— Міша,— пачуўся з другога пакоя слабы голас Антаніны Іванаўны.
Міхал Паўлавіч перастаў гаварыць, выразна паглядзеў на Рэню і прыклаў далонь да вуснаў, даючы знак, каб яна маўчала. Пасля ўстаў, паціху адставіў крэсла, падышоў да дзвярэй, адчыніў іх.
— Зоя прыйшла? — спыталася Антаніна Іванаўна.
— Не, Зоі няма, ты ляжы, ляжы, паспі яшчэ крыху.
— А з кім ты там гаворыш?
— Гэта Рэня… Мы… Я чытаю ёй свае запіскі,— стараючыся гаварыць абыякава, адказаў Міхал Паўлавіч.
Пад Антанінай Іванаўнай зарыпеў ложак. Міхал Паўлавіч увайшоў у спальню. Некалькі хвілін ён аб нечым гаварыў з Антанінай Іванаўнай, пасля выйшаў, зноў зачыніў за сабою дзверы. 3 шуфлядкі стала выняў знаёмую Рэні зялёную папку, паклаў перад ёю на стол, скоранька развязаў, дастаў адтуль густа спісаныя чарнілам старонкі, расклаў на стале.
— Угаварыў не ўставаць яшчэ. А гэта няхай ляжыць,— паказаў ён на старонкі.— Калі і Зоя прыйдзе, скажам, што запіскі мае чыталі. Дык вось,— пазіраючы на дзверы, якія вялі ў спальню і паніжаючы голас амаль да шэпту, пачаў расказваць далей Міхал Паўлавіч. — Пад’язджалі яны ўжо да Оршы, ды спыніліся на раз’ездзе — быў закрыты семафор. I ў гэты час у небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі. Убачылі іх людзі, пачалі выскокваць з цягніка, пабеглі пад адхоны, у поле, да лесу. А немец па іх секануў з кулямётаў.
Антаніна Іванаўна з Шурыкам выскачыла з вагона, кінулася з ім пад елачкі, што раслі ўсцяж чыгункі. Хавала дзіця, туліла да сябе. А ён не плакаў і толькі пазіраў спужанымі вачанятамі. Антаніна Іванаўна часам і цяпер прачынаецца ноччу са слязьмі. Шурыка, кажа, сніла, як беглі з ім ад самалётаў…
Ды не дабегла яна да елачак. Ці яе параніла, як толькі выскачыла яна з вагона, ці пасля, як бегла, не памятае. Помніць толькі, як перакуліліся ў яе вачах тыя елачкі, як, падаючы, яна старалася не прыдушыць сваім целам Шурыка. А калі падбіралі яе жыхары пасёлка, што недалёка ад раз’езда быў, дык ні цягніка, ні дзіцяці ўжо не было. Сярод забітых Шурыка не знайшлі. Можа, калі адыходзіў цягнік, забраў хто Шурыка. Падумалі, што маці мёртвая. Ды хто ўгадае, як там было…
— А што вы думаеце, можа так і было,— прашаптала Рэня.— Можа, як паляцелі самалёты, ды як пачалі людзі зноў у цягнік садзіцца, можа і ўзяў хто…
— Можа і так… Але Антаніна Іванаўна не ведала нікога з тых, што ехалі з ёю ў цягніку.
— А як жа Антаніна Іванаўна? Як з ёю далей было? — спыталася Рэня.
— Два месяцы яна ляжала ў чужых людзей хворая. Даглядалі яе. Лячылі. Цяпер нам гэтыя людзі, як родныя. Так Антаніна Іванаўна і засталася на акупіраванай тэрыторыі. Там і Зоя нарадзілася. Я іх толькі ў тысяча дзевяцьсот сорак пятым годзе знайшоў. I пра ўсё, што з імі здарылася, даведаўся толькі пасля. А Шурыка, як ні шукалі ўсе гэтыя гады, не знайшлі.
— Я напішу Юру ліст… Усё можа быць… А раптам гэта ён,— горача шаптала Рэня.
— А вы яго даўно ведаеце? Ён вам нічога не расказваў? — дапытваўся Міхал Паўлавіч.
Рэня нейкую хвіліну нібы нешта ўспамінала.
— Міхал Паўлавіч! — схапіла яна яго раптам за руку.— Ведаеце, можа так і было, як вы думаеце. Наш дзіцячы дом у час вайны быў эвакуіраваны ў Варонежскую вобласць. Толькі ў сорак пятым усе вярнуліся ў Калінаўку… Можа Шурык трапіў у дзіцячы дом у сорак першым, а пасля пераехаў сюды.
Міхал Паўлавіч устаў, пачаў хадзіць па пакоі і ўсё цёр, цёр далонямі твар.
— Але імя.,. Імя зусім не тое, і прозвішча… А ён ужо гаварыў. Ведаў, як завуць яго. I прозвішча ведаў.
— Нічога не магу вам сказаць,— уздыхнула Рэня.
Яны б, мусіць, яшчэ доўга гаварылі, ды ўстала Антаніна Іванаўна, выйшла да іх. Выгляд у яе быў сапраўды нездаровы.
— А Зоі ўсё няма, — уздыхала яна, ходзячы па пакоі. — Кожны вечар позна дахаты прыходзіць. Ты, Рэнечка, не ведаеш, з кім яна там гуляе? Хай бы вось з табою сябравала.
Рэні не хацелася трывожыць Антаніну Іванаўну, расказваць ёй пра Жэню.
Міхал Паўлавіч праводзіў Рэню да дзвярэй.
— Дзякуй вам, — сказаў ён ціха. — Цяпер я не супакоюся, пакуль усё не высветлю.
— Няма за што пакуль дзякаваць,— усміхнулася Рэня.— Бывайце здаровы. Зоі прывітанне перадайце. Скажыце ёй, што я мірыцца прыходзіла і не дачакалася.
15
Дождж, які сыпаў ледзь не тыдзень, прайшоў. Часам з-за нізкіх хмар, што плылі над горадам, выблісквала сонца. Яно на нейкі міг асвятляла вуліцы і зноў тухла, не паспяваючы сагрэць халоднае, сырое паветра.