і бачыць гэта — пакута. Парадак, які нацыянал-сацыялісцкія агітатары любілі называць "плутакратыяй", значыцца, яшчэ не перамяніўся, а набыў яшчэ больш расцугляныя формы. Ды і сярод артыстаў па-ранейшаму красуюцца "славутасці", яны глядзяць на іншых зверху ўніз, пад'язджаюць да тэатра ў велізарных лімузінах і носяць дарагія футры.
Вялікая дзіва цяпер называецца не Дора Марцін, а Лота Ліндэнталь. Толькі гэтым разам ужо не добрая, а дрэнная актрыса. Затое яна фаварытка магутнага чалавека. Як даўно, як даўно тое было? Калі ж бо тое было? — Міклас ледзь не пабіўся з Гёфгенам, заступіўшыся за яе гонар, і страціў праз яе месца. Але яна гэтага не ведае, я ён надта горды, каб намякнуць. Ён упарта надзімаў губы, рабіў непрыступны твар і стараўся, каб вялікая дама яго не заўважала.
Германія адрадзіла свой гонар, камуністы і пацыфісты рассаджаны па канцэнтрацыйных лагерах, многія ўжо забітыя, і свет пачынае баяцца народу, у якога такі фюрэр. Абнаўленне грамадскага жыцця, аднак, прыпазняецца. Сацыялізмам пакуль што і не пахне. "Ну што ж, не ўсё адразу", — думалі маладыя людзі, якія надта глыбока верылі, каб адважыцца так рана на расчараванне. "Нават мой фюрэр не можа адным махам з усім справіцца. Трэба пачакаць. Спярша Германіі трэба адчyліцца пасля доўгіх гадоў ганьбы". Хлопчыкі былі наіўныя і даверлівыя. Ганс Міклас быў наіўны і даверлівы. Але калі даведаўся, што Гендрык Гёфген будзе граць Мефістофеля, ён быў уражаны. Стары вораг, неверагодны спрытнюга, бессаромны цынік і мардахлыст, які ўсюды прапхнецца, усім робіцца любімцам, Гёфген — вечны супраціўнік! Жанчына, праз якую Ганс ледзь не пабіўся з ім, сама яго паклікала, бо ён спатрэбіўся ёй як партнёр у свецкай камедыі. А цяпер яна ўдадатак дастала яму прэстыжную класічную ролю, а з ёю і велізарныя шанцы на поспех... Вось узяць бы ды падысці да яе, ды расказаць гэтай Лоце Ліндэнталь, як Гёфген тады ў кавярні пра яе выказваўся? Хто ж яму перашкодзіць? Але ці вартая аўчынка вырабу? Хто табе паверыць? Проста сам сябе выставіш на смех! Ды, зрэшты, ці так ужо і не меў Гёфген рацыі, калі назваў гэтую Лоту дурной бабай? Ну, вы ж толькі гляньце на яе...