Выбрать главу

— Я ў камітэт камсамола заяву на цябе напішу, няхай камсамольскі сход абмяркуе твае паводзіны,— гразілася Люба.

Жэня адчуў, што дзяўчаты не жартуюць, і прымірэнча загаварыў:

— Ну, чаго вы напалі, як сарокі, нібы ў нас з Зояй было нешта такое, што парушае правілы маралі. Мы проста сябруем з ёю. А што фатаграфію падарыў, то так… Хацеў прыемнае зрабіць дзяўчынцы.

— Прыемнае…— скрывілася Валя.— Падумаеш, шчасце якое. Золатца такое ненагляднае!

— Яна ведае, што ў мяне жонка ёсць, я яе не ашукваў,—зноў пачаў злавацца Жэня.— Ды і не рабіце вы з мухі слана, нічога ў нас, акрамя сяброўства, не было!

Разгарачаныя, усхваляваныя, ішлі дзяўчаты дахаты. Лаялі Жэню, лаялі Зою, лаялі сябе, што раней не ўмяшаліся ў іхнюю «дружбу».

— I як ён у нас тады апынуўся,— недаўменна спытала Люба.— Тады, калі быў дзень твайго нараджэння.

— Ды я Валодзю запрашала, а Жэню ўжо таму, што з ім у адным пакоі жыве,— апраўдвалася Рэня.

— А думаеце, так ён нас і паслухае… Трэба жонцы ліст напісаць, каб прыязджала,— сказала Валя.

— Не, гэта нядобра, ліст жонцы пісаць,— паморшчылася Люба.

Рэня ішла моўчкі. Яна ўспомніла, як учора гаварыла з Зояй, якія ўпартыя і халодныя былі ў Зоі вочы. А Рэні ж сёння трэба ісці да Міхала Паўлавіча. Зоя падумае, што яна прыйшла мірыцца… «Ну і няхай… Хіба гэта цяпер можа мець значэнне?»

14

Вечарам Рэня загарнула ў лісток усе Юравы фатаграфіі, паклала іх у сумачку. Яна вельмі хвалявалася. Ёй суджана было прынесці ў хату людзям ці вялікую радасць, ці горкае расчараванне. I разам з тым Рэня лічыла, што не расказаць аб сваіх здагадках яна не можа. Таму і вырашыла гаварыць пакуль-толькі з Міхалам Паўлавічам. Ён — мужчына. Яму лягчэй будзе ва ўсім разабрацца. Але як застацца з ім удваіх?.. Хіба паклікаць на вуліцу і там усё растлумачыць?

Яшчэ не ведаючы, як пачне гаворку, Рэня націснула чырвоную кнопку званка. Дзверы адчыніў Міхал Паўлавіч. Ён быў у светлай паласатай піжаме, у пантофлях на босую нагу, у руках трымаў разгорнутую кніжку. Рэня вырашыла тут, адразу, ля дзвярэй, пакуль ніхто іх не чуе, сказаць, што ёй неабходна пагаварыць з ім.

— Са мною асабіста? — перапытаў Міхал Паўлавіч.— Можа з Зояй што здарылася? — затрывожыўся ён.

— Не, не з Зояй. Я пра другое,— спяшалася гаварыць Рэня. — Але трэба толькі з вамі.

— Дык заходзьце, заходзьце. Зоі няма дома. А Антаніне Іванаўне нездаровіцца, яна ў спальні. Здаецца, спіць нават.

Міхал Паўлавіч пачакаў, пакуль Рэня распранулася, і яны абое паціху ўвайшлі ў пакой. У пакоі гарэла адна толькі настольная лямпа пад зялёным абажурам. Яна ярка асвятляла стол, а ўсе астатнія рэчы нібы туліліся ў цёмных кутках і каля сцен. На падлозе ляжалі акуратна пасцеленыя палавікі. Тут было чыста, цёпла, утульна, толькі, як здалося Рэні, крышку самотна. Можа гэта ад цішыні, якая, здаецца, прытулілася тут недзе.

Міхал Паўлавіч асцярожна заглянуў у спальню і ціха зачыніў дзверы.

— Спіць,— сказаў ён Рэні.— Дык што ўвас такое? — амаль шэптам спытаўся ён.

Рэня сядзела на крэсле ля стала і пазірала на партрэт, які ледзь вырысоўваўся на сцяне. Міхал Паўлавіч сеў ля Рэні. Яна, усё яшчз пазіраючы на партрэт, спыталася:

— Скажыце, Міхал Паўлавіч, як звалі вашага сына?

— Аляксандр,— адказаў ён, толькі цяпер заўважыўшы, куды скіраваны позірк госці.

Надзеі ў Рэні адразу зрабілася менш. Аляксандр і Юра — зусім розныя імёны. Але трэба было расказаць усё.

Не спяшаючыся, Рэня выняла з сумачкі пачак, разгарнула.

— Вось, паглядзіце,— падала яна Юравў фатаграфію.

Міхал Паўлавіч узяў акуляры, якія ляжалі на стале ля настольнай лямпы, адзеў іх, паглядзеў спачатку на Рэню, пасля ўважліва пачаў разглядаць здымак.

— Прыгожы хлопец, але я яго не ведаю,— сказаў ён.

— А знаёмых вашых, каго-небудзь, не нагадвае ён вам?

Міхал Паўлавіч уважліва глядзеў на фатаграфію.

— Не… Здаецца, не,— няўпэўнена пакруціў ён галавою.

— Дзе Зоін альбом? — устала Рэня, Яна ўключыла святло і адразу ўбачыла альбом. Ён ляжаў на паліцы ля канапы. Рэня ўзяла яго, пачала таропка гартаць.

— Вось, паглядзіце,— паклала яна поруч фатаграфіі маладога Міхала Паўлавіча і Юры.— На гэтым здымку ён яшчэ не так падобны на вас, маладога, як у жыцці. Тут ён у касцюме, у гальштуку, валасы прылізаныя, а сёлета, калі ён быў у такой самай белай кашулі з расшпіленым каўняром… разумееце, я як убачыла гэту фатаграфію, дык адразу была падумала, што Юра…

— Хто ён… дзе ён… — хрыплаватым голасам спытаў Міхал Паўлавіч; яго пальцы, калі ён хацеў узяць са стала фатаграфію Юры, задрыжалі.