Зоі было крыху непрывычна хадзіць па вуліцах у рабочы дзень. Раней, калі была на рабоце, яна прывыкла ўжо да горада, якім бывае ён пасля пяці гадзін, у выхадныя дні. А ўдзень ён нейкі іншы. Па вуліцах ходзяць гаспадыні з сумкамі, нянькі сядзяць у скверыках з дзецьмі, праходзяць вучні з ранцамі, з партфелямі. Некуды спяшаюцца хлопцы і дзяўчаты з папкамі. Мусіць, студэнты.
А Зоя не спяшаецца нікуды. Аглядае вітрыны, заходзіць у магазіны. Але хутка надакучыла адной блукаць па вуліцах. «Да каго б схадзіць?— думае яна.— Можа да Соні Шымановіч?» 3 таго часу, як Соня паступіла ў інстытут, а Зоя на завод, яны не сустракаліся. А некалі ж у школе сябравалі.
Зоя паглядзела на гадзіннік. Было тры гадзіны. «Ну вось, а заняткі ў яе ў два канчаюцца».
Зоя ішла да сяброўкі і ўяўляла, як тая ўзрадуецца, убачыўшы яе. Ды і сама яна была рада ўбачыць Соню. Гэта ж падумаць, так даўно не сустракаліся! Соня пачне расказваць ёй, як вучыцца, з кім сябруе. «Ці расказаць ёй пра Жэню?» Не, пра Жэню Зоя вырашыла не расказваць.
… Спачатку ёй здалося, што Соня не пазнала яе. Інакш хіба глянула б сяброўка на яе такімі дзіўнымі вачыма — нібы бачыць Зою ўпершыню? Соня ледзь была відаць з-за гары кніжак, сшыткаў і нейкіх папер, якімі быў завалены ўвесь стол. Разам з ёю за сталом сядзелі худы хлопец з тонкім доўгім носам і кучаравая дзяўчына з каротка падстрыжанымі валасамі. I ўсе яны пазіралі на Зою так, нібы яна звалілася з неба. Соня прашаптала: «Зойка…» Але ні ў вачах яе, ні ў голасе не было вялікай радасці. А хлопец і дзяўчына зусім не хавалі сваёй нездаволенасці.
— Гэта ты? — нібы ўсё яшчэ не верыла Соня.— А мы, бачыш, зубрым.
Зоя распранулася, села.
— Вось, знаёмся,— без асаблівага энтузіязму паказала на сваіх сяброў Соня.
— Барыс,— буркнуў даўганосы худы хлопец, страсянуўшы Зоіну руку, і тут жа ўзяў з груды на стале кнігу, пачаў таропка гартаць яе. Больш ад яго Зоя не пачула ніводнага слова.
— Света,— сказала каротка падстрыжаная кучаравая дзяўчына, падаўшы мяккую, вялую руку. Яна нахілілася да Барыса, і яны разам пачалі глядзець у кнігу.
— Ну, як ты маешся? — крыху збянтэжаная такім прыёмам, спыталася Зоя.
— Ой, Зоечка,— уздыхнула Соня,— ты ж бачыш,— паказала яна абедзвума рукамі на стол, завалены кнігамі.— Паслязаўтра залік, а выкладчык у нас такі строгі, такі строгі… На адно пытанне не адкажаш — адпраўляе. А мы яшчэ нічога-нічога не ведаем. Вось сядзім, зубрым, зубрым…
— А я гуляла… Даўно цябе не бачыла… Дай, думаю, зайду, — нібы апраўдвалася Зоя.
— Маладзец, што зайшла,— не вельмі шчыра сказала Соня,— Каб вось не залік…
— А многа ў вас залікаў?
— Ой, не кажы! — узялася рукамі за галаву Соня.— Спачатку залікі, пасля экзамены. Пяць залікаў, пяць экзаменаў.
Барыс кашлянуў. Света сядзела, як на іголках.
— А як твае справы?—відаць, толькі з далікатнасці спыталася Соня.
— Мае — нічога, так сабе,— невыразна адказала Зоя. Не пачне ж яна пры чужых людзях што-небудзь расказваць Соні.— А нашых каго-небудзь бачыла?
— Надзю Біцяй нядаўна бачыла. Ты ж ведаеш, яна на медсястру вучыцца. Колю Сіліцкага неяк спаткала. 3 завода ішоў.
Барыс кашлянуў мацней. Света дэманстрацыйна ўздыхнула. Соня кінула на іх позірк, поўны адчаю.
— Ну, добра,— пачырванела Зоя,— Я бачу, што перашкаджаю вам. Пайду.
Акурат у гэты момант у Барыса з рук выпала кніжка, і Соня нахілілася, каб падняць яе. Можа таму яна нічога не адказала Зоі.
Зоя ўстала, пачала апранацца. Развітваліся з ёю Барыс і Света куды з большай прыязнасцю, чым віталіся і знаёміліся.
«Да Соні няма чаго прыходзіць, пакуль не здасць сесіі,— думала Зоя, ідучы дахаты.— У Надзі таксама, мусіць, якія-небудзь залікі».
Назаўтра вечарам Зоя вырашыла схадзіць да Колі Сіліцкага.
— О! Зойка! — узрадаваўся ён.— Не забываеш старых сяброў, маладзец! А я, ведаеш, апошні час нікога з нашых не бачыў… Але не, хлушу. Соню Шымановіч нядаўна сустракаў.
— Яна мне расказвала.
Коля, відаць, толькі што памыўся. Яго чорныя, гладка прычасаныя валасы, былі вільготныя. На свежай блакітнай кашулі яшчэ былі відаць складкі ад праса. Ён сядзеў за сталом і пілаваў, чысціў пазногці.
— Разумееш,— сур’ёзна растлумачыў ён,— работа шліфоўшчыка такая брудная… Мазут уядаецца ў рукі — ні адскрэбсці іх, ні адмыць, і пад пазногцямі заўсёды чорна. А мне далі ролю Рамэа ў спектаклі. А які ж можа быць Рамэа з бруднымі пазногцямі…
— А, вось што… — усміхнулася Зоя.
— Пачакай,— пільна паглядзеў ён на Зою,— а з цябе атрымалася б цудоўная Джульета! Ты на гадзіннікавым працуеш? Пераходзь да нас, на станкабудаўнічы… Але не, — махнуў ён рукою, успомніўшы, што ў школе Зоя зусім не цікавілася драматычным гуртком.— У цябе няма драматычнага таленту. А каб да тваёй знешнасці ды яшчэ талент, ты б выконвала толькі ролі гераінь.