Выбрать главу

Зоя дастала фатаграфію бацькі, не гледзячы, паклала яе ў сярэдзіну альбома, а на яе месца асцярожна, каб не пакамечыць ніводнага ражка, пачала ўстаўляць фатаграфію Жэні.

Калі Зоя выйшла на вуліцу, было без дзесяці хвілін восем. Сыпаў дробны асенні дождж. Наляцеў вецер, і дрэва, што стаяла каля дома, пагрозліва заківала голымі галінамі.

«Бр…» — скаланулася Зоя.

Жэня чакаў яе на прыпынку аўтобуса. Без шапкі, з паднятым каўняром паліто, ён стаяў, прыхінуўшыся спіною да шчыта з рэкламамі кінафільмаў і паціху нешта насвістваў. Убачыўшы Зою, пайшоў ёй насустрач.

— Добры вечар, Зайчык, — узяў ён Зою пад руку.

Яны павярнулі ў мала асветлены завулак. Цяпер Жэня чамусьці не запрашаў Зою ў кіно, не гулялі яны па праспекце.

— Ну і пагодка…— глянуўшы на неба, з якога церусіў густы дробны дождж, сказаў Жэня.

— Я кідаю работу… Не буду больш на заводзе працаваць,— пазіраючы сабе пад ногі, прагаварыла Зоя.

— Праўда? Чаму?

— Не падабаецца мне працаваць у вас,— не захацела расказваць пра ўсё Зоя.

Жэня некалькі хвілін ішоў, ціха насвістваючы.

— Я іншую работу знайду… Не адзін ваш завод на свеце.

— Ты ведаеш,— сказаў нарэшце Жэня.— А гэта нават добра, што ты будзеш працаваць у іншым месцы… Разумееш?

Зоя зразумела. Жэня лічыць, што гэта лепш для іх. На заводзе ведаюць, што ён жанаты… Яно і праўда. Ужо кпілі з яе дзяўчаты, што з Жэнем у кіно хадзіла. I ўбачыў жа іх там нехта! Можа, і Жэню ўжо казалі што-небудзь такое хлопцы…

Дождж сыпануў яшчэ мацней — нібы жменяю хто кінуў Зоі ў твар калючую морась. Зоя шчыльней захінула на грудзях паліто.

— Пагодка…— зноў сказаў Жэня і, азірнуўшыся, ці не бачыць хто, абняў Зою, прытуліў да сябе.

— Куды мы пойдзем?

— Сёння не будзем мерзнуць і мокнуць… Адзін мой сябар паехаў у камандзіроўку і мне ключ пакінуў. Бачыш, як нам пашанцавала… Зараз пойдзем да яго на кватэру.

— Ой, што ты, — адхіснулася Зоя.

— Чаму?.. Ты што, баішся? Вось дзе сапраўдны заяц.

— Што ты, Жэнечка…

— Ну, хіба лепш мокнуць на вуліцы?.. А ў яго кватэра асобная, ніхто нас не ўбачыць.

Зоя маўчала. Ёй і хацелася пабыць разам з Жэнем, пасядзець у цёплай, чыстай кватэры, і разам з тым нейкі страх агортваў яе.

А Жэня ўзяў яе пад руку і павёў. Куды — Зоя не ведала, але паслухмяна пайшла за ім.

Яе сэрца вельмі моцна стукала, калі Жэня тонкім доўгім ключом адмыкаў нейкія незнаёмыя дзверы. Ён памог ёй распрануць мокрае паліто, кінуў яго на крэсла, узяў Зою за плечы. Доўга глядзеў ёй у вочы, а пасля нечакана моцна прытуліў да сябе:

— Каб ты ведала, якая ты мне дарагая…

Люстра асвятляла незнаёмы, чужы пакой. А Жэня цалаваў яе рукі, твар, вусны. I Зоі здалося, што нічога не існавала больш, акрамя Жэневых гарачых вуснаў. Яна забылася пра ўсё — пра завод, пра сябровак. А калі позна вечарам, перад самым расстаннем, зноў усё ўспомніла, ёй здалося, што ўсё ўжо вырашана. Так, яна кіне завод. Жэня ж сказаў, што так лепш будзе.

…I вось сядзіць яна з заяваю ў прыёмнай дырэктара.

Нарэшце, дырэктар застаўся ў кабінеце адзін. Зоя паднялася, нерашуча падышла да дзвярэй.

— Можна зайсці? — нясмела спыталася яна, спыніўшыся на парозе,

Дырэктар сядзеў за сталом і нешта пісаў.

— Калі ласка,— сказаў ён, адкладваючы ўбок ручку і ўважліва пазіраючы на Зою.

Зоя зрабіла некалькі крокаў да стала, падала заяву. Але не паспеў дырэктар прабегчы яе вачыма, як дзверы адчыніліся, і ў кабінет увайшоў Ігар Барысавіч.

— Добры дзень,— сказаў ён дырэктару і глянуў на Зою, нібы пытаючыся: «А ты тут чаго?» — Я да вас, Іван Іванавіч, наконт адной работніцы,— сказаў ён дырэктару.

— Пасядзіце хвілінку,— паказаў дырэктар Зоі на крэсла, што стаяла ля акна, і паклаў заяву на стол.

— Гэта з чацвёртай брыгады, Горбач, яна на стрэлках працуе,— гаварыў Ігар Барысавіч, апускаючыся на крэсла ля дырэктаравага стала.

— У Вольгі Мікалаеўны? — спытаўся дырэктар.

— Ага. Дык па віне гэтай работніцы вечна брак у брыгадзе. Учора сход быў. Сама Вольга Мікалаеўна не ведае, што з гэтай Горбач рабіць. А я думаю, што няма чаго з ёю цацкацца. Трэба звольніць. Вось і прыйшоў да вас.

Ігар Барысавіч гарачыўся. На яго высокім з залысінамі ілбе ад хвалявання выступілі ружовыя плямы. Пры слове «звольніць» ён зрабіў рэзкі жэст рукою.