Выбрать главу

Кроге скардзіўся на індэферэнтнасць гамбургскай моладзі ў прыватнасці і на бездухоўнасць грамадскасці наогул, — яна цуралася ўсяго новага і высокага.

— І куды яно ўсё падзелася! — горка бедаваў ён. — У 1919 годзе яшчэ стрымгалоў бегалі на Стрындбэрга і Вэдэкінда; у 1926-м — усім падавай аперэту.

Оскар Х. Кроге быў чалавек патрабавальны, але без дару прадбачання. А то ж бо ці скардзіўся б ён у 1926 годзе, калі б мог уявіць сабе год 1936-ы?

— Добрыя рэчы сёння не цягнуць, — бурчаў ён. — Нават на "Ткачах" учора зала была паўпустая.

— І ўсё-такі мы выкрyчваемся.

Дырэктар Шміц спрабаваў суцешыць сябра: надта ж бо засмуцілі яго горасныя складкі на дабрадушным, дзіцяча-старым кашэчым твары Кроге, хоць ён і сам меў усе падставы трывожыцца і некалькі маршчын ужо леглі на яго мясісты ружовы твар.

— Але як! — Кроге ніяк не даваўся на суцяшэнні. — Як мы выкрyчваемся? Даводзіцца запрашаць славутых гастралёраў з Берліна — як сёння ўвечары, напрыклад, — каб Гамбyрг хадзіў да нас.

Геда фон Гэрцфэльд — старая Крогава сяброўка і супрацоўніца, яшчэ ў Франкфурце яна была яго дарадчыцай, тэатральным крытыкам і актрысай, сказала:

— Зноў ты ўсё бачыш у чорным святле, Оскар! Зрэшты, якая ў тым ганьба, што мы запрасілі Дорy Марцін, яна цудоўная, а ўвогуле, Гамбург ходзіць і на Гёфгена.

Называючы прозвішча Гёфгена, фраў фон Гэрцфэльд разумна і пяшчотна ўсміхнулася. Па яе вялікім матава прыпудраным насастым твары з вялікімі, журботна-разумнымі ж вачыма пад залацістымі брывамі прабегла лёгенькае ззянне.

— Гёфгену мы пераплачваем, — буркліва сказаў Кроге.

— Але ж і Марцін, зрэшты, таксама, — пярэчыў Шміц. — Супроць яе чараў і шалёнага поспеху не скажу нічога, але тысяча марак за выхад, згадзіся, — гэта ўжо крышачку ці не занадта.

— Капрызы берлінскіх зорак, — пагардліва зазначыла Геда.

Яна ніколі не працавала ў Берліне і бажылася, што ненавідзіць берлінскую сцэну.

— Тысяча марак у месяц Гёфгену — таксама завышана, — выпаліў Кроге. — І з якога такога часу яму раптам тысяча? — з выклікам спытаўся ён у Шміца. — Плацілі васемсот, і таго было больш чым досыць.

— А што рабіць? — перапрасіўся Шміц. — Уварваўся ў кабінет, сеў мне на калені...

Фраў фон Гэрцфэльд з пацехай заўважыла, што Шміц пачырванеў, расказваючы пра гэта.

— Ён казытаў мне падбародак і ўвесь час паўтараў адно: павінна быць тысяча марак! Тысяча, даражэнькі! Гэта такая кругленькая сума! Што было рабіць, Кроге? Ну, самі скажыце!

Гэта быў звычайны Гёфгенаў прыёмчык: калі яму быў патрэбен аванс альбо падвышка ў ганарары, ён бурай урываўся ў кабінет Шміца. Ён разыгрываў мілыя капрызы, добра ведаючы, што нехлямяжы таўстун Шміц не выстаіць, калі пакудлаціць яму валасы альбо тыцнуць пальцам у жывот. А калі заходзіцца аж пра тысячу, тут можна і на калені ўмасціцца: пачырванеўшы, Шміц прызнаўся і ў гэтым.

— Ай, усё гэта глупства! — Кроге гнеўна і заклапочана пакруціў галавою. — Па сутнасці, Гёфген — дурны блазан. Усё ў ім фальшывае, пачынаючы з яго літаратурных густаў і канчаючы так званым камунізмам. Ён не мастак, ён камедыянт.

— Што ты маеш супроць нашага Гендрыка? — фраў фон Гэрцфэльд змусіла сябе на іранічны тон; насамрэч ёй было не да іроніі, калі яна гаварыла пра Гёфгена, чый добра зрэжысераваны шарм не пакідаў яе раўнадушнай. — Ён наша найярчэйшая зорка. Парадуемся, калі яго не перацягнуць у Берлін.

— А і не дужа бедаваў бы, — сказаў Кроге. — Проста вопытны правінцыйны актор, у глыбіні душы, думаю, ён і сам гэта добра ведае.

— А куды гэта ён сёння падзеўся? — спытаўся Шміц, на што фраў фон Гэрцфэльд ціха ў нос хіхікнула:

— Ат, y грымёрцы за шырму зашыўся, так мне данёс маленькі Бёк. Ён заўсёды страшэнна хвалюецца і раўнуе, калі наязджаюць берлінцы. "Так высока мне ніколі не скочыць" кажа ён і хаваецца за шырмай, чыстая істэрыка. Асабліва выводзіць яго з сябе Марцін. У Гендрыка да яе такая свайго роду любоў-нянавісць. Сёння ўвечары ў яго, кажуць, быў сапраўдны нервовы прыпадак.

— Вось вам і комплекс непаўнавартасці! — усклікнуў Кроге і пераможна агледзеўся вакол. — Альбо я вам і больш скажу: у душы ён добра ведае сабе дакладную цэну!

Усе трое сядзелі ў тэатральнай кавярні, сталоўцы, якая ў гонар Гамбургскага мастацкага тэатра называлася скарочана "Г. М.". Над столікамі, засланымі бруднымі абрусамі, — пакрытая пылам партрэтная галерэя: фатаграфіі ўсіх, хто дзесяць гадоў іграў тут. Фраў фон Гэрцфэльд падчас гутаркі часам усміхалася фатаграфіям наіўных і сентыментальных, камічным старых, герояў-бацькоў, маладых любоўнікаў, інтрыганаў і салонных дам; Шміц і Кроге не зважалі на іх.