Валя зноў узялася за работу.
— Ой, глядзі, Зойка, — строга глянула на яе Люба. — Прыедзе Жэнева жонка, мала чаго застанецца ад тваёй моднай прычоскі.
— А што… што тут такога?.. — заікнулася Зоя. — Што ж тут такога, калі ў кіно хадзілі?
— Калі ўсе ідуць на суботнік, няма чаго ў кіно ісці,— адрэзала Люба.
Усе змоўклі, занятыя работаю. Зоі вельмі хацелася, каб нешта сказала Рэня. Ёй было важна ведаць, што цяпер думае Рэня пра яе. Яна ўвесь час чакала, што Рэня зараз заступіцца. Заступілася ж яна за яе перад Ігарам Барысавічам. Але тая маўчала. Зоя паглядзела на яе. Рэня сядзела, нізка схіліўшыся над работаю. Толькі дзве невялічкія зморшчынкі збегліся ў яе на пераноссі, Цяпер Зоя не памятае — ці заўсёды ў Рэні, калі яна працуе, гэтыя зморшчынкі, ці толькі цяпер.
— Пасля работы сход брыгады, — прайшло па канвееры.
— Накачка будзе, — шапнула Валя.
— Табе больш за ўсіх, бо ты гаворыш вельмі многа, — адрэзала Рэня.
— А што,— паціснула плячыма Валя. — Я сваю работу рабіць паспяваю. Магу яшчэ іншаму канвееру памагаць.
Сходы брыгады звычайна адбываліся тут жа ля канвеера, і цяпер дзяўчаты шчыльней ссоўвалі свае крэслы, масціліся перад стужкай канвеера, каб сядзець усім разам. У цзнтры стаяла майстар брыгады Вольга Мікалаеўна, жанчына гадоў сарака, сярэдняга росту, паўнаватая, з мяккім, дабрадушным тварам.
Прыйшоў Ігар Барысавіч. Спачатку ён стаяў крыху воддаль, паклаўшы рукі ў кішэні халата і чакаючы, калі пачнецца сход. Пасля Люба ўстала са свайго крэсла і запрасіла яго сесці. Ён падзякаваў, сеў, а Люба прымасцілася на адным крэсле з Рэняю.
— Гаварыць мы сёння будзем пра якасць нашай работы, — пачала Вольга Мікалаеўна.— У апошні час нам з кантроля вяртаюць больш гадзіннікаў — і на дэкатаж, і з кантрольна-выпрабавальнай станцыі. I праверка паказала, што вінаваты тут не дэталі, на якія вы часта наракаеце, а зборка. Асноўны брак ідзе па ангрэнажу і па стрэлках.
Дзяўчаты сядзелі сцішаныя, з апушчанымі галовамі.
— Усе вы не першы дзень тут працуеце, і не пачынаць вам тлумачыць, — гаварыла далей Вольга Мікалаеўна, — што на зборцы, як нідзе ў іншым месцы, усё залежыць ад зладжанасці калектыву. Работа аднаго чалавека ўліваецца ў работу ўсіх астатніх, і калі адзін працуе дрэнна, дрэннаю будзе і работа ўсяго канвеера. Дык няўжо ж не сорамна табе, Ніна, — павярнулася яна да светлавалосай дзяўчыны, — падводзіць сваіх сябровак. А раней жа ангрэнаж у нас заўсёды быў у парадку. Неахайнасць я за табою заўважыла першы раз, няхай гэта будзе і астатні… Яшчэ часта ідуць у нас недастаткова чыстыя гадзіннікі, — гаварыла ўжо Вольга Мікалаеўна не адной Ніне, а ўсім. — Значынь, недастаткова мы змагаемся за чысціню. А бруд — галоўны наш вораг.
Вольга Мікалаеўна пачала гаварыць аб неабходнасці вельмі ўважліва і шчыра адносіцца да работы на сваім участку. Яна называла імёны і прозвішчы дзяўчат, за якімі заўважана неахайнасць у рабоце, і строга іх распякала.
— I яшчэ адно пытанне, — цяжка ўздыхнула Вольга Мікалаеўна, — гэта пытанне пра Горбач. Я таму і вас, Ігар Барысавіч, запрасіла, што сама ўжо проста рады не дам.
— Дык чаго ж тут больш думаць, — прагучаў у цішыні строгі голас Ігара Барысавіча. — Трэба прымаць адміністрацыйныя меры.
— Думала ўжо і я так, — махнула рукою Вольга Мікалаеўна. — Мы то без яе абыдземся. Але куды яна ад нас пойдзе? Недзе ж ёй трэба працаваць. Дык збыць яе куды-небудзь, ды яшчэ характарыстыку ёй добрую напісаць, каб скарэй ад нас узялі… I такое часам робіцца. Не падзякуюць нам тыя, да каго яна ад нас трапіць. — Вольга Мікалаеўна глянула на Іну Горбач. А тая пазірала некуды за акно. Нібы так прывыкла яна да таго, каб на яе сварыліся, што прымае ўсё гэта як нешта звычайнае. — Проста не ведаю, як з яе зрабіць чалавека!.. — паціснула плячыма Вольга Мікалаеўна. — I каб жа зусім не ўмела яна працаваць. Дык не! Калі захоча, працуе акуратна. А пасля зноў… Сядзіць за канвеерам сонная, працуе абы-як. I якія меры да яе прымаць — проста не ведаю. Пераставіць на іншую аперацыю? Дык ужо ж перастаўлялі. На стрэлках яна сядзіць пасля ангрэнажу.
Са свайго месца падняўся Ігар Барысавіч.
— Вельмі вы мякка гаварылі тут са сваёй брыгадаю, — сказаў ён і зрабіў доўгую паўзу, нібы даючы дзяўчатам падрыхтавацца да тых строгіх і патрабавальных слоў, якія ён скажа. — Працэнт браку, які пайшоў цяпер у вас, патрабуе не размовы, а канкрэтных мер. Людзі сямігодку ў чатыры гады выконваюць, а мы з такою работаю з сямігодкі дзесяцігодку зробім. Ліберальнічаеце вы, Вольга Мікалаеўна. Ужо і па ангрэнажу брак пайшоў. Бачаць усе, што з дрэннымі работнікамі цацкаюцца, і самі горш працаваць пачынаюць. Вы як сабе хочаце, а я перад дырэкцыяй пастаўлю пытанне аб звальненні Горбач з работы. Хопіць. Не маленькая. Не дзіця. Я ёй у нянькі не наймаўся. I з дысцыплінай у вас нікуды не варта. Работніцы за канвеерамі гавораць цэлы дзень. Баранава вечна сядзіць, як на іголках.