Выбрать главу

I Рэня зноў лягла, укрылася, стараючыся сагрэцца, супакоіцца. «Трэба заўтра пайсці да іх і пагаварыць пра ўсё. Пакуль з адным толькі Міхалам Паўлавічам. Цікава, а як звалі іх сына? Я нават не ведаю, не пыталася. Трэба напісаць Юру. Толькі асцярожна. Ён не паверыць. Скажа — аднойчы ў мяне ўжо знайшлася маці… Але гэта не тое, гэта зусім іншае…

I раптам Рэніна сэрца ледзь не захлынулася з радасці. Няхай няма ў яе ніякіх доказаў, што Юра — сын Антаніны Іванаўны і Міхала Паўлавіча, у душы яна адчувала, што гэта так, што не можа быць, каб такое падабенства было выпадковае…

«Ціха, ціха,— супакойвае сама сябе Рэня.— Можа гэта яшчэ ўсё яе так…» I яна зноў пачынае лічыць гады, стараецца ўспомніць, ці не расказваў ёй Юра што-небудзь пра сваё дзяцінства. Але нічога ўспомніць не можа. Ды і сам Юра, напэўна, нічога не памятае.

13

Рэня не спала ўсю ноч. Толькі пад раніцу крыху задрамала, але назаўтра не адчувала стомленасці. I хоць дзень быў такі, як усе, звычайны, яна ўвесь час адчувала, што адбылося нешта асаблівае. Яна вырашыла пакуль нічога не гаварыць дзяўчатам. Здавалася, калі хоць каму-небудзь раскажа пра гэта, дык усё акажацца няпраўдаю. «А вось пра тое, што Зоя кінула работу, трэба расказаць Валі і Любе. Яны ж яшчэ нічога не ведаюць. Раскажу ім у час абеду».

Рэня нават не чакала, што так раззлуюцца на Зою дзяўчаты.

— Яе за такое з камсамола выключыць трэба, а што вымову ўляпіць, дык абавязкова,— заявіла Валя.

— Ці ж так можна? Не сказаўшы нікому нічога? — падтрымала Валю Люба.

— Па-першае, за тое, што чалавеку работа не падабаецца, з камсамола яго не выключаюць. А па-другое, калі яе з камсамола выключыць, дык лепшай ад гэтага яна не зробіцца,— супакойвала дзяўчат Рэня.

— Не, ты падумай, яе вучылі, ёй грошы плацілі, а яна плюнула на ўсіх і пайшла,— размахвала рукамі над сталом з талеркамі Валя.— Хоць мяне многія лічаць і легкадумнай, але я б так не зрабіла.

— Маладая, дурная,— з горыччу сказала Рэня.

— Ты за яе вельмі заступаешся,— адсунула сваю талерку Люба.— А табе больш за ўсіх на яе крыўдзіцца трэба, бо ты яе вучыла.

— Маладая,— з’едліва ўсміхнулася Валя.— Як з жанатым хлопцам гуляць, дык не маладая.

— Кінь, Валя, гаварыць абы-што,— махнула рукою Люба. Яна хоць і ведала, што Зоя і Жэня ў кіно разам хадзілі, але лічыла, што нічога асаблівага ў іх адносінах няма, што дзяўчаты проста разносяць плёткі.

— Паслухайце, што я вам скажу,— і Рэня нахілілася да Валі і Любы.— Я выпадкова даведалася, што ў іх ужо сапраўды нешта большае, чым сяброўства.

— Во, бачыш,— павярнулася да Любы Валя.— А ты яшчэ не верыла…

— Ды калі гзта праўда, то я проста не ведаю, што яму трэба зрабіць,— аж пачырванела Люба.

— Мы павінны пайсці да Жэні і пагаварыць з ім як мае быць, — сказала Рэня.

Як толькі скончыўся рабочы дзень, сяброўкі накіраваліся ў радыёвузел. 3 Жэнем яны сутыкнуліся ля самых дзвярэй. Ён ужо збіраўся ісці.

— Вярніся, кавалер,— узяла яго пад руку Валя.— Пагаварыць трэба.

— Чаго гэта вы? — убачыўшы строгія твары дзяўчат, сумеўся ён.

— Чаго ты круціш галаву нашай Зоі? — сказала Валя.— Яна дзіця зусім, а ў цябе жонка ёсць.

— А-а, дык вось чаго вы… — бесклапотна засмяяўся Жэня.— А я думаю — што за дэлегацыя такая.

— Паслухай, усе мы лічым, што ты паводзіш сябе амаральна,— спакойна, але сурова сказала Люба.

— А якая нарэшце, ваша справа? — пачаў злавацца Жэня.— I наколькі мне вядома, Зоя ўжо не працуе ў вашай брыгадзе, так што ваша апека тут зусім лішняя.

— Не працуе ў нашай брыгадзе! — развяла рукамі Люба.— Калі не працуе ў нас, дык нам павінна быць усё роўна, што з ёю будзе? Так, па-твойму? — пыталася яна ў Жэні.

— I што за АБС такое ў нас на заводзе? — паціснуў плячыма Жэня.— Ведаеце, што такое АБС? Агенцтва «Адна баба сказала»… Па вуліцы прайсці з чалавекам нельга —адразу нагавораць сорак бочак арыштантаў.

— Нам пра ўсё не АБС сказала, а сам ты сказаў. Я бачыла тваю фатаграфію ў Зоі,— спыніла яго Рэня.

— Яшчэ адмаўляецца! — з абурэннем гаварыла Валя.— I не сорамна табе? Круціш дзяўчыне галаву…