Выбрать главу

Іван Іванавіч слухаў начальніка зборачнага цэха і стукаў пальцамі па Зоінай заяве.

— А яна што — аперацыі не асвоіла? Чаму брак у яе? — спытаўся ён спакойна, роўна.

— А ліха яе ведае,— падняўся з крэсла Ігар Барысавіч: яму, мусіць, цяжка было гаварыць седзячы.— Аперацыю то, мусіць, ведае, бо часам і акуратна працуе, але пасля зноў брак ідзе…

— А што Вольга Мікалаеўна кажа?

— Вольга Мікалаеўна, Вольга Мікалаеўна…— махнуў рукою начальнік цэха.— Не ведаеце вы яе? Ліберальнічае. Разводзіць рукамі, не ведае, што рабіць, а звальняць не хоча. «Шкада», кажа.

— Вы так пра Вольгу Мікалаеўну не гаварыце,— устаў з-за стала Іван Іванавіч.— Яна вельмі харошы і работнік, і чалавек. Мы разам з ёю тут начыналі ўсё,— паказаў рукою вакол сябе дырэктар. Ён прайшоў у куток кабінета да макета завода. На макеце завод выглядаў такім, якім будзе ён у канцы сямігодкі і нагадваў невялікі гарадок. Узвышаліся карпусы і пабудовы, якіх цяпер яшчэ не было. Рады невялічкіх зялёных дрэў паказвалі, дзе будуць праходзіць вуліцы. На макеце раскінуліся скверы, спартыўныя пляцоўкі. Тэрыторыю завода ўпрыгожвалі два фантаны.

Іван Іванавіч некалькі хвілін глядзеў на макет, пасля зноў павярнуўся да Ігара Барысавіча.

— 3 Вольгаю Мікалаеўнай мы пачыналі ўсё гэта,— кіўнуў ён на макет.— Мы з ёю прыехалі сюды, калі тут яшчэ нічога не было. Адзін пустыр… Мы з ёю вагоны з абсталяваннем разгружалі, на сабе скрынкі цягалі…

Іван Іванавіч адышоў ад макета, прайшоўся па кабінеце, стаў каля Ігара Барысавіча.

— Гэта я вам расказваю не для таго, каб пахваліцца — вось якія мы харошыя,— а для таго, каб вы, новы тут чалавек, ведалі: тое, што мы цяпер маем — вялікае для нас дасягненне. Альбо ўзяць кадры, — усміхнуўся дырэктар і зноў пачаў хадзіць па кабінеце.— У нас жа рабочыя — адна моладзь. I што вы думаеце, мы ж з іх вунь якіх спецыялістаў выхавалі! А што было раней? Ды ці ведаеце вы, што я тут бацькоўскія сходы склікаў, як у школе. Трэба было выхоўваць, гадаваць людзей, а людзі гэтыя яшчэ — што дзеці. Вось і выклікаў матак ды бацькоў, каб разам выхоўваць іх ды працаваць вучыць. 3 таго часу і павялося, што я сам, асабіста, кадрамі займаюся. Вы сядайце, сядайце,— паказаў ён Ігару Барысавічу на крэсла.

Іван Іванавіч гаварыў спакойна, роўна. Нібы паддаючыся яго ўраўнаважанасці, паспакайнеў і начальнік. Чырвоныя плямы сышлі з яго ілба. Ён паслухмяна сеў на крэсла, склаў на каленях рукі.

— Што я вам хачу сказаць, Ігар Барысавіч,— сеў і дырэктар.— Мы выпускаем гадзіннікі і за план, вядома, адказваем перад дзяржавай. Браку нам таксама ніхто не даруе і змагацца з ім мы павінны ўсімі сіламі. Але справа ў тым, што мы не толькі за гадзіннікі адказваем. Мы адказваем і за людзей, якія да нас прыходзяць. А на нас з вамі, Ігар Барысавіч, асаблівая адказнасць. Паколькі працуе ў нас адна моладдь, дык мы з вамі павінны быць і настаўнікамі… 3 гэтых юнакоў і дзяўчат,— дырэктар кіўнуў на Зою, якая сядзела, апусціўшы галаву,— як з воску, усё, што хочаш, выляпіць можна. 3 кожнага з іх можна зрабіць сумленнага, сапраўднага чалавека. А можна і недагледзець, не дапамагчы ў час і чалавек зусім сапсуецца.

Іван Іванавіч дастаў з пачка, які ляжаў на стале, папяросу. Прыкурыў. Патушыў запалку. Кінуў у попельніцу.

— Ці такая ўжо безнадзейная гэта Горбач? Вы перакананы? — спытаўся Іван Іванавіч. I, не дачакаўшыся адказу, сказаў: — Калі Вольга Мікалаеўна не хоча звальняць — пачакаем. Ведаеце, самае простае — выкінуць чалавека з калектыву. А ці зробіцца ён ад гэтага лепшы?..

Ігар Барысавіч паціснуў плячыма, развёў рукамі, нібы кажучы: як сабе хочаце, вы — дырэктар, вам відней.

— Але майце на ўвазе, што план я ў вас патрабаваць буду, і брак вы павінны ліквідаваць,— сказаў дырэктар тонам, які павінен быў азначаць, што размова скончана.

Начальнік цэха ўстаў, прамармытаў «я разумею» і пайшоў да дзвярэй. Але ўся постаць яго гаварыла, што ён не разумее, не ведае, як зрабіць, каб і дрэнную работніцу пакінуць і брак знішчыць.

— А гэтую вашу Горбач прышліце сёння ў абед, калі ласка, да мяне,— сказаў Іван Іванавіч, калі начальнік цэха быў ужо каля дзвярэй.

Калі Ігар Барысавіч пайшоў, дырэктар зрабіў некалькі зацяжак, пасля паклаў папяросу, узяў у рукі Зоіну заяву.

— «Прашу звольніць з работы»,— пачаў уголас чытаць ён. Прачытаў заяву, паклаў яе перад сабою, уважліва паглядзеў на Зою. Зоя, як перад настаўнікам, калі яе выклікалі, устала. Яна то паднімала вочы, то апускала ўніз.

— Дык чаму ж гэта вы хочаце звольніцца? — пачула Зоя пытанне.

I яна сказала першае, што прыйшло ў галаву:

— Я звальняюся, бо мы едзем адсюль. Едзем у другі горад…