Выбрать главу

— Гэта Юра… Юра Наватораў. Я разам з ім была ў дзіцячым доме… У Калінаўцы… Цяпер ён у Ленінградзе вучыцца ў інстытуце.

Міхал Паўлавіч адхіліўся на спінку крэсла. Рэня ўбачыла, як заблішчэлі кропелькі поту ў яго на высокім ілбе і над верхняй губою.

— Вам нядобра? — спалохалася Рэня і дакранулася рукой до яго пляча.

— Не, не,— Міхал Паўлавіч адвёў Рэніну руку. 3 кішэні піжамы ён выняў насоўку і пачаў выціраць ёю лоб, нос, шчокі.

— Акрамя гэтых фатаграфій у мяне ніякіх доказаў… Бачыце, нават імя і прозвішча не тыя. Можа ўсё гэта выпадкова. Але, ведаеце, трэба праверыць. Я таму і вырашыла гаварыць толькі з вамі, не трывожыць пакуль Антаніну Іванаўну…

— Так, так,— падтакваў Міхал Паўлавіч.— У яе хворае сэрца… Дык у якім, вы кажаце, дзіцячым доме, у Калінаўцы? Дзе гэта?

— Гэта пад Гомелем. А дзе ён у вас згубіўся?

— Дзе згубіўся? — перапытаў Міхал Паўлавіч.— Згубіўся не тут. Але ўсяляк бывае… Дык як, кажаце, яго завуць? Юра Наватораў? Не, імя і прозвішча зусім не тыя, але, сапраўды, ён падобны,— і Міхал Паўлавіч зноў пачаў углядацца ў фатаграфію. — Мне трэба паехаць у Ленінград… Трэба абавязкова яго ўбачыць…

— Не хвалюйцеся,—супакойвала яго Рэня.— Юра сам павінен скора сюды прыехаць. На зімовыя канікулы. А вы раскажыце лепш мне, як усё здарылася. Магчыма, гэта дапаможа высветліць што-небудзь.

Міхал Паўлавіч устаў, няроўнаю хадою пайшоў да дзвярэй, якія вялі ў кухню. Рэня чула, як стукаў ён там шклянкаю — піў ваду. Пасля ў люстэрку, якое вісела на сцяне ў пакоі, яна бачыла, як стаяў ён некаторы час, паціраючы рукою грудзі.

Вярнуўшыся ў пакой, ён зноў доўга разглядаў здымак.

— Ён сапраўды падобны на мяне… Няўжо можа быць?!.

Высокі сівы чалавек, які зведаў на сваім жыцці нямала гора і радасці, які не раз глядзеў у вочы смерці, мусіць, ніколі так не хваляваўся, як у гэтую хвіліну. Са смерцю можна было змагацца. Яе можна было перамагчы. А што зрабіць тут, каб надзея не засвяціла зманлівым промнем, які пасля патухне, пакінуўшы яшчэ большую цемру. Міхал Паўлавіч глянуў на Рэню, і ў яго позірку былі страх і радасць, надзея і боль.

Ён зноў устаў, падышоў да дзвярэй, якія вялі ў спальню. Паглядзеў, ці не прачнулася Антаніна Іванаўна. Адно імгненне ён нібы вагаўся — ці не разбудзіць яе і не расказаць ёй пра ўсё. Але ўздыхнуў, шчыльна прычыніў дзверы і вярнуўся да Рэні.

— Я тады з імі не быў і нічога не бачыў, але Антаніна Іванаўна колькі разоў расказвала, так што я, лічыце, ведаю ўсе падрабязнасці,— пачаў Міхал Паўлавіч. Ён, відаць, стараўся супакоіцца, і, хоць голас яго час ад часу дрыжаў, твар паспакайнеў, толькі вочы суха блішчэлі.— Да вайны мы жылі ў Гродна. А як пачалася вайна, вы ж ведаеце, што рабілася першыя дні. Хаця вы, магчыма, нічога і не ведаеце, не памятаеце. Вы ж тады яшчэ былі дзіцем… як мой Шурык, мусіць…

Дык вось, наша вайсковая часць заняла абарону. Мы стаялі цвёрда. Біліся да апошняга патрона. Не адна сотня фашыстаў навекі засталася ў нашай зямлі, толькі на яе ступіўшы. Але і нашых многа лягло. Гінулі, як героі, а пра іх подзвігі мала хто ведае. Вось таму я і пішу свае запіскі. Хачу расказаць пра герояў, якія загінулі ў першых баях.

Самі разумееце, што ў тыя дні я не мог забегчы дахаты нават на хвіліну, каб хоць сказаць ім — ад’язджайце. Ды Антаніна Іванаўна і сама здагадалася, што трэба рабіць. Звязала нейкі клунак, Шурыка на рукі і разам з суседкамі — на станцыю. У вагон неяк убіліся. Даехалі так-сяк да Мінска. А ў Мінску немец у той час вакзал бамбіў. Яны акурат трапілі пад бамбёжку. Пачалі гарэць вагоны, цэлыя саставы. Людзі бегаюць, крычаць, выцягваюць з агню параненых, забітых, абгарэлых. Жанчыны ўзнялі паніку. У адзін голас пачалі крычаць, што цягніком далей ехаць нельга — усе станцыі бамбіць немец, цягнікі абстрэльвае. Вырашылі, што трэба ісці на шашу, на машынах выбірацца. Наіўныя, думалі, што так і ходзяць там машыны, як да вайны, так і выглядаюць шафёры, каго б гэта падвезці.

Пайшлі яны, групка жанчын з дзецьмі, цераз увесь горад на Маскоўскую шашу. А Мінск гарэў. На вуліцах валяліся груды чамаданаў, скруткаў з розным дабром. На тратуарах стаялі швейныя машыны. Вецер ганяў фіранкі ў пустых кватэрах, а да іх ужо дабіраўся агонь. Пасля аказалася, што ў той дзень і я праходзіў праз Мінск. Можа, і блізка дзе каля іх быў, ды ў вайсковых свая дарога…

Ледзь яны выбраліся на шашу. А машыны, што праязджалі па ёй, і не думалі іх падбіраць. На адных было поўна сваіх бежанцаў, а вайсковыя машыны не бралі цывільных.

Пайшлі яны пешкі. Я ўяўляю, як цяжка было ёй,— паказаў вачыма Міхал Паўлавіч на дзверы спальні, дзе адпачывала Антаніна Іванаўна,— Яна ж тады была ўжо цяжарная… Як падумаю пра ўсё гэта, дык і цяпер дарую ёй многае… Дык вось, неяк дайшлі яны да Барысава, а далей не хапіла сілы ісці. Ды і пераканаліся, што не ўцячы ад немца пешкі. Зноў пабрылі на станцыю. А ў Барысаве на цягнік сесці яшчэ цяжэй аказалася. Тут яна згубіла сваіх спадарожніц, з якімі аж з Гродна ехала. Тыя неяк раней уціснуліся ў таварны вагон. Убілася пасля і яна. Дапамог нейкі лейтэнант, расказвала.