Выбрать главу

— Ты лепш скажы, як жывеш, як працуеш,— спыталася Зоя.

— Як жыву? Вось сёння ў нас генеральная рэпетыцыя. I каб ты ведала, як здорава атрымліваецца! У нас кіраўнік — артыст з тэатра. Раней мы ставілі «Выбачайце, калі ласка», дык наш спектакль па радыё перадавалі. Можа, слухала?

— Не, не слухала… Ну, а работа? Падабаецца табе?

— Ды работа добрая. Я ўжо даўно самастойна працую. Зарабляіо не менш, чым восемдзесят рублёў у месяц. Толькі вось рукі… А які ж гэта Рамэа, калі ў яго рукі мазут уеўся. А ў нас у гуртку ўсё павінна быць, як у сапраўдным тэатры.

Не, акрамя як пра свой драматычны гурток, ні пра што іншае не мог гаварыць Коля.

Раптам ён глянуў на гадзіннік і пачаў збіраць пілачкі і нажніцы.

— Ой, на генеральную рэпетыцыю пазнюся… Ты выбачай, калі ласка.

— Што ж,— няпэўна сказала Зоя.

— Маладзец, што прыйшла,— свяціўся радасцю Колеў твар.

Але Зоя не ведала, ці сапраўды гэта ёй быў так рады Коля, ці таму, што сёння ў яго генеральная рэпетыцыя і ён будзе іграць Рамэа. Ён махнуў Зоі рукою на развітанне.

— Паслухай! — крыкнуў ужо здалёк.— Прыходзь да нас у клуб глядзець спектакль! У нядзелю яго паказваем! — і пабег, не а’зіраючыся.

16

Зоя прачнулася позна.

У кватэры было ціха, маці, мусіць, пайшла ў магазін, бацька таксама некуды выйшаў. Ніхто не перашкаджаў Зоі ляжаць і думаць. І Зоя думала. Думала, што цяпер ёй вельмі добра. Не трэба ўставаць упоцемку, калі так хочацца спаць, калі самым вялікім шчасцем здаецца паляжаць у ложку яшчэ хвілінку. Не трэба ехаць у перапоўненым тралейбусе, сядзець цэлы дзень сагнуўшыся, сляпіццца над валаскамі ды балансамі.

Зоя думала пра ўсё гэта, каб пераканаць сябе, што яна павінна ляжаць і радавацца. Але проста дзіўна — радасць ніяк не прыходзіла. Наадварот, нейкае непрыемнае пачуццё, падобнае на трывогу, вось ужо каторы дзень з самай раніцы апаноўвае Зою.

Атрымалася неяк так, што Зоя апынулася адна. Усе нейкія занятыя, некуды бягуць, спяшаюцца, і нікому няма ніякай справы да Зоі, нікому яна не патрэбна. Раней ёй здавалася, што ў яе не хапала часу, каб пагуляць, схадзіць да сябровак, каб пачытаць, адпачыць. Цяпер у яе быў час, але яна не ведала, што рабіць, з кім гэты час бавіць.

Яна ўстала, апранула цёплы халацік. У кухні на століку пад сурвэткаю стаяла снеданне, падрыхтаванае Антанінай Іванаўнай — зваранае ўсмятку яйка, катлета. На пліце стаяў гарачы чайнік. Зоя паснедала, закрыла сурвэткаю брудную талерку, кубак. Пачала хадзіць па кватэры, не ведаючы, чым заняцца.

«Трэба іншую работу шукаць,— падумала яна.— Але якую? Што я ўмею рабіць?»

Узяла кніжку, што не так даўно прынёс ёй Жэня. Новы раман Рэмарка. Нядаўна яна прачытала «Трыумфальную арку». Цікава, як жывуць людзі, як кахаюць. Ніякія там не муж і не жонка… Нават і не гавораць, і не пытаюцца пра гэта. Праўду кажа Жэня, што для сапраўднага кахання гэта нічога не значыць.

Зоя села на канапу, укрыла ногі крысом халата, пачала чытаць. кле хутка і чытаць ёй надакучыла.

Прыйшла Антаніна Іванаўна. Паставіла на падлогу сумку з прадуктамі, нават не распранаючыся, села на крэсла, доўга аддыхвалася.

— Паверхі гэтыя зусім адбяруць у мяне здароўе,— паскардзілася яна.— А ты, дачушка, што рабіла?

— Чытала.

— А я табе клубнічкі марожанай прынесла. Кампоцік звару. Ты ж любіш клубнічны кампот, праўда?

Прыйшоў і Міхал Паўлавіч. Толькі распрануўся і адразу за папяросу. А ён жа быў кінуў курыць. У апошні час ён нейкі не такі, як заўсёды. Устрывожаны, заклапочаны. Не так даўно Зоя падгледзела, што ён напісаў аж тры лісты і крадком ад мамы панёс на пошту. Што гэта за лісты такія? Раней жа ў яго ад мамы сакрэтаў, здаецца, не было. Можа, у выдавецтвы лісты? Але чаму крадком ад мамы? На Зою нібы і не злуецца, што работу кінула.

Марудна цягнецца дзень. А Зоя сёння, каб магла, то падагнала б яго. На восем гадзін назначана спатканне з Жэнем. I сёння гэтага спаткання Зоя чакае, як ніколі. Нешта ўжо вельмі сумна было ёй. Яна нават злавіла сябе на адчуванні, нібы зноў сядзіць за канвеерам, трымае ў ляўцыркулі баланс з валаском і яны не такія ўжо і праціўныя. Зоя вельмі здзівілася сама сабе і нават раззлавалася. Яна знарок пачала ўспамінаць, як блыталіся тыя валаскі, як нельга было ўставіць баланс у ляўцыркуль, як балелі ад напружання вочы, ныла спіна. Яна хацела заглушыць ледзь прыкметнае пачуццё жалю, якое заварушылася ў ёй.

«Усё роўна пра тое, каб вярнуцца на завод, і думаць няма чаго. Ніхто мяне назад не возьме»,— сказала яна сама сабе.