Выбрать главу

— Менш за ўсё я думаю пра грошы, яны мне наогул непатрэбныя,— зняважліва кінула ёй на гэта Зоя.

— Ты грашыма не раскідайся, бо цаны ім не ведаеш,— загарэлася тады Рэня.— Не зарабіла яшчэ. Дасюль на татавай пенсіі жыла і, мусіць, век за нейчаю спіною жыць збіраешся…

— Не твая справа,— зноў чуе Рэня Зоін голас і бачыць яе халодныя, як ільдзінкі, вочы.

— Альбо, можа, за Жэню замуж збіраешся? Ад жонкі яго адбіць хочаш? — не выбірала ўжо далікатных слоў Рэня. Цяпер яна ўспомніла, як успыхнула Зоя, як пачырванеў яе твар, як расталі раптам вочы-ільдзінкі і слёзы, ці то сораму, ці злосці, затуманілі іх.

— Не твая справа, не твая справа! — амаль шэптам паўтарала яна адно і тое ж.

«Дык, можа, і праўда не мая справа? — горка думае Рэня.— Навошта мне лезці ў чужое жыццё?» «А чаму яно чужое,— нехта іншы спрачаецца з ёю.— Хіба Зоя была табе чужая ўвесь гэты час? Ты ж яе вучыла, сябравала з ёю. I пасля, ты ж — камсамолка. А хіба можа быць камсамолка абыякаваю да свайго сябра, калі бачыць, што гэты сябар робіць нешта не так, як трэба? А можа ты вінавата ў тым, што Зоя кінула завод? Ты ж была яе настаўніцаю… Ах, каб можна было вярнуць Зою ў цэх! Я з яе вачэй не спускала б! Але Зоя і слухаць не хоча пра тое, каб вярнуцца назад, на завод!.. А ўся гэта гісторыя з Жэнем… Антаніна Іванаўна, мусіць, і не ведае нічога. Няўжо і тут не мая справа? Няўжо не павінна я ўмяшацца?..»

Рэня выйшла з тралейбуса. Абмінаючы лужыны, спяшаючыся, убегла ў пад’езд інтэрната. Цётка Феня ў вялікай шарсцяной хустцы, у ватоўцы драмала ля свайго століка. Калі стукнулі дзверы, яна расплюшчыла вочы, крыху няўцямна глянула на Рэню, але хутка пазнала яе і, шырока пазяхнуўшы, зноў прыплюшчыла вочы.

Валя і Люба ўжо спалі. Асцярожка, каб не нарабіць груку, Рэня распранулася, лягла ў ложак. Пасля халоднай, мокрай вуліцы было прыемна апынуцца ў цёплай, чыстай пасцелі, і Рэня скора адчула, як яе пачала агортваць дрымота. Яшчэ мільгалі ў думках абрыўкі размовы, чуўся Зоін голас, усплываў твар. Пасля Рэня заснула.

Прачнулася ноччу, нібы штурхнуў яе хто. Нешта ёй прыснілася, але яна не магла ўспомніць, што. Пасля ёй здалося, нібы яна ўсё яшчэ трымае ў руках Зоін альбом. Ага, успомніла! Ёй прыснілася, што яна зноў гартае Зоін альбом, пераглядае фатаграфіі… Нібы зноў узяла яна ў рукі здымак і выдыхнула: «Юра!» А можа ўсё гэта і не прыснілася. Можа так запала ў памяць тая фатаграфія, што Рэня спала і думала пра яе… Юра… так падобны на Міхала Паўлавіча…

Нібы электрычным токам, працяло ўсё цела дзяўчыны. Яна ўраз паднялася, села. Думкі кругам пайшлі ў галаве, аж зрабілася неяк нядобра. Рэня сціснула далонямі скроні.

«У вайну ў нас згубіўся хлопчык»,— успомніліся ёй Зоіны словы.— Яму было тады тры гады». У якім жа годзе гэта здарылася? Ага, у сорак першым… Значыцца, цяпер яму павінна быць… Рэня ніяк не магла палічыць, колькі год павінна быць яму цяпер. Нарэшце, палічыла. Цяпер яму павінна быць дваццаць два. Ну вось, Юру скора будзе дваццаць тры…

Рэня сядзела, моцна сціснуўшы рукамі скроні. «Не можа быць, каб такое моцнае падабенства было выпадковае. А Зоя… Яна ж таксама падобна на Юру… Ці гэта мне ўжо цяпер здаецца?…»

Ёй захацелася зараз жа, цяпер, ноччу знайсці фатаграфію Юры і паглядзець на яе.

Яна ўстала, упоцемках адчыніла чамадан, які стаяў пад ложкам, вобмацкам пачала шукаць пачак з фатаграфіямі. Ніяк не магла знайсці яго і выкідала на падлогу бялізну, абрус, новыя туфлі. Карабок упаў на падлогу, стукнуў. Прачнулася і павярнулася на ложку Валя.

— Што там такое? — спыталася яна сонным голасам.

— Нічога, нічога, гэта я,— прашаптала Рэня.

Нарэшце, пачак у руках, але ў пакоі цёмна, Рэня не хоча паліць святла, каб не прачнуліся сяброўкі. Асцярожна, на пальчыках ідзе яна да дзвярэй, адчыняе іх. У калідоры вельмі ціха і цьмяна гарыць лямпачка. Рэня спачатку, як была, у адной кашулі, выбегла ў калідор, пасля схамянулася. Яшчэ выйдзе хто… Вярнулася, вобмацкам знайшла халат, накінула на плечы. Фатаграфіі паклала на падаконнік і пачала перабіраць, шукаючы толькі тыя, дзе Юра. Вось апошняя, ён нядаўна прыслаў. У касцюме, з гальштукам, старанна прычасаны. Ой, здаецца, не падобны,— аж пахаладзела Рэня. Але так здалося ў першае імгненне. Збянтэжыў касцюм і гладка прычасаныя валасы. Канешне, Юра вельмі падобны на маладога Міхала Паўлавіча.

Яна разглядае другія фатаграфіі. Вось Юра ў гурце дзяцей з дзіцячага дома. Тут недзе і Рэня, але сябе яна цяпер не шукае. Фатаграфія невыразная. На гэтым здымку Юра зусім хлопчык, і Рэні здаецца, што ён тут вельмі падобны на Зою. Рэня ўсё ўглядаецца і ўглядаецца ў фатаграфіі — у адну, у другую, у трэцюю. Нарэшце, сабрала ўсё і вярнулася ў пакой. Вакол цемень і цішыня. Колькі ж гэта часу? Тры гадзіны… Зноў лягла ў ложак. Яна ўся калацілася. I ад холаду, і ад хвалявання. Захацелася зноў устаць, апрануцца і зараз жа пабегчы да Булатаў. Нічога, што ноч. Гэта ж так важна… Тое, што сёння яна пасварылася з Зояю, здалося такім дробязным, нязначным. Яна нават зноў была паднялася і села на ложку, але стрымала сябе. «А што, калі ўсё гэта — мае выдумкі… Расхваляваць Антаніну Іванаўну, Міхала Паўлавіча, а пасля акажацца, што ён зусім не іх сын…».