Выбрать главу

Міклас маўчаў, сціскаў кулакі і адварочваўся, каб ніхто не бачыў ягоных слёз.

Праз гадзіну яму трэба было рэпетыраваць сцэну з Гёфгенам —Мефістофелем. У пакорлівай позе трэба было наблізіцца да вучонага, які насамрэч быў чортам, і сказаць:

Прабачце, што прыходжу рана З павагай шчыраю да пана, Турбуючы для кансультацый Асобу, вартую авацый.

Голас Вучня гучаў сіпла і перайшоў у стогн, калі на мудрагошчы і пагардлівыя сафізмы, якія толькі збівалі спанталыку, хлопец адказваў замаскаванаму сатане:

Вам гэта ўсё як "раз-два-тры", А мне — спрабуй перавары.

На прэм'еры Фаўста ў Дзяржаўным тэатры прысутнічаў і прэм'ер-міністр, генерал авіяцыі са сваёй прыяцелькай Лотай Ліндэнталь. Спектакль пачаўся са спазненнем на пятнаццаць хвілін: магутны валадар прымусіў сябе чакаць. З палаца патэлефанавалі, што яго затрымлівае нарада з міністрам рэйхсвера. Але артысты шапталіся ў грымёрных, што ён, як заўсёды, проста яшчэ не ўправіўся са сваім туалетам.

— Якое тyт дзіва, яму ж трэба цэлая гадзіна, каб пераапануцца, — хіхікала выканаўца ролі Грэтхен, настолькі светлавалосая, што магла сабе дазволіць некаторыя вольнасці. Зрэшты, паяўленне высокай пары было абстаўлена з падкрэсленай сціпласцю. Прэм'ер-міністр трымаўся ў глыбіні ложы, пакуль у зале было святло. Толькі ў першых радах партэра яго заўважылі і багавейна глядзелі на прыгожую уніформу з пурпуровым каўняром і шырокімі срэбранымі манжэтамі і на блішчастую брыльянтвую дыядэму ў валасах высакагрудай, светлавалосай, як сноп пшаніцы, дамы. Толькі калі паднялся заслона, прэм'ер-міністр сеў, прычым пачулася крактанне, бо такую тлустую масу цяжка як след умясціць на адносна вузкім крэсле.

Падчас "Пралогу на небе" прасветлы па абавязку рабіў усхваляваны твар. Наступныя сцэны трагедыі і ўвесь яе працяг да таго месца, дзе Мефістофель пудлікам залез у кабінет Фаўста, здаліся яму крыху нуднаватымі. Падчас першага вялікага маналогу Фаўста ён некалькі разоў пазяхнуў, і нават сцэна велікоднага шпацыру яго не пацешыла. Ён шапнуў на вуха Ліндэнталь нешта, відаць, не дужа ўхвальнае.

Затое як ажывіўся ўсемагутны, калі на сцэне паказаўся Гёфген—Мефістофель. Калі доктар Фаўст усклікнуў:

Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр Вандроўны! Казус смеху варты! —

Тут засмяяўся і магутны ўладыка, ды так гучна і ад душы, што ўсе гэта пачулі. Смеючыся, таўстун пасунуўся наперад, абаперся рукамі на чырвоны аксаміт ложы і з гэтага моманту пачаў з вясёлай увагай сачыць за развіццём дзеі, дакладней — за танцавальна-спрытнай, хітра-грацыёзнай ігрой Гендрыка Гёфгена.

Лота Ліндэнталь, якая ведала свайго мужа, адразу зразумела: "Вось яна, любоў з першага вока. Гёфген закруціў галаву майму таўстунку — о, я яго разумею, нават занадта разумею. Бо той, на сцэне, сапраўды чарадзей, і ў гэтым чорным шаўковым уборы, у д'ябальскай масцы П'еро ён яшчэ больш прывабны, чым заўсёды. І забаўны, і значны, і як ён падскоквае, і якія ў яго часам грозныя вочы, якія глыбокія, палымяныя, вось хоць бы калі ён вымаўляе:

А што для вас — грахі ліхія, Знішчэнне, страта, проста зло — Ёсць родная мая стыхія.

тут прэм'ер-міністр шматзначна кіўнуў. Потым, у сцэне з Вучнем, — у якой Ганс Міклас, дарэчы, вызначыўся скаванасцю і няўпэўненасцю, — вялікі муж весяліўся, быццам гэта быў самы смешны фарс. Яго добры настрой яшчэ больш падняўся пры бурлескнай сцэне "Скляпок Аўэрбаха ў Лейпцыгу", калі Гёфген са злым задорам выканаў песню пра блыху і ўрэшце выбіў са стала струмяні салодкага такайскага і пеністага шампанскага п'яным асталопам. І ўжо зусім заліваецца таўстун, калі з цемры ведзьмінай кухні чуецца рэзкі, звонкі голас князя цемры: