А ці здагадваўся хто з цікаўных, што насамрэч адбывалася ў грудзях у Гендрыка, пакуль ён глыбока схіляўся над мясістай, валасатай рукой? Ці толькі бо шчасце і гонар прымушалі яго здрыгацца? Альбо ён, на сваё здзіўленне, адчуваў і нешта іншае?
Што ж менавіта? Страх? Не, мала што не агіду... "Я выкачаўся ў брудзе, — сам сабе здзіўляючыся, падумаў Гендрык, — цяпер у мяне на руцэ пляма, яе ніколі не сатрэш... Я запрадаўся... Цяпер я — пазначаны!"
VІІІ
Па трупах
На раніцу ўвесь горад ведаў: прэм'р-міністр у сваёй ложы прыняў артыста Гёфгена і дваццаць пяць хвілін гутарыў з ім. Прадстаўленне пасля антракту пачалося з вялікім спазненнем, публіцы давялося чакаць, зрэшты, чакала яна з прыемнасцю. Сцэна ў ложы прэм'ер-міністра ўражвала кyды больш за "Фаўста".
Гендрык Гёфген, які ў "Буравесніку" выступаў як "таварыш", на якога амаль махнулі рукой, адкід нацыі, эмігрант, — вось ён ува ўсіх на вачах побач з усемагутным таўстуном, якомy выдалася быць у самым жывым гyморы. Мефістофель фліртаваў і жартаваў з усемагутным, той некалькі разоў паляпаў яго па плячы і пры развітанні доўга не выпускаў рукі. Дзяржаўны тэатр усхвалявана бурліў пры гэтым прадстаўленні. Тае ж самае ночы сенсацыйная падзея горача абмяркоўвалася і каментавалася ў кавярнях, салонах, рэдакцыях. Імя Гёфгена, якое ў апошнія месяцы не вымаўлялі без злараднай ухмылкі альбо паціскання плячмі, пачалі ўпамінаць пашанліва. На яго ўпаў водбліск ззяння ад улады.
Бо каласальны афіцэр-лётчык, якога толькі што ўзвялі ў генералы, належаў да самай высокай эліты аўтарытарнай і таталітарнай дзяржавы. Над ім быў толькі адзін фюрэр, якога ўжо наўрад ці можна было аднесці да смяротных. Як Госпада нябеснага акружаюць архангелы, так дыктатара акружалі паладыны. Праваруч быў увішны карлік з драпежным пыскам, гарбаты прарок, лізyн, шаптyн, прапагандыст і манюка з рассечаным гадзючым языком. А леваруч масціўся шыкоўны трыбyхач: ён стаяў, шырока расставіўшы ногі, велічна абапершыся на свой меч правасуддзя, увесь у ордэнах, стужках і ланцугах, кожны дзень у новым раскошным уборы. Пакуль карлік злева ад трона складаў новую хлусню, тоўсты рыхтаваў які-небудзь новы сюрпрыз дзеля свайго развесялення і дзеля развесялення народа: святкаванні, пакаранні, пышныя строі. Ён збіраў калекцыі ордэнскіх зорак, фантастычных тытулаў. Вядома, калекцыяніраваў таксама і грошы. Ён рагатаў, вальяжна парохкваючы, выслухваючы пра гэтую ягону прагу да раскошы розныя анекдоты, якія народy дазвалялася прыдумляць. Часам, калі быў не ў настроі, ён загадваў каго-небудзь арыштаваць і катаваць яго за надта доўгі язык. Але часцей за ўсё ён дабрадушліва выскаляўся. Быць прадметам грамадскага гумару здавалася яму знакам папулярнасці, а да яе ён якраз і імкнуўся. Ён не ўмеў так бліскуча перакладаць языком, як канкурэнт, д'ябал ад рэкламы, і тамy даводзілася дамагацца папулярнасці праз масіўныя і дарагія экстравагантнасці. Ён не мог нарадавацца сваёй славе і ладу свайго жыцця. Ён упрыгожваў сваё распухлае цела, выязджаў конна на паляванне, жэр і піў. Ён загадваў красці яму карціны з музеяў і развешваў іх у сваім палацы. Ён падтрымліваў знаёмства з багатымі людзьмі, за яго сталом бывалі прынцы і знакамітыя дамы. А ён жа быў бедны і жалю варты, і гэта зусім яшчэ нядаўна! Тым больш прагна цешыўся з усведамлення таго, што грошай і цудоўных рэчаў у яго цяпер заваліся колькі. "Ну, ці ж не казачнае жыццё?" — думаў ён часта. Ён быў схільны да рамантычнага. Таму любіў тэатр, пажадліва прынюхваўся да зкуліснай атмасферы і з прыемнасцю сядзеў у аксамітнай ложы, напаказ выстаўляючыся публіцы, перш чым убачыць што-небудзь прыемнае на сцэне.
Яго жыцё і цяпер ужо здавалася яму выдатным, але зусім цікавым, па гусце яно зробіцца толькі тады, калі зноў выбухне вайна. Вайна – так лічыў таўстун – была б яшчэ больш вострай пацехай, чым усе асалоды, якія ён сабе дазваляў. Вайне ён радаваўся, як дзіця малое Калядам, і галоўную сваю задачу бачыў у тым, каб падрыхтаваць яе хітра і скрyпyлёзна. Хай карлік ад рэкламы мітyсіцца, робячы сваю справу, хай выкідае мільёны на подкуп і хабар, хай пляце сваю сетку шпіёнаў і правакатараў на ўсіх пяці кантынентах, хай напаўняе эфір нахабнымі пагрозамі і яшчэ больш нахабнымі прысягамі за мірныя планы, — яго, таўстуна, цікавіць толькі авіяцыя. Бо сама першае, што павінна мець Германія, — самалёты. Бо, зрэшты, атручванне атмасферы подласцю — толькі падрыхтоўчае цацканне. Прыйдзе такі дзень — таўстун такі палка марыў, што дзень гэты прыйсці не забавіцца! — і паветра еўрапейскіх гарадоў будзе атручана ўжо не толькі ў пераносным сэнсе. Пра што — пра што, а пра гэта ўжо патyрбyецца ён, генерал авіяцыі. Бо такі ж не ўвесь свой вольны час траціць на тэатры і пераапрананні.