Выбрать главу

Баранава — гэта Валя. Пачуўшы, што сказаў Ігар Барысавіч, яна падняла на яго нявінныя вочы, паглядзела, нібы не разумеючы, за што на яе сварацца.

— Чаму, напрыклад, ваша вучаніца… — як яе прозвішча? — што з Валожынай працуе…—пашукаў вачыма Зою Ігар Барысавіч.

— Булат, — падказаў нехта.

— Так, Булат. Чаму яна ўчора не была на суботніку? Толькі ж на завод прыйшла, а ўжо дысцыпліну зрывае.

Калі Зоя пачула сваё прозвішча, яна ўся неяк сціснулася, — нібы ўдарыў яе хто. Адразу нейкім глухім і далёкім здаўся ёй голас Ігара Барысавіча.

— I наогул гэта вучаніца пакуль мне не падабаецца. Нешта работа ў яе руках не гарыць і не гасне. Яна больш на свой гадзіннік паглядае, чым на інструмент. А Рэня ад вас, Вольга Мікалаеўна, ліберальнічаць вучыцца. Хацеў Булат на іншую аперацыю паставіць, — не трэба, кажа, я яе навучу. Я, вядома, мог у Валожынай і не пытацца, а пераставіць Булат, і кончана. Я ж яшчэ, можа, начальнік цэха… Але пачакаю, пагляджу, што з гэтай Булат будзе. Каб не атрымалася толькі яшчэ адна Горбач.

Зоя не ведала, куды дзецца ад сораму. Яе параўноўвалі з Інай Горбач, з якой яна сама ў душы насміхалася. Дык няўжо і яна такая самая? Няўжо і ёй прыйдзецца прывыкаць да сораму, да якога мусіць, ужо прывыкла Іна. Не, калі на тое пайшло, дык і без гэтай работы можна абысціся. Сляпіся цэлы дзень, а на цябе яшчэ сварацца. I Зоіны вочы робяцца падобныя на два поўныя азяркі. Яна хавае іх, каб не ўбачылі дзяўчаты, каб не ўбачыў Ігар Барысавіч…

9

Назаўтра Зоя не прыйшла на работу.

— Можа, захварэла, — у голас падумала Рэня.

— Трэба будзе схадзіць да яе, — сказала Валя.

А Зоя ў гэты час сядзела ў прыёмнай дырэктара завода з заявай, напісанай на лістку белай у клетачку паперы. Яна цвёрда парашыла пайсці з завода.

…Учора пасля сходу яна прыйшла з работы сумная. Распранулася і адразу лягла на канапу тварам да сцяны. Антаніна Іванаўна перапалохалася.

— Што з табою, дачушка? Што здарылася?

Зоя расплакалася.

Маці супакойвала яе, як малую дзяўчынку.

— Ну, што такое, раскажы, — ледзь і сама не плакала Антаніна Іванаўна.

Выціраючы далонямі слёзы, Зоя пачала расказваць, як чапляецца да яе начальнік цэха, як абазваў яе паненкаю, а сёння на сходзе пры ўсіх сказаў, што работніцы з яе не выйдзе.

— I што гэта за начальнік там у вас такі! — абурылася Антаніна Іванаўна. — Як гэта ён можа так гаварыць на работніц. У газету б пра яго напісаць.

— Вельмі ён спалохаецца тваёй газеты! Ён жа ўпэўнены, што праўда на яго баку.

Антаніна Іванаўна задумалася, уздыхнула.

— Дык тады, дачушка, кідай работу. Няма чаго табе здароўе псаваць,— цвёрда сказала яна.

— Дык тата ж не хоча, каб я кідала…

— Ну, цяпер я сама з ім пагавару,— супакойвала дачку Антаніна Іванаўна.

Зоя памылася, прычасалася. Антаніна Іванаўна шпарка расстаўляла перад ёю талеркі.

— А тата дзе?

— Пайшоў ў бібліятэку, скора прыйдзе,— адказала Антаніна Іванаўна. — А ты заўтра ж нясі заяву аб звальненні. Другую работу знойдзем. Не хачу я больш тваіх слёз бачыць.

«Канечне, самае лепшае, гэта кінуць завод,— думала Зоя.— Няма чаго дарэмна траціць час. Каб ведала, што гэта будзе так цяжка, даўно б ужо з завода пайшла, яшчэ тады, як мама першы раз сказала. Ды ўсё спадзявалася, што прывыкну… Каб жа хоць трохі выходзіла нешта, а то круціш гэтыя балансы, а яны не слухаюцца. I яшчэ гэты Ігар Барысавіч… А ён калі ўжо чапляцца пачаў, то не пакіне ў спакоі…»

I хоць усё, здаецца, гаварыла за тое, каб кінуць работу, цвёрдай пэўнасці ў Зоі не было. Вось каб не дзяўчаты — Валя, Люба і асабліва Рэня… Нібы яна зробіць ім нешта нядобрае, абразіць іх, пакінуўшы работу.

«А што я ім і што яны мне?— апраўдваецца сама перад сабою Зоя.— Кожны шукае, дзе яму лепш. Калі яны сапраўдныя сяброўкі, то хай парадуюцца за мяне, калі я знайду лепшую работу».

I ўсё ж поўнай яснасці ў думках не было.

— Параюся з Жэнем, — уздыхнула яна і глянула на гадзіннік.

Стрэлкі паказвалі сем, а спатканне з Жэнем было назначана на восем.

— Яшчэ цэлая гадзіна,— з сумам падумала Зоя і, каб чым заняцца, узяла з паліцы, што стаяла каля канапы, свой альбом. Успомніла, што Жэня ў мінулы раз падарыў ёй сваю фотакартку. Дастала яе з кішэні паліто, спачатку хацела паставіць у канцы альбома, пасля перадумала, адгарнула першую старонку. Тут стаялі дзве фатаграфіі — Зоіна і Міхала Паўлавіча, калі ён быў яшчэ малады. Зоя была сфатаграфавана ў профіль, з крыху паднятаю галавой, з ледзь прыкметнай усмешкаю на вуснах. А Міхал Паўлавіч тут зусім не быў падобны да таго, якім бачыла яго Зоя кожны дзень. 3 фатаграфіі на яе пазіраў юнак у белай кашулі з расшпіленым каўняром, з капою кучаравых валасоў.