Выбрать главу

Яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі ў Дуброўне рабілі гадзіннікі не горшыя, чым рабіў іх славуты французскі майстар Брэгет. Імя Брэгета захавалася. Яго ўпамінае нават Пушкін у «Яўгені Анегіне». А вось пра той факт, што не ў Германіі і не ў Швейцарыі, не ў Францыі і не ў Англіі, а на Беларусі, у вёсцы Дуброўне, яшчэ ў 1784 годзе была адкрыта першая ў свеце фабрыка гадзіннікаў і першая ў свеце школа майстроў гадзіннікавай справы, — чаму пра гэта можна даведацца толькі са скупых радкоў даведніка?

Чаму ў Беларусі, у глухім кутку Расіі, куды амаль зусім не даходзілі здабыткі тэхнікі, адкрылася такая фабрыка? А чаму Швейцарыя, краіна зялёных лугоў, па якіх ходзяць статкі пародзістых кароў, і якая, здаецца, павінна была займацца толькі вырабам масла ды сыру, чаму Швейцарыя адзін час займала першае месца ў свеце па вырабу гадзіннікаў?

Відаць, і ў Беларусі былі ўмовы, бо калі б не было іх, не прыйшла б у заняпад фабрыка пасля таго, як перавялі яе ў іншае месца.

Усе гадзіннікі, якія рабіліся ў Дуброўне, адпраўляліся ў Пецярбург, у імператарскі двор. Там імі і распараджаліся. Але распараджаліся там не толькі гадзіннікамі, але і чалавечымі душамі. Некаму з яснавяльможных асоб прыйшло ў галаву перавесці фабрыку і школу ў адну з падмаскоўных вёсак.

Цяжкім быў шлях майстроў пешшу праз многія сотні кіламетраў. Толькі на адных калёсах везлі яны з сабою хлеб ды галоўны інструмент фабрыкі. Прыйшлі ў чужую вёску, а там нават і страхі над галавою няма. У нейкім хлеве, што стаяў на ўскраі сяла, асталяваліся на жытло майстры. Нечага чакалі. Даядалі тое, што прывезлі з сабою. Цешыліся чуткамі, што сам цар клапоціцца аб іх фабрыцы, што ідзе ўжо да іх абоз з хлебам, з інструментам новым, у Маскве нарыхтаваным.

Не прыйшоў абоз. З’елі людзі хлеб ды пачалі разбрыдацца. Хто назад у сваю вёску падаўся, хто да мясцовых паноў у прыгонныя трапіў, а некаторыя зніклі немаведама дзе.

Так і распалася фабрыка, і не было з таго часу ў Расіі гадзіннікаў сваёй вытворчасці. Ды і не вельмі непакоіла гэта яснавяльможных асоб. Айчынная вытворчасць, думалі яны, вельмі няпэўная гэта справа. Куды прасцей карыстацца работаю замежных умельцаў.

Перад Рэняю раскрывалася ўся гісторыя гадзіннікавай справы ў нашай краіне. Да самага Кастрычніка не было ў Расіі гадзіннікаў сваёй вытворчасці. Нават тыя «гарбузы», на якіх было напісана па-руску «Павел Бурэ» і якія на тоўстых залатых ланцугах насілі купцы ды кулакі, нават тыя самыя «гарбузы» рабілі замежныя капіталісты, якія мелі ў Расіі свае фабрыкі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ладзіць сваю гаспадарку ўзяліся сапраўдныя гаспадары, з’явіўся і першы айчынны гадзіннік. За масавы выпуск гадзіннікаў у нас узяліся толькі пасля Айчыннай вайны, а ўжо ззаду засталіся і Швейцарыя, і Францыя, і Англія. Яшчэ зусім нядаўна які-небудзь аматар замежных бэбахаў тыцкаў пальцам у чорны цыферблат нячыста здабытага гадзінніка і хваліўся: «Швейцарскі!», што павінна было азначаць: гадзіннік у яго найлепшай маркі.

А цяпер замежная пані-турыстка пальчыкам паказвае на невялічкі гадзіннік, што блішчыць на яе далікатным запясці, і з акцэнтам, ледзь выгаварваючы па-рускі, кажа: «соф’ецкі». I гэта значыць, што гадзіннік у яе найлепшай маркі.

Дык не дзіва, што з такою цікавасцю хадзілі замежныя турысты па заводзе, круцілі галовамі, аглядаючы канвеер, з цікавасцю пазіралі, як працуюць дзяўчаты. Можа хацелі яны разгледзець, дзе схавана тое цуда, якое падпарадкавалі сабе камуністы? Можа хацелі разабрацца, у чым сакрэт іх поспехаў?

Рэня ўспомніла замежную госцю з прыгожа прычасанымі валасамі. У вачах гэтай жанчыны былі збянтэжанасць і нялоўкасць.

Цэх жыве сваім звычайным рабочым жыццём. Вось уздоўж канвеера ідзе Ігар Барысавіч. На хвілінку спыніўся каля Рэні, хацеў нешта сказаць, але яго паклікалі, і ён пайшоў далей.

Каця Белякова, якая сядзіць на кантролі, не вяртае сёння гадзіннікаў на дэкатаж. Значыць, усе яны зроблены добра. А як радасна, калі спорыцца работа! Тады ты здаешся сабе такім значным і адчуваеш, што не дарэмна жывеш на свеце, ты — патрэбны чалавек.

11

Калі і на другі дзень Зоя не прыйшла на работу, Рэня вырашыла схадзіць да яе, хоць раней гэты вечар меркавала аддаць заняткам — трэба было рабіць практыкаванне па англійскай мове, рыхтаваццз да заліку. «Я ненадоўга,— думала Рэня.— На гадзінку. Можа, яна сапраўды хворая…»