— Я з Зояй абавязкова пагавару. Як так можна,— сказала Рэня. Ёй было крыўдна і за Міхала Паўлавіча, і за Антаніну Іванаўну, і за сябе. I нават нейкая злосць разбірала яе на Зою.
— Дык ты пасядзі, Рэнечка, пачакай,— паднялася з крэсла Антаніна Іванаўна. Яшчэ некалькі хвілін назад рухавая, быстрая, яна раптам нібы абвяла і цяпер, цяжка ступаючы, пайшла ў кухню. Міхал Паўлавіч стаў ля акна, заклаўшы рукі за спіну, і пазіраў у цёмныя шыбы, па якіх стукаў дробны дождж.
Рэня пасядзела некалькі хвілін. На вочы ёй трапіў тоўсты чырвоны альбом, які ляжаў на паліцы. Рэня падышла, узяла яго, разгарнула і адразу ўбачыла дзве фатаграфіі. На адной была Зоя ў даволі эфектнай позе, з другой фатаграфіі, крышку нахабна, як здалося Рэні, на яе глядзеў Жэня. Не думаючы аб тым, ці добра гэта, ці не, яна выцягнула Жэневу фатаграфію з альбома і зірнула на надпіс. «Любаму Зайчыку ад злоснага Воўка» — прыгожым почыркам было выведзена на ражку.
Пад подпісам стаяла вельмі свежая дата. «Дык вось як далёка зайшло ў іх… «Любаму Зайчыку»… Што ж яны сабе думаюць, і яна і ён… Не, трэба будзе і пра гэта адкрыта з ёю пагаварыць. Вось табе і малая, і бедненькая,— злавалася Рэня. «Я яе дзіцем лічу, хачу памагчы ёй, а яна, бач, з жанатым хлопцам каханне завяла!»
Рэня зусім раззлавалася. Яна на хвіліну нават сумелася — ці трэба ёй тут сядзець і чакаць Зою? Можа, яна лепш за яе ведае, што рабіць… Але адразу яшчэ большы жаль да Зоі і нават страх за яе ахапілі Рэню. «Не, так не будзе… Я схаплю яе за плечы і буду трэсці, пакуль яна не прачнецца, пакуль не ўбачыць, што з усяго гэтага можа атрымацца».
Рэня паставіла фатаграфію на месца. Пачала далей праглядаць альбом. Якіх толькі Зоіных здымкаў тут не было! I зімою, і летам, і ў горадзе, і за горадам. У купальніках і ў сукенках, у паліто і ў світары. 3 мамаю і з бацькам, адна, з сяброўкамі. Уся невялікая біяграфія Зоі ляжала тут, як на далоні, і жыццё яе здавалася суцэльным святам.
Адна фатаграфія ляжала здымкам уніз, не ўстаўленая ў сваё гняздзечка. Рэня ўзяла яе, перавярнула і адхіснулася.
— Юра,— не прашаптала, а выдыхнула яна. Нейкую хвіліну яна сядзела, як скамянелая, а пасля рэзка нахілілася да фатаграфіі, упілася ў яе вачыма. Не, гэта быў не Юра. Але як падобны… Такія ж вочы, такія ж рысы твару, такія ж кучаравыя валасы над высокім ілбом. Хто ж гэта? Ды гэта ж, здаецца, Міхал Паўлавіч… малады… Божа мой, і бывае ж такое…
— Вось і чай скора гатовы будзе, а Зоі ўсе няма… Забавілася,— увайшла Антаніна Іванаўна.— Альбом разглядаеце? — нахілілася яна да Рэні.— Вось бачыце, які Міхал Паўлавіч быў малады… Гэта ў той год, як мы пажаніліся. Яму было тады дваццаць тры гады…
А Рэня глядзела на фатаграфію і не магла супакоіцца. «Трэба ж, так падобны на Юру»,— думала яна. У той дзень, калі Юра праводзіў яе з Калінаўкі ў Мінск, ён быў у такой самай белай кашулі з расшпіленым каўняром. I такі самы высокі лоб, такія самыя вочы, вусны, выраз твару…
Рэня пачула, як адчыніліся дзверы. Дробна застукалі абцасы. Прыйшла Зоя. Рэня закрыла альбом. Усярэдзіне ў яе нешта дрыжала, але яна ўзяла сябе ў рукі. Трэба было падрыхтавацца да непрыемнай гаворкі. I як пачаць? 3 чаго?
Убачыўшы сяброўку, Зоя збянтэжылася.
— Даўно ты прыйшла? — прывітаўшыся, спытала Зоя.
— Ды ўжо… даўнавата.
— А я да краўчыхі бегала,— старалася спакойна, нават абыякава гаварыць Зоя. Твар у яе быў ружовы ад холаду, на валасах блішчэлі кропелькі дажджу. Яна хадзіла па пакоі, нібы не ведаючы, як схаваць збянтэжанасць, нялоўкасць. Антаніна Іванаўна стаяла ля дзвярэй. Яна ўсё разгладжвала рукамі свой цыратавы фартух, чакаючы, што пачне гаварыць дачцэ Рэня. Але Рэні не хацелася, каб Антаніна Іванаўна слухала іх размову. Ёй здавалася, што лепш застацца з Зояй з вока на вока. I Антаніна Іванаўна зразумела Рэню, яна паклікала Міхала Паўлавіча і пакінула іх адных.
12
Дождж сыпаў і сыпаў. Здавалася, усё расплылося ад яго — доўгага, цягучага, несупыннага.
Рэня чакала тралейбуса. Вось ён падплыў,— з вялікімі вокнамі, нечым падобны на акварыум. Рэня ўскочыла ў яго, села ля акна, адхінулася на мяккую спінку сядзення. За шклом, па якім цяклі тонкія струменьчыкі дажджу, плыла вуліца. Але Рэня, хоць і глядзела ў акно, не бачыла, што за ім робіцца. Яна ўспамінала Зоіны вочы — збянтэжаныя і разам упартыя, калючыя. «Як кепска ўсё ахрымалася,— думала Рэня.— Я ж зусім не хацела з ёю сварыцца. А нагаварылі адна адной непрыемнага, крыўднага». I над усім, што сама сказала Зоі, што пачула нядаўна ад яе, звінелі словы: «Не твая справа».
«А можа і праўда не мая справа,— думала Рэня.— У яе ёсць бацька і маці. Хай яны за яе адказваюць. Кінула завод — хай цяпер робіць, што хоча. Пагляджу, дзе яна знойдзе сабе лёгкую работу. Ці яна хоча там працаваць, дзе рабіць нічога не трэба, і грошы нізавошта атрымліваць?» Яна так і сказала Зоі…